Пра птушак

Jul 18, 2010 00:40

Знаёмцеся, вось гэтая прыкольная птушачка - дзіцёнак вялікай марской чайкі.



І гэта яго і ягоных бацькоў я ўвесь час перабываньня ў Баўгарыі, і яшчэ цэлы год да таго па наводцы адной вельмі аўтарытэтнай для мяне асобы, называла бакланамі! Сорам мне і ганьба! Хаця… Калі разважаць цьвяроза, дачка інжынера сельскай гаспадаркі не павінна знацца на розных там бакланах, ці ня так?


У Сазопалі “бакланы” былі нейкія пужаныя. Лёталі над морам, стваралі атмасфэру, але на кантакт з турыстамі ня йшлі. У Бургасе ж яны паводзінамі нагадвалі галубоў, толькі дзякуй Богу, ня стаямі, а паадзінкава. І пераважна ў падлеткавым ўзросьце.

Вось так яны вучацца выпрошваць на пракорм пад уважлівым наглядам бацькоў.



А зносіны с катамі (якіх у Бургасе, што галубоў у Венэцыі), глядзіце, падлеткі павінны высьвятляць самі. Толькі каты асабліва ня імкнуцца іх высьвятляць.



Ну, зусім ня імкнуцца.



Дарослыя істоты менш даверлівыя і больш нахабныя. Галубоў ўжо не нагадваюць. А з арліным гонарам васьсядаюць на якіх-небудзь узвышшах і пільным позіркам аглядаюць навакольле. Можаце мне не паверыць, але я на ўласныя вочы бачыла, як адна такая арлом зьляцела зь ліхтарнага слупа і выхапіла палову гамбургера проста з рук дзяўчыны. Дзяўчына ішла сабе і нават не зьбіралася ні з кім дзяліцца ежай, а тут такое!

Яшчэ яны горда ўлятаюць, бачачы чалавека з фотаапаратам. Таму прыгожай фоткі вялікай марской чайкі ў мяне не атрымалася. І ўсё адно шкада, што яны не называюцца бакланы:)

Тут днямі anka_upala звяла суполку ptushki_by. Хоць у мяне птушкі ня by, а bg, лічыце гэты запіс непраплочанай рэклямай дадзенай суполкі:)

*

post-sozopol, піяр

Previous post Next post
Up