Нешта, пакрысе, мой дзённік пачынае нагадваць кулінарныя зацемкі. Але асабліва падзяліцца няма чым, апроч таго, што ў гэтым годзе паспела адкрыць лыжны сезон, і нават на сноўборд упершыню ў жыцці ўстала (і праз паў гадзіны ўпэўненна штурмавала заснежаныя горкі-пагоркі))) Перад гэтым быў распачаты сезон катання на пятай кропцы з горак, які я распачала больш "паспяхова" - адзначыўшы тую самую кропку смачным сінячком. Пасля вагалася, ці варта спакушацца на сноўборд, бо была начутая, што першае частка цела якая пакутвае - тое попа. Але мне пашчасціла, і на яе я не падала. Мяне чамусь хіліна наперад, напачатку майго знаёмства з дошкай. А вось да коўзанкі, у мяне былі спробы дабрацца, я нават выехала ў горад з канькамі за плячыма. Але, у той дзень зоркі былі супраць маёй сустрэчы з ледзяным пакрыццём.
Нейшта я адыйшла ад адзначанай тэмы загалоўку.
Ітак, у нас зіма, і ўтульныя вечары з какавай ды гарбатай - па густу (: Ці яшчэ чым. І я вырашыла ўчора спекчы лімоннік, рацэпт якога засвоіла яшчэ (ужо ў далёкім) 2014 годзе.
Рэцэпт, насамрэч, дужа просты. Адзінае, што пірог можа не ўсім спадабацца, бо яго разынка - кіслінка. Прынамсі, менавіта з-за яе яго і гатую, бо ўвогуле я аматар усяго шакаладнага, а гэта яшчэ адно белае выключэнне з майго бясконцашакаладнага шэрагу.
Склад:
- пачак смятанкавага масла (200гр);
- стакан цукру;
- 2 яйкі;
- 2 сталовыя лыжкі смятаны;
- 2 чайныя лыжкі разрыхліцеля;
- мукі 2,5 - 3, 5 стаканы;
нычынка:
- 3-4 лімоны;
- 2 лыжкі крахмалу;
- 2-3 лыжкі цукру
Пачку масла пераціраем са стаканам цукра. Дадаем 2 яйкі і 2 ст. л. смятаны. Пасля дасыпаем 2 ч. л. разрыхліцеля і ўсё добранька перамешваем. Што тычыцца мукі - цэ залежна ад вадкасці цеста - трэба цеста давесці да кансыстэнцыі лепкі, і каб ад сценак адствала (у мяне гэтым разам мукі амаль 4 стаканы сышло). Далей цеста дзелім на 2 часткі. Адну расцілаем па форме з борцікамі і можна паставіць ў лядоўню, другую ў пакет і ў маразілку (мінімум на 30 хв. каб цеста паспела замёрзнуць).
Мыем і сушым лімоны. (Па маім крыху горкім вопыце - лімоны лепей пакаштаваць, каб не патрапіўся горкі.) Далей разразаем і ў блендар (я на кубікі рэжу). можна спачатку на буйную цёрку сцерці цэдру, а пасля парэзаць мякаць. У блэндар дасыпаем цукар і крахмал. Блэндарым. У форму выліваем салодка-кісленькую смакату. Дастаем замарожанае цеста, і яго на цёрачку над паверхней формы з кісляцінкай цярэм.
Калі ўсё будзе гатова, бугрыстую прыгажосць трэба паставіць у духоўку разагрэтую да 200 градусаў на 25-30 хв. у электрадухоўку, хв. 40 у газавай.
І, можна частавацца самім, ці частаваць кагосьці, напрыклад суседа. Ці выпадковага мінака (;