Ужо як два гады мела намер патрапіць у гэты музей пад адкрытым небам у Наваградку. Нарэшце, даехала.
Стэфа ацэньвае магчымыя сцэнары хуліганства
Рэалізавалі стварэнне дакладных міні-макетаў архітэктурных помнікаў наваградскія школьнікі ў 2018 г. Згодна інфармацыі ў Сеціве, вучні разам з настаўнікамі правялі вялікае краязнаўчае даследванне: вывучалі фатаграфіі, дакументы, каб максімальна перадаць знешні выгляд пабудоваў. Дапамагалі ім ў працы і супрацоўнікі гістарычна-краязнаўчага музея.
Ідэя музея цудоўная. Але, уводзіць у смутак той факт, што копіі былой велічы паўтараюць лёс сваіх арыгіналаў. Большасць макетаў моцна пашкоджаныя і згубілі свой прывабны выгляд.
У любым разе - запрашаю на міні-экскурсію па нашай гістарычнай спадчыне!
Любчанскі замак, XVI - XIX стст.
- Любчанскі замак - жылы замак сям'і Радзівілаў на левым беразе Нёмана ў Любчы каля Наваградка. Замак пачаў сваё жыццё ў 1581 годзе ўмацаванай рэзідэнцыяй Яна Кішкі, магутнага кальвінісцкага магната. Ён меў драўляныя сцены, адзіную мураваную вежу і быў абнесены равамі з трох бакоў, чацвёрты бок быў абаронены ракой.
Іезуіцкі калегіум, г. Наваградак 1714 - 1773 гг.
- У XVII - першай палове XVIII стагоддзяў драўляныя збудаванні калегіума шмат разоў знішчаліся пажарамі. Каля 1754 года пабудаваны мураваны 3-нефавы касцёл, у 1752 - навучальны корпус.
У 1773 годзе калегіум закрыты, у 1815 г. касцёл пераабсталяваны пад ратушу.
Стэфе надта прыглянуўся калегіум. Спрабавала падаць дакументы.
Панарамны здымак на музей "Страчаная спадчына"
Сядзібны дом О'Руркаў, в. Уселюб XIX - XX стст.
- Іосіф О’Рурк пабудаваў ва Уселюбе сядзібу з выглядам на раку Плісу ў другой палове XIX стагоддзя. Яна адпавядала традыцыям позняга класіцызму. З усходняга боку да сядзібы вяла пад’язная алея, з процілеглага - знаходзілася капліца. З паўднёвага боку размяшчаўся парк плошчай каля 10 га, які перасякалі шматлікія прагулачныя алеі і дарожкі.
Апошнім уладаром маёнтка быў Эдвард (1876-1943), сын Міхаіла і Ангеліны Бохвіц. У 1943 годзе НКВД звезла Эдварда ў невядомым кірунку, больш яго ў вёсцы ніхто не бачыў. Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку размясцілася медыцынская ўстанова, якая ў сярэдзіне 1990-х з'ехала.
У 2000-х гадах да усялюбскай мясцовай улады неаднаразова звяртаўся Алег О'Рурк з прапановай перадаць яму на аднаўленне сядзібу.
У 2012 г. сядзібны дом згарэў. З таго часу цікаўнасці да рэшткаў сядзібы няма.
Палац Храптовічаў у Шчорсах XVIII - XIX стст.
- Палацава-паркавы ансамбль у 1770-я гг. заснаваў падканцлер вялікі літоўскі Іахім Літавор Храптовіч. Праект быў заказаны італьянскаму архітэктару Дж. Сака, інтэр'еры выконваў Карла Спампані, будаўнічымі работамі кіраваў Я. Габрыэль. Такім чынам у перыяд 1770-1776 гг. у Шчорсах для Храптовіча працавала адна з самых моцных па творчаму патэнцыялу еўрапейскага ўзроўню архітэктурных каманд у Рэчы Паспалітай.
Падчас Першай сусветнай вайны палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах панёс вялікія страты. Асабліва пацярпеў палац. У час грамадзянскай вайны пры савецкай уладзе ўся маёмасць Храптовічаў была нацыяналізавана, каштоўная калекцыя старажытнасцей і твораў мастацтва вывезена ў Маскву, а архіў - у Пецярбург. Пасля 1920 г. А. Храптовіч-Буцянёў упарадкаваў гаспадарку маёнтка. Ён адрамантаваў для пражывання шматлікай сям'і флігель маёнтка.
Пасля Другой сусветнай вайны маёнтак Шчорсы стаў часткай мясцовага калгаса. Пазней у будынках размешчаны калгасны дзіцячы садок. Асноўныя збудаванні комплексу прыйшлі ў канчатковы заняпад, парк запушчаны і забалочаны.
«Мураванка» былой сядзібы Храптовічаў у Шчорсах 1803 г.
- Гаспадарчы двор другой паловы XIX стагоддзя. На сёняшні дзень захаваліся некалькі вежаў, таксама засталіся руіны дамоў і стайняў.
Я наведвала гэтыя мясціны ў 2019 годзе. Вельмі ўразіў маштаб пабудоваў. Маё ўяўленне тады адразу стала выпрацоўваць магчымасці аднаўлення. Мясціны навокал там багатыя на дастапрыкметнасці. Калі сам комплекс адрэстаўраваць пад гасцінны двор, то верагодна - гэтае мейсца магло б зажыць наноў. У Новай гадзеце ёсць
артыкул дзе гаворыцца аб тым, што адкрыты дабрачынны фонд «Шчорсы і Храптовічы» і пэўныя працы па аднаўленні і захаванні вядуцца.
