Гэты раман Вольгі Такарчук, будзем спадзявацца, хутка выйдзе па-беларуску асобнай кніжкай, а пакуль апошнія дні адлежваецца ў кампутары перад адпраўкай сувораму і бязьлітаснаму (вельмі спадзяюся:)) рэдактару. Я марыла яго перакласьці з часу першага прачытаньня (1999 г. Уроцлаў). І вось нарэшце зрабіла. А цяпер я не магу дачакацца, калі вы яго пачнеце чытаць, таму буду паціху сюды выкладываць, як не надакучыць. Але ня ўсё выкладываць, толькі асобныя часы. І пакуль рэдактар не сказаў сваё апошняе слова, можна прапаноўваць якія-небудзь удасканаленьні:)
Час Правеку
Правек - гэта месца, якое знаходзіца ў цэнтры сусьвету.
Калі Правек прайсьці хуткім крокам з поўначы на поўдзень, гэта заняло б гадзіну. І гэтаксама з усходу на захад. А калі хто-небудзь захацеў бы абыйсьці Правек кругом, павольным крокам, уважліва і ўдумліва ўва ўсё ўглядаючыся - гэта заняло б цэлы дзень. З ранку да вечара.
Паўночнаю мяжой Правеку зьяўляецца дарога з Ташава да Кельцаў, рухлівая і небясьпечная, бо нараджае неспакой падарожжа. Гэту мяжу ахоўвае анёл Рафаіл.
На поўдні мяжу Правеку вызначае мястэчка Яшкотлі, з касьцёлам, прытулкам для састарэлых і нізкімі будыначкамі вакол гразкай плошчы. Месца гэтае - пагрозьлівае, бо нараджае прагу ўладарыць і быць падуладным. З боку мястэчка Правек бароніць арханёл Гаўрыіл.
З поўдня на поўнач, ад Яшкотляў да кельцкай дарогі, ідзе Гасьцінец і Правек распасьціраецца па абодва яго бакі.
Заходняя мяжа Правеку - гэта надрэчныя заліўныя лугі, трохі лесу і палац. Каля палацу знаходзіцца конезавод, адзін-адзіны конь зь якога каштуе столькі ж, колькі ўвесь Правек. Коні належаць памешчыку, а лугі - пробашчу. Небясьпека заходняй мяжы - западаньне ў пыхлівасьць. Гэтую мяжу сьцеражэ арханёл Міхаіл.
На ўсходзе Правек абмяжоўвае рака Белка, якая адьдзяляе яго землі ад земляў Ташава. Пасьля Белка зварочвае да млына, а мяжа сама бяжыць далей, па выганах, між кустоў алешніку. Небясьпека гэтай мяжы - глупства, якое паходзіць з жаданьня памудрагеліць. Гэтую мяжу вартуе арханёл Урыіл.
У цэнтры Правеку Бог насыпаў гару, на якую кожны год зьлятаюцца хмары хрушчоў. Таму людзі назвалі гэтае ўзвышша Хрушчовай Горкай. Бо справа Бога - ствараць, а справа людзей - называць.
З паўночнага захаду на поўдзень плыве рака Чорная, пад млынам яна зьліваецца з Белкай. Чорная глыбокая і цёмная. Яна цячэ па лесе і адлюстроўвае ягоны зарослы твар. Па Чорнай сплывае сухое лісьце, а ў яе бяздоньнях змагаюцца за жыцьцё няўважлівыя жамярыцы. Чорная прарываецца праз карані дрэваў і падмывае лес. Часам на яе цёмнай паверхні закручваюцца віры, бо гэтая рака здольная быць гняўлівай і неўтаймоўнай. Штогод, позьняй вясной, яна разьліваецца па ксяндзовых лугах і там загарае на сонцы. Яна дазваляе тысячамі множыцца жабам. Ксёндз змагаецца зь ёй усё лета, і штогод, у канцы ліпеня яна літасьціва дазваляе сабе вярнуцца ў сваё ручво.
Белка плыткая і жвавая. Яна бяжыць па шырокім пясчаным рэчышчы і нічога не хавае. Яна празрыстая і чыстая, і ад яе жоўтага дна адбіваецца сонца. Яна нагадвае вялікую бліскучую яшчарку. Свавольна выкручваючыся, яна шмыгае паміж таполяў. Цяжка прадбачыць яе хітрыкі. У адзін год яна можа зрабіць выспу з купы алешынаў, а пасьля на дзесяцігодзьдзі адсунецца далёка ад дрэваў. Пясчана і залаціста пабліскваючы, Белка плыве праз пералескі, паплавы і сенажаці.
Пад млыном рэкі яднаюцца. Спачатку яны плывуць побач, нерашучыя, зьбянтэжаныя жаданай блізкасьцю, а пасьля ўпадаюць адна ў адну і адна ў адной губляюцца. Рака, што выплывае з гэтага тыгля пад млыном, ужо ані Белка, ані Чорная. Але затое гэтая рака магутная і бязь цяжкасьці круціць кола млына, што меле зерне на хлеб.
Правек ляжыць над абедзьвюма рэкамі і над трэцяй, што ствараецца зь іх узаемнай пажадлівасьці. Рака, што цячэ ад млына, пад якім злучаюцца Белка і Чорная, называецца Ракой і плыве далей, спакойная і дасканалая.
*