Дзьмітры Гурневіч.Канцэпцыя новага беларускага Адраджэньня паводле Зянона Пазьняка 05.12.2007
Сёньня выйшла з друку новая кніга Зянона Пазьняка “Развагі. Канцэпцыя новага беларускага Адраджэньня”.
Гэтае выданьне зьяўляецца першай часткай трохтомнага цыклю, астатнія тамы павінны пабачыць сьвет у наступным годзе.Кніга выдадзеная ў цьвёрдай вокладцы, мае больш за 300 старонак, сотні ўнікальных здымкаў і копіяў дакумэнтаў і самвыдатаўскага друку. Артыкулы, якія зьмешчаныя ў выданьні, ахопліваюць пэрыяд ад 1990 да 1996 году, да пачатку эміграцыі старшыні БНФ.
З. Пазьняк: У кнізе сабраныя артыкулы, выступы на тэлебачаньні і ў парлямэнце. У іх адлюстраваная палітыка Народнага Фронту, якая прывяла да незалежнасьці Беларусі. Артыкулы выбраныя канцэптуальна. Другая частка - гэта дадатак у дакумэнтах. Там ёсьць дакумэнты фракцыі БНФ у парлямэнце, рашэньні Соймаў, фотаздымкі, якія могуць быць цікавыя для дасьледчыкаў, як першакрыніца. У другім томе мяркуецца адлюстраваць пэрыяд з 1996 па 2007 гады. У трэцім томе знойдуцца працы, якія пагрунтаваныя на ўспамінах. Там паказаныя жыцьцёвыя падрабязнасьці, якія ў палітычныя артыкулы не ўваходзяць, таму яны будуць мець асаблівую цікавасьць для чытача.У кнізе ўпершыню апублікавана мноства ўнікальных здымкаў і копіяў дакумэнтаў. Якія зь іх найбольш каштоўныя? З. Пазьняк: Ёсьць шмат здымкаў зь дзейнасьці Фронту, якая нават тады не адлюстроўвалася. Гэта, на мой погляд, вельмі цікавыя здымкі з 1991 году, калі мы вярталі незалежнасьць. Шмат здымкаў, якія паказваюць стаўленьне людзей да камунізму. Людзі выходзілі стыхійна, без аніякай арганізацыі, пісалі лёзунгі: “Камуністы - вашае месца ў гробе. Вон зь Беларусі”. Ёсьць некаторыя дакумэнты рашэньняў Вярхоўнага Савету, Менскага гарадзкога савету. Ілюстрацыя гаворыць вельмі шмат для разуменьня эпохі. Адзін здымак можа сказаць значна болей, чым дасьледаваньне.Ці слова канцэпцыя, у гэтым выпадку, мае выключна мінулы час, ці Вы мяркуеце, што ідэі Вашай кнігі актуальныя й цяпер? Мінула, як-ніяк, амаль 20 гадоў з таго часу.З. Пазьняк: Так, таму што людзі, якія будуць чытаць гэтыя “90-я гады”, тыя, хто разьбіраецца, будуць зьдзіўляцца, што быццам бы чытаюць пра сёньняшні дзень. Асноўны сэнс барацьбы не зьмяніўся - трывае барацьба паміж расейскімі імпэрскімі сіламі й беларускім нацыянальным адраджэньнем. Ідзе барацьба нацыі за выжываньне, за незалежнасьць, за мову й нашую культуру. Усё гэтае мае пэўныя правілы й гісторыю. Усё гэта павінна адбывацца па афіцыйных законах. Ёсьць тэарэтычныя рэчы ў змаганьні, якіх нельга пераскочыць. Калі чалавек-змагар ня будзе дзейнічаць адпаведным чынам у барацьбе за свабоду, то ён прайграе. Гэта навука. Тут пададзены сыры матэрыял таго часу. Але падбраны ён так, што з гэтага матэрыялу вынікае канцэпцыя барацьбы. Гэтыя матэрыялы актуальныя сёньня, бо сёньня працягваецца тое самае, але ў другім часе й трошкі ў іншых дэкарацыях, а сутнасьць засталася тая самая.Кніга “Развагі. Канцэпцыя новага беларускага Адраджэньня” была выдадзеная дзякуючы падтрымцы беларусаў з Амэрыкі й Польшчы, а таксама за сродкі самога Зянона Пазьняка.