Ганжлёвыя рады 1812 г.
Сядзібны дом Карповічаў в. Чамброва XVII ст. - 1942 г.
- Сядзіба Чамброва знаходзілася паміж вёскамі Валеўка і Радагошча. Першымі вядомымі ўладальнікамі Чамброва былі Курчы герба Радван. У ХVІІІ стагоддзі гэты маёнтак належаў сям’і Узлоўскіх, а ў пачатку ХІХ стагоддзя быў набыты навагрудскім адвакатам Карповічам.
Адразу пасля набыцця Чамброва адвакат Карповіч на ўзгорку пабудаваў драўляны дом у класічным стылі. Гэта быў невялікі дзевяцівосевы прамавугольны будынак на падмуроўцы. Да дома з боку заезду прылягаў порцік з чатырма калонамі, размешчанымі парамі. Пад порцікам была ўсталявана тэраса. Будынак быў пакрыты высокім гладкім дахам з гонты. Каля ўваходу ў дом у цэнтры столі быў выразаны з дрэва голуб, які сімвалізаваў Святога Духа.
Пасля маёнтак належаў яго сыну Юліяну, які быў жанаты на Караліне з роду Булгакаў, а апошнім уладальнікам быў унук Кароль, жанаты на Марыі Паплаўскай. Чамброва знаходзілася ва ўласнасці роду Карповічаў больш за сто гадоў.
Сядзібны дом Карповічаў в. Чамброва XVII ст. - 1943 г.
Наваградская ратуша XVII-XIX
- Мяркуюць, што ў 1654 годзе пад ратушу прыстасаваны будынак камяніцы на рынку. Падчас пажару 1751 ён пашкоджаны, пазней адноўлены: на рагу будынка пабудавана 2-ярусная вежа, завершаная купалам і флюгерам. У 1818 годзе Навагрудская ратуша значна рэканструявана: зменены агульная планіроўка, аконныя і дзвярныя праёмы, на ўзроўні 2-га паверха галоўнага фасада, арыентаванага на плошчу, зроблена галерэя (апіралася на 4 калоны). Ратуша набыла рысы класіцызму: рустоўка на вуглах будынка і на гранях вежы 1-га паверха, нішы на 2-м паверсе. У такім выглядзе яна існавала да пажару 1862 года, калі была моцна пашкоджана і больш не аднаўлялася.
Каля 1900 года на месцы Навагрудскай ратушы ўзведзены будынак магістрата (верагодна, былі выкарыстаныя фундаменты і часткі муру ратушы). У Вялікую Айчынную вайну будынак цалкам разбураны.
Набліжаны здымак макету наваградскай ратушы.
Сядзіба-паркавы ансамбль Брахоцкіх в. Вераскава XIX ст.
- У першай палове ХІХ ст. уладальнікамі маёнтка былі Дыбоўскія. Пасля заключэння шлюбу паміж Геленай Дыбоўскай і Уладзіславам Брахоцкім маёнтак стаў належаць Брахоцкім.
Двор у Вераскаве быў пабудаваны ў сяр. ХІХ ст. і ўключаў у сябе палац, цэнтральная частка якога была мураваная, а прылеглыя пабудовы - драўляныя. Пасля перабудовы з правага боку дома з’явілася трох’ярусная вежа. На вышэйшай вежы быў вывешаны штандар з гербам уладальнікаў Вераскава. Дарогі, штов ялі ў двор, былі абсаджаны таполямі. Навокал жа былі ліпавыя, бярозавыя і грабавыя алеі. Перад домам былі клумбы, за домам - парк і сад, а ў аранжарэі вырошчвалі персікі, абрыкосы, лімоны, апельсіны. Дом быў абсаджаны кустарнікамі, а алея з таполяў вяла да капліцы, дзе знаходзіўся сямейны склеп з пахаваннямі.
У 1896 г. маёнтак перайшоў да пляменніка Уладзіслава Томаша Брахоцкага, які актыўна пачаў займацца гаспадаркай і хутка вывеў яе на высокі ўзровень. Яшчэ да Першай сусветнай вайны ён у сваіх уладаннях арганізаваў бясплатныя польскія школы, адчыніў вінакурню і пілараму. Пасля смерці Уладзіслава Томашама ён так перайшоў да яго сына Станіслава Брахоцкага, які быў апошнім уладальнікам Вераскава да пачатку Другой сусветнай вайны.
Сядзіба-паркавы ансамбль Брахоцкіх в. Вераскава XIX ст.
Сядзіба-паркавы ансамбль Брахоцкіх в. Вераскава XIX ст.
Сядзіба-паркавы ансамбль Брахоцкіх в. Вераскава XIX ст.
Для гістарычнага апісання будынкаў выкарыстоўвала інфармацыю з
Вікіпедыі і тэксты
Новай газеты.
Пачынала я гэты блог вандроўным. Спадзяюся, надыйшоў час аднавіць вандроўную актыўнасць. Маю шмат адзнятых архіваў з падарожжаў па Беларусі. Буду намагацца іх выкладаць.