Дзесці пад гасцінным ценем былых езуіцкіх муроў смаленскі філолаг К., дарэчы галантны, як мала хто з маіх знаёмых, пасярод гутарак пра Пропа ды Ластоўскага неяк між іншым адзначыў, што ў апошні час на Смаленшчыне ўздзеянне беларускай мовы на расейскую значна зменшылася. І тут мы хорам з гарадзенскім філолагам Н. адказалі, што не, там проста павялічылася уздзеянне расейскай мовы на беларускую. Узрадаваная такой падтрымкай я таксама адчула сябе не толькі сабой, але і філолагам, і нават троху лепш, бо інтарэсы звычайна маюць некаторую перавагу перад адукацыяй, канешне калі глядзець з пазіцый непацертасці, нязмушанасці і жывой любові без панскага прыгнёту. Дарэчы гэтае патройнае ўражанне: сябе як сябе, сябе як іншага, забытага ці незнаёмага, і сябе як таго, хто іх пераўзыйшоў, не пакідала мяне ў Полацку ні на хвілю. Таму пакуль некаторыя гаруюць, што гэтым летам так цяжка будзе ехаць у Крым, бо дзесці на подступах азвярэлыя бэндэраўцы паляць свае печкі не дарагой газай, а бясплатнымі праваслаўнымі турыстамі, я ціха радуюся, што Іван Тыран аднойчы даўно-даўно быў выпханы ў каршэнь з места і ваколіцаў да сваіх шасці жонак і тысячы дзевак. Бо менавіта Полацк нечакана апынуўся горадам-курортам маёй душы, ін’екцыяй спакою і ўсцешнасці. Прытым бяз нудоты, якая звычайна наведвала мяне напрыклад на пляжах, куды я ўрэшце перастала зазіраць па прычыне відавочнага несупадзення нашых энергій.
А пачалося ўсё з таго дзіўнага факту, што я вырашыла сесці на цягнік, які прыбываў у 5:24 раніцы. І пажыць троху на вакзале. Аж да дзевятай гадзіны. Ранейшая я папрасіла б мяне літасціва застрэліць, але не прымушаць прачынацца а пятай. Але стаўшы на шлях пераўзыходжання сябе і тых задорных жаўранкаў, якія дабраахвотна (гэта далібог, паранойя) ўстаюць а сёмай нават у нядзелю, паварочваць назад не было куды. І ў выніку атрымаўся самы доўгі і самы файны дзень у маім жыцці за бягучы год.
Уласна калі мы падыходзілі да Сафіі, я пачала меркаваць, што страціла слых. Потым гэтая ілюзія прайшла, але да таго моманту ўжо высветлілася, што калі слых адступае, зрок абвастраецца і трансфармуецца ў іншыя рэцэптары, невядомыя навуцы. Карацей не ведаю, як гэта адбылся, але цішыню, якая агарнула наваколле мабыць яшчэ здаўна, я не пачула, а ўбачыла, пакратала, перажыла. Увайшла ў яе панаванне. Удыхнула і пакінула троху сабе. Празрыстая цішыня, у якой ад зямлі, дрэваў, хваляў, далёкіх будынкаў, хмараў, камянёў, барочных валютаў, і канешне людзей, сыходзіла непаўторнае, ледзь заўважнае ззянне, як метафара належнасці моманту, персаніфікацыя спакою. Так, нібыта ты глядзіш на імгненнае фота, потым яшчэ на адно, яшчэ, і так да бясконцасці. І тым самым кожная секунда набывае сваю падкрэсленую, самастойную важкасць і ролю ў гісторыі чалавецтва. Кожная секунда, кожны новы ўдых, лёгкі рух хранометра, светлы пылок ляціць над старымі рэчамі, танчыць у паветры і ападае, зрастаючыся з матэрыяй быцця. Сатканая з чагосці на першы погляд нябачнага, яна хавае яго ад тых, чый позірк непадрыхтаваны, чые вушы запоўненыя назалелым гулам гарадоў, экранаў, рупараў абноўленага дня. І гэта менавіта яна распасцерла за далягляд свой бясконцы шырокі сувой - Дзвіну, і побач меншы - Палату, ад якой Полацк. Як Менка ад якой Менск, як Вілія ад якой Вільня, як Нярыс, ад якой Вільнюс бярэ і страчвае сваё саламеевае алібі.
Галоўнае, што дагэтуль часам я прымружваю вочы і ўзгадваю цішу і сонца Полацка, гэткая эфектыўная гамеапатыя для нерваў. Памятаю, як з бязгучнага, блакітна-шэрага і, само-сабой, крывіцкага неба на мяне вельмі сур’ёзна паглядзела абсалютнае сонца. Такога сонца я ніколі не бачыла ў Менску. О не, я вельмі люблю сталіцу, але яе сонца для мяне, як і ўсё астатняе там, ад нараджэння ёсць паўсядзённасцю, і вымяраецца гэтак жа: па-рознаму, але ўсё адно звыкла. А вось напрыклад сонца Гомелю я зусім не палюбіла, з першай жа сустрэчы. Яно такое абпальваючае, такое бесцырымонна-калючае, нібыта створанае для людзей з напэўна куды таўсцейшай за маю скурай. Шчыра кажучы, калі б не працоўныя патрэбы, наўрадці я б дабраахвотна наведвала Гомель у цёплую пару года. Сонца Полацку было зусім асаблівым, па-макіявелеўску ўладарным і спакойным. Гэдыкае сонечнае сузіранне “Ага, дык вось ты дзе, зразумела” - канстатацыя і нагадванне адначасна. Пад такім позіркам адчуваеш, як спадае шлейф небыцця ў цябе за спінаю, як ты праступаеш ў жыццё спярша контурна, а потым усё больш выразна. І хочацца ўстаць (нават калі і так стаіш) і ісці (нават калі і раней ішоў), і праявіцца ўрэшце цалкам. Пераўзыйсці.
І ніколі не знікнуць.