tomorrow as it exists today

Mar 10, 2008 21:08

Нядаўна я глядзеў па Discovery Civilization дакументальны фільм пра D-Day. Фільм быў у рамках серыі World War II In Colour - арыгінальныя каляровыя здымкі Другой Сусветнай. Гэтую серыю недзе з два гады таму я сцягнуў з нэту і паглядзеў. Тады найбольшы шок я атрымаў менавіта ад колеру - тое, пра што заўсёды думалася ў чорна-белым, раптам апынулася каляровым і настолькі блізкім, што быццам бы знятым учора на ўласным падворку. Пасля прагляду некалькі тыдняў я часта прачынаўся ад кулі ў сэрца.

На гэты раз найбольш уразілі мяне не палітыя дзесяткамі тысячаў літраў чалавечай крыві пляжы Нармандыі, а твары - сапраўдныя твары гэтых людзей за некалькі гадзін да пачатку D-Day. Вось амерыканскіх салдатаў вязуць з іхніх казармаў, якія знаходзіліся ў некалькіх мілях ад Лондану, праз гэты самы Лондан у порт. Наўкола - жыццё вялікага прыфрантавога горада - людзі прадаюць, купляюць, нават часам смяюцца. А твары амерыканцаў, на якія раптам пераходзіць камера, належаць ужо да іншай рэчаіснасці - бязлітаснай рэчаіснасці бясконцага нармандзкага пляжу, дзе выжыве максімум кожны трэці. І ніхто з іх - ужо ведаючы - ня мае права сказаць пра гэта ані слова тым, што наўкола прадаюць, купляюць і смяюцца.

Калі глядзіш такія дакументальныя сцэны, даведваешся аб чалавецтве больш, чым за некалькі гадоў уласнага жыцця. Але й пачынаеш разумець самога сябе нашмат больш. Магчыма тое, што чакае нас на Беларусі цягам некалькіх бліжэйшых месяцаў - песымісты сказалі б - гадоў - нейкім чынам нагадвае D-Day. Але мы ўсё роўна едзем у лонданскі порт. І мы даедзем. Фашызм у канчатковым разрахунку прайграе вайну.

asitis

Previous post Next post
Up