Як пачыналася гісторыя Стэфы

Dec 15, 2020 19:33


Вельмі доўгі час мяне тут не было. У маім жыцці адбыліся важныя падзеі. І, я падумала, што было б добра дзесьці іх занатоўваць і дзяліцца досведам. У мяне нарадзілася дачушка Стэфанія. Ніжэй паспрабую апісаць прыгоды яе з'яўлення (:

Ітак.

Стэфанія не спяшалася з'яўляцца на свет у нестабільнай палітычнай сітуацыі, якая цягнецца апошніх 26 гадоў. А асабліва жорсткай гэтая сітуацыя стала пасля выбараў 9 жніўня. Так вось, па ўзі дзяўчынка вінна была нарадзіцца 3 лістапада. З заміраннем сэрца я пражыла гэты дзень. А пасля і кожны дзень да родаў.



Нараджаць падчас каронавіруса - яшчэ тая радасць. А ў суме з беларускім сервісам - "радасць" гэтая расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Па прапісцы я вінна была нараджаць у 5-й радзільні. Але мы сям'ёй вырашылі, што лепей у абласной радзільні. Таму, загаддзя была заключаная дамова на платныя паслугі і мы пачалі чакалі моманту.

З момантам у нашым выпадку ўсё атрымалася не па сцэнару, бо 3-га Стэфа не нарадзілася. Да ўсёй весялосці гэтай гісторыі - доктара гінеколага ў Сокале няма. Напачатку цяжарнасці мне яшчэ давялося квэст прайсці, каб патрапіць да доктара. Тое, асабная і непрыемная гісторыя. Але, я такі з другой спробы патрапіла да адэкватнай доктаркі Кручынскай Антаніны Мікалаеўны. Хадзіла да яе назірацца ў 3-ю. Акурат тады на Грушаўцы месцілася, то гэта было вельмі зручна. Праўда, мая любімая доктар сыйшла з 3-й на маім 7-м месяцы. Па факту я была без назірання астатні час. Чыста ездзіла ў Сокал здаваць аналізы і запісваць сардэчка Стэфы. Калі 3-га лістапада я не нарадзіла і пачакаўшы тыдзень (на апошні узі сказалі, што роды могуць пачацца на тыдзень пазней ад вызначанай даты) 9-га лістапада прыйшла на прыём да сакалянскай акушэркі - у яе здарылася гістэрыка. Яна мяне накіравала ў 3-ю, каб я там знайшла хоць якога доктара і каб той мне сказаў, што рабіць. У 3-й усё таксама цікава! Там кавід і дактары хварэюць! Але мне пашэнсіла і дзяжурыла загадчыцца аддзяленнем. Яна паглядзела маю картачку, прыкінула туды-сюды і сказала, што я магу пахадзіць яшчэ тыдзень. Калі роды не пачнуцца, то ехаць самой у бальніцу. Яна папярэдзіла, што за 5 дзён я вінна буду здаць тэст на кавід.

Ад гэтага часу роды майглі пачацца ў любы момант. Папярэдне, у абласной сказалі, што калі ехаць нараджаць па хуткай, то тэст на кавід мне зробяць на мейсцы. Мне параілі ўдакладніць яшчэ разок ці так гэта працуе. І, што вы думаеце?! Усё змянілася, але ніхто і не думаў мяне папярэдзіць, што тэст у мяне вінен быць на руках ужо ў хуткай. Інакш павязуць нараджаць у кавіднае аддзяленне. Далей было шмат нерваў і пошукаў магчымасцяў зрабіць тэст. Мне пашэнсіла, бо маю дзяўчат, якія працуюць непасрэдна з тэстамі і яны мне дапамаглі. А так, на той мамант ужо была забарона рабіць у Сінэва. Па хуткай я не паехала. Паехала сваім ходам у абласную. Тэст дзейнічаў цягам 5-ці дзён, таму акурат хапіла.

У абласной давялося пахадзіць крыху ад корпуса да корпуса, пасля пачакаць 1,5 гадзіны на агляд, каб мне далі накірунак і дазвол у прыёмны пакой (бо той накірунак, які мне выдалі ў 3-й для іх не дзейсны). У выніку мяне накіравалі ў паталогію. Туды я патрапіла пасля 14 гадзінаў. То бок прапусціўшы абед. І на мяне не замаўлялі вячэру. Як жа я радавалася, што на страхоўку папярэдне набыла сабе пачак падушачак з шакаладным начыннем. Яны мяне выратавалі. Бо, я натуральна, ехала з пакетам на роды. Яго раілі рабіць максімальна лёгкім - толькі самае неабходнае. Перадачы мажліва было атрымоўліваць да 8 вечару, таму мой А падвёз мне харчоў крыханца :)

У мяне аднойчы быў досвед паляжаць у бальніцы, падаецца тое была 7-я кляса. Я дагэтуль памятаю, што ледзь перажыла тое затачэнне. З таго часу нічога не змянілася. Ежа там жахлівая. Пры гэтым з табой робяць розныя маніпуляцыі. У мяне адбыўся дэбют з кропільніцай. Першая прайшла ок. Ад другой мне стала блага. І яе адмянілі - о радасць! Сабралі з мяне аналізы, паназапісвалі КТГ, схадзіла я на узі (тут у мяне вялікае пытанне) - у выніку доктар прапанавала стымуляваць роды.

