Пра культуры і некропалі

Jul 11, 2018 23:40

Сам сабе беларус = сам сабе вораг = сам сабе Гільём Бастард = сам сабе Іван Жахлівы і ўся залатая арда да купы. Перастаеш нават асуджаць тых палякаў, якія за спінаю (бо трошку гжэчныя), альбо літоўцаў, каторыя папросту ў лоб, могуць заявіць: “Што ж яшчэ ад вас хацець, 25 год краіна без культуры?”Хаця не, усё адно яны нягоднікі, праўда? У нас жа ёсць культура! бабовых і паслёнавых!! Што чамусці не замінае некаторым нашым суграмадзянам забегчы ў адпачынку на які Père Lachaise і трохі пабіцца ў экстатычных фрыкцыях на прадмет “ах якое хараство, ах які парк-некропаль, не тое, што ў нас”.

Ладна, знішчалі помнікі героям паўстанняў, бо здарыўся аксюмарон - нехта Цар назваўся Вялікім князем. Дабраўпарадкавалі, так бы мовіць, ландшафт у не бунтарскім стылі. Ладна, развальвалі панска-эксплуататарскія надмагіллі - бо чырвоная смуга зацягнула вочы: добраўпарадкавалі ў рабоча-сялянскім стылі. Акупацыя такая акупацыя. Але што за супервірус, што за доўгаграючы штамм гэтыя госці пакінулі за сабою, што мы так паслухмяна прадукуем анціцелы да сваёй культуры? Чаму сёння ў Беларусі, якая належыць беларусам, мы працягваем знішчаць надмагіллі сваіх суайчыннікаў, замест таго, каб падтрымліваць іх існаванне. І, на хвіліначку, называем гэта дабраўпарадкаваннем. У стылі бязлікай шэрай масы с квадратна-гнездавым метадам пахавання. Сімвалічнасць новых артэфактаў бясспрэчная: выражэнне быцця культуры ў знакавай форме - done!
Немцы даўно і перманентна выдзяляюць стродкі на дагляд і падтрыманне ў добрым стане магіл сваіх колішніх забітых і пахаваных тут, у нас, сваіх суайчыннікаў. Мінулым летам габрэі распачалі праект па добраўпарадкаванні многіх габрэйскіх могілкаў на тэрыторыі Беларусі. Палякі старанна ўпарадкуюць магілы ўсіх “багатыроў” польска-савецкай вайны1919-1920 гг. І гэта тут, у іншай дзяржаве. Таму што ў сваіх гаспадарствах у іх і так усё ў парадку з некропалямі. Нават літоўцы, добра падумаўшы, падтрымліваюць у добрым стане Бернардынскія могілкі ў Вільні, негледзячы на тое, што пахаванняў асобаў з прозвішчамі, якія сканчваюцца на -іс, на тых вялікіх могілках ёсць добра калі чатыры штукі. І не мяняюць “ветхие надгробия” на шэрыя кубікі, чамусці рамантуюць тыя, што ёсць. Нарэшце, можна паіранізаваць, але напрыклад, у Таганрогу расейцы ўзяліся талакой аднаўляць папсаваныя надгробкі на Старых могілках, матывуючы гэта ў першую чаргу дэкларацыяй, што “последние события в Украине и на Северном Кавказе ярко демонстрируют нам необходимость формирования у молодежи исторического видения, … ,осознанной патриотической позиции и пр.». Ну а мы, беларусы, мірныя людзі, нам на любыя могілкі на тэрыторыі Беларусі талерантна начхаць! Ах не, пардоньце, мы ж таксама выдзяляем сродкі на добраўпарадкаванне. Камбінат спецпаслугаў робіць тое, што робіць за нашыя ж грошы.
Жабрацтва, страшэннае жабрацтва ў галаве. Капіталізм расправіў плечы і бадзёра пашыбаваў у бок інтарэсаў соцыюму - гэта ўсё там, у іх, у буржуяў, а тут пануе шчыры першабытны базар: хто паспеў, той і з’еў. Гешэфт спецкамбінату такі: чым больш трэба наваяць новых надмагілляў - тым больш грошаў заробяць іх вытворцы, а не нейкія там рэстаўратары металу ці каменю. У любым выпадку, першым ці другім, працы будуць весціся за грошы дзяржавы, значыць, падаткаплацельшчыкаў. То бок нас з вамі. І трэба разумець, што ў выпадку рэстаўрацыі гэта будуць большыя грошы. Жабракі мусяць абіраць што патанней. А што выберам мы? Гэта быў жарт, у нас жа з вамі пытацца ніхто не стане, даражэнькія. Заплаці падаткі і ператварайся ў бязлікую шэрую масу спакойна!
Вы ведаеце, што ў Мінску ёсць старыя могілкі Крупцы, заснаваныя ў 1867 годзе? Вы былі там? На гэтым пагорку, парослым цяністымі высокімі дрэвамі, яшчэ нядаўна было вельмі прыгожа. Сёння можна ўжо і не ехаць, гарадскі спецкамбінат зрабіў сваю справу. І працягвае сёння на Вайсковых могілках.


Менскія могілкі Крупцы, фота з onliner.by

З гарадскім спецкамбінатам усё зразумела. Гешэфт відавочны: валяць па-хуткаму, пакуль лета не скончылася. Без праекта ад Мінскпраекта, без атрымання Дазволу ад Мінкульта, чыста за ідэю! Ідэю Рэальнай Нажывы, якая сціпла прыкрылася эўфемізмам добраўпарадкаванне. Мяне ж уразіла пазіцыя аўтараў праекта. Так, гэта толькі канцэпцыя, але на хвіліначку, менавіта з гэтай канцэпцыі будзе развіты потым праект. І калі ў канцэпцыі прадпісана “На месте безымянных и могил без родственников предусмотрен демонтаж ветхих надгробий и установка небольших гранитных надгробий одного образца”, и няма НІВОДНАЙ згадкі пра магчымасць аднаўлення, рамонта і рэстаўрацыі гэтых “ветхих надгробий”, то чаму ў праекце можа быць раптам напісана іначай? Напісанае ў канцэпцыі фактычна легітымізавала дзеянні спецкамбінату (не па законе, канешне, але маральна) і адначасова разбіла мне сэрца, бо я шчыра люблю і паважаю беларускіх праектыроўшчыкаў, і таму вельмі не хачу, каб яны надалей дэманстравалі неразуменне адказнасці за нацыянальныя каштоўнасці. Ну як можна было такое напісаць, гэта нядбайнасць ці прымус? Спадзяюся, ў праекце, які неўзабаве з’явіцца, нарэшце будзе прапісана выключнасць выпадку замены і абсалютны прыярытэт рэстаўрацыі існуючых помнікаў. Як гэта прынята на гісторыка-культурных каштоўнасцях у цывілізаваным свеце, часткаю якога мы, хочацца верыць, з’яўляемся.

* Гешефт (истор.) - коммерческое дело, основанное на спекуляции низшего разбора или на обмане; отсюда «гешефтмахерство», неблаговидная спекуляция.

Менск, фазэлэнд, трэш

Previous post
Up