Закапанскі стыль

Jul 30, 2010 17:52



Сёлета пасярод сталічнага летняга пекла мне часта прыгадваецца казачна чароўны закапанскі край, які падаецца, назаўжды будзе пазбаўлены высотак са шкла і бетону, так і застанецца ідэальна дапасаваным да прыроднага атачэння. Цікава, што ўзнік ён як рэалізацыя ідэі пра стварэнне адметнага нацыянальнага стылю ў Польскай архітэктуры напрыканцы XIX стагоддзя. А здзейснена гэта было фактычна адным чалавекам: Станіславам Віткевічам, мастацкім крытыкам, пісьменнікам, жывапісцам і нарэшце архітэктарам. Нарадзіўся ён у Літве ў в 1851-м годзе ў сям’і палымяных польскіх патрыётаў, якія актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх нацыянальных паўстаннях. Пасля падзеяў 1863-1864 гг. усю сям’ю саслалі ў Сібір, у Томск, да 1869 году. Па вяртанні дадому Станіслаў вучыўся ў Пецярбурзе ў Акадэміі мастацтваў на факультэце жывапісу, потым у Варшаве і Мюнхене.
У 1886-м Станісаў Віткевіч прыязджае ў Закапанэ, дзе яго захапляе народнае дойлідства Падгалля. На ягоным грунце, узбагачаным традыцыйным мастацтвам Заходняй Сібіры і Літвы, і нарадзілася канцэпцыя стылю, які спалучаў прынцыпы гарадзскога будаўніцтва з фальклорнымі рэгіянальнымі матывамі. У шырэйшым разуменні закапанскім стылем сталі зваць усе праявы пранікнення гуральскай культуры ў агульнанародную, не толькі ў будаўніцтве і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, але тэж у літаратуры і музыцы.
Паколькі стыль быў прызнаны нацыянальнай плынню ў мастацтве, то ў патрыятычных парывах будынкі па праектах Віткевіча, а потым яго наступнікаў, ставілі не толькі ў Падгаллі, але і ў Цэнтральнай Польшчы, на Сілезіі, ў Літве, Беларусі (як напрыклад у прыўкрасным горадзе Браславе), нават у Амерыцы.


Мадэль стылю распаўсюдзілася вельмі шырока, і бадай, выкарыстоўваецца ў той ці іншай трансфармацыі і дагэтуль. Нажаль пры тым нярэдка губляецца важны першасны элемент: "упісанасць" у пейзаж і дапасаванне да прыродна-кліматычных умоваў горнай мясцовасці, якое падчас будаўніцтва на іншых тэрыторыях проста бяздумна капіюецца, хоць часта зусім і не патрэбнае.



Найноўшыя вілы відавочна запасавалі б самому Гаўдзі)))



Від з вакна нашага гатэлю. І ні куды папала, а проста на плябань! Ну і на горы само сабою.



Вуліца крывых ліхтароў і сімпатычных скамеек.



Першаю пабудоваю ў закапанскай манеры стала віла “Каліба”, дзе сёння размешчаны музей гэтага стылю. Найперш канешне музей інтэр’ера - цалкам мэбляваныя пакоі жылога дома: сталовая, салон, спальня, кухня, габінет, пакоі служкаў, прасторная лоджыя і г.д. Першапачаткова «каліба” - гэта кшталт шалаша пастуха. Узводзіцца на высакагорных выпасах.
Пакоі вілы "Коліба":



Над ложкам і на ім- аўтэнтычныя гуральскія дываны. На стале - абрус у стылі артдэко.



Упрыгожванню столі ў закапанскім стылі надаецца вялікая ўвага. Атрымліваецца, як на мой густ, вельмі сімпатычна:



Працоўны стол Віткевіча. Люстэрка са свастыкаю ў верхняй частцы.


Салярныя сімвалы, як па змове, прыйшлі з усіх трох галоўных крыніцаў стылю: гуральскай, заходнесібірскай і літоўскай традыцый. Натуральна, што тутэйшае шырокае выкарыстанне свастык у аздобе не мела ніякага дачынення да нацыянал-сацыялізму. Затое прадстаўнікі апошняга падчас акупацыі польскіх земляў падчас Другой Сусветнай праявілі вялікую прыязнасць да гуральскага краю, і нават паспрабавалі зрабіць тут, у салярнанасычаным выраі, буйны цэнтр - раскручвалася канцэпцыя Гораленвольку - горскага сепаратызму, аднак праект быў правалены.

Макет яшчэ аднога прыўкраснага твору Віткевіча «Дома пад ялінамі» - гэта гістарычны рарытэт, зроблены ў 1899-м годзе для Сусветнай выставы ў Парыжы 1900-га году.



“Дом пад Ялінамі” - захаваўся ў сваім першаствораным выглядзе. Увесь гэты час ён непарыўна знаходзіўся ў прыватнай уласнасці адной і той жа сям'і:








Дарэчы раз у год на цэлы летні тыдзень закапанскія вілы-помнікі, якія фактычна ўсе з'яўляюцца жылымі сядзібамі, адчыняюць свае дзверы для вольнага ўваходу. Цікава, што негледзячы на імклівае развіццё дасягненняў цывілізацыі, закапанцы ахвяруюць зручнасцю побыту дзеля захавання гістарычных інтэр'ераў. Прынамсі пабытовую тэхніку вельмі добра хаваюць з поля зроку.

Капліца Сэрца Езуса на гары Яшчурувка адна з самых прыгожых у Польшчы. Яна ўзведзеная ў пачатку стагоддзя па праекце Віткевіча.



Фрагмент драўлянага аздаблення інтэр'еру капліцы



На могілках. Тры каралі



Задуменны Пан



Стары знаёмец.


Невялікая каменная капліца Гонсеніцув - гэта самы стары ў краі, захаваны да сёння, храм. Трэба заўважыць, што да XIX ст. польскія Татры ня мелі ніводнага хрысціянскага культавага збудавання.



Праз эфект антрапалагічнага падабенства ў народнай свядомасці фармуецца дадатнае стаўленне да рэлігіі. Дарэчы аўтар гэтых абразоў - жанчына.



Могілкі «На Пенксовым Бжизку» ў Закапанэ былі заснаваныя каля 1880-га. Тут пахаваныя выбітныя прадстаўнікі польскай культуры, створаны своеасаблівы народны пантэон. У аздобе на першы план вылучаюцца народныя матывы, элементы дачыненыя да старых Татраў.


Сучасныя пліты, старое падгальскае жалеза і гучок літоўскіх драўляных капліцаў.



Крыж Станіслава Віткевіча. Звярніце ўвагу, на сімвал унізе. Не ну нейкі ён фошыст быў, што ўжо тут апраўдвацца)))





Пасля Другой Сусветнай сфармавалася вельмі цікавае адгалінаванне соцрэалізму ў архітэктуры - “новазакапанскі” стыль.


І можна сказаць, што насамрэч Закапанэ - гэта, напэўна, адзіны ў гісторыі выпадак, калі соцрэалізм прынёс дзівосны творчы плён. Здарылася гэта толькі таму, што ў аснову яго не легла штосці, прынесенае звонку, а засталося роднае мастацтва Падгалля. Але пра яго іншым разам.




мастацтва, вандраваньні, гісторыя, архітэктура, Польшча

Previous post Next post
Up