Я радавалася з двух прычынаў: хутка сустрэнуся са Стэфай і гэта набліжала маю выпіску. У пятнцу 20 лістпада, а 8 гадзіне мне ўвялі першую порцыю геля. Яна неяк не шыбка падзейнічала. У 14 гадізн мне ўвялі другую порцыю геля. Вось гэтая порыцыя пачала дзейнічаць, амаль адразу пачало цягнуць ніз жывата. Мяне садізілі пасля першай порцыі пісаць КТГ, каб пабачыць пярэймы. І пасля другога. Тут дзіўна, што медсястра не пабычыла, што ў мяне ўжо яны былі радавымі. У 18 гадзінаў з капейкамі мяне адправілі ў палату чакаць пярэймы з інтэрвалам у 5-7 хв., хаця ў мяне ўжо на момант КТГ інтэрвал быў меншы. І я яго агучыла медсястры. Але, відаць ёй было не да мяне. Адправіла мяне ў палату. І там я недзе да 19 пратусіла ўжо з радавымі пярэймамі. На шчасце ў мяне адыйшла пробка. І я пайшла на пост паведаміць. Там была яшчэ адня медсястра. Калі яна пачула, што ў мяне інтэрвал ужо 2-3 хв. між пярэймамі - то мігам мяне адправіла на клізму, пасля на агляд да дзяжурнага доктара. Пасля я сабрала свае рэчы і чакала на калідоры адпраўкі на вышэйшы паверх. Тут ужо ўсё было як у тумане. Штучнае выкліканне родаў дае ў значнай ступені больш балючыя пярэмы.

На трэцім паверсе мне трэба было спачатку прадыктаваць розныя дадзеныя, даць дазвол на прышчэпкі для Стэфы. Пасля мяне паклалі ў перадрадавы пакой. Запісалі КТГ. Усесь гэты час да мяне прыходзілі хвалі болю з перыядычнасцю 2-3 хв. Пасля мяне адправілі ў душ. Па маіх падліках я там правяла ў раёне 3-х гадзінаў. Мне падавалася, што пра мяне забыліся. Было вельмі балюча. Між пярэмамі я вінна была стаяць. Калі іх хвалі падыходілі, стаяць не магла - сядала на адмысловы фатэль. Вельмі хацелася спаць і адчувалася дзікая стома. У мяне быў страх - адкуль узяць моцы каб нарадзіць.

Пасля мне трэба было пахадзіць уздоўж карыдора. Далей мяне запрасілі забрацца на фатэль для агляду. Пад час агляду лопнуў каляплодны пузыр. Мяне зноўку адправілі ў перадрадавую палату. Падключылі да КТГ і на будучыню падрыхтавалі катэтар у вену. Праз час да мяне падыйшла доктар і папрасіла мяне пачаць тужыцца на хвалях пярэймаў. На трэцяй хвалі ў мяне атрымалася патужыцца, каб паказалася галоўка Стэфы. Мне дапамаглі падняцца і павялі ў радавую палату. Там акурат на першай хвалі пярэймаў я залазіла на радзільны фатэль. А на другой хвалі, трымя патугамі нарадзіла Стэфу.

Мяне чакаў сюрпрыз. Раней я пісала пра узі і пытанне. Так вось, доктар якая рабіла мне узі цалкам ігнорыла мае пытанні. Пасля апошняга узі я ведала, што ў Стэфы ёсць адно абвіццё пупавінай. І мяне цікавіла гэтае пытанне. Па факту Стэфа нарадзілася з трайной абмоткай. Выглядала гэта жудасна. Праз такую абмотачку і я пацярпела. Акушэрка якая прымала роды - падзякавала за аператыўнасць. Па-шчырасці, я вось у гэтым пытанні не разбіраюся. Але выглядае на тое, што мяне вінны былі адпраўляць на кесарава. Бо была пагроза для Стэфы. А калі б я не здолела так хутка яе нарадзіць? Пытанне адкрытае.

Цяперака, калі пішу гэты тэкст, прайшло шмат часу. Нешта ўжо прыёцёрлася ў памяці. Ясна памятаю, што  самымі балючымі былі пярэймы. Самі роды мне не падаліся балючымі. Можа адрэналін, мо што іншае. Самае непрыемнае пасля родаў - 1,5 гадзіны зашывання па жывому. Пасля мне зрабілі агульны наркоз - і прыйшла ў свядомасць я лежачы на каталцы ў карыдоры. Сітуацыя нагадвала кадр з якой стужкі жахаў. Хаця, страшна не было. Хутчэй дзіўна.

На 24 дзень пасля родаў у мяне атрымалася такі данабраць гэты тэкс. Шмат уражанняў было і ў перыяд пострадавой прыстунасці ў радзільні. Але гэта, можа атрымаецца ў наступным пасце апісаць. Ітак лонгрыд адтрымаўся :)
Previous post Next post
Up