Сучбелліт і "А ногі ў Рыжкова...уууу"

Aug 26, 2009 19:59

Была я ўчора на вечарыне суполкі "Сучбелліт". Арганізатары, калі хто ня ведае, - Ася Паплаўская і Алесь Мазнік.
Чаму я туды пайшла? Бо мне стала тупа цікава, што ж там такога адбываецца, што ўсё пішуць і пішуць пра гэта. Пішуць Ася Паплаўская і Алесь Мазанік.
Што я магу сказаць. Я не зусім зразумела, навошта гэтыя сустрэчы праходзяць. З аднаго боку каб прыцягнуць увагу да сучаснай літаратуры, але асабіста я выйграла тры графаманскія кніжкі. Яно мне трэба было ведаць гэтых "аўтараў"?
Для мяне навіною стала, што Рагнед Малахоўскі насамрэч Рагнед. Але от я на яго гляджу і думаю, што трэнерам па боксу ў Панкаўца ён можа быць, але каб вершы пісаць... Дый яшчэ пра каханьне... Какоето графаманства...
Другі таварыш з-пад Чавусаў ня надта мужчынскім голасам чытаў верш пра нейкую бітву пад Магілёвам на рытм лалулалулалулам
лалулалалалам
лалулалулалулам
лалулалалалам. Не пакаціла, ессно.
Трэці выступоўца  так от грозна ўстаў, пачаў нешта чытаць, як маніфест, але мы з Настай Маякоўскага даўно прайшлі і нейкія пародыі на яго нам падаліся нецікавымі.
Там яшчэ была такая жанчына, якая па адукацыі настаўніца беларускай і ангельскай моў, нават дысертацыю піша, але от такая далёкая ад моўнай сітуацыі ў краіне, што аж бррррр. Затое ў яе двое сыноў ёсьць. І яна іх гадуе. Спакойна і добра грала на гітары гэта жанчына. Песьню-малітву мужу. Мужчынам, думаю, асабліва спадабалася. Бо гэта яны толькі пішуць, што хай сабе беларускі выходзяць замуж за замежнікаў, маўляў, тое толькі бл@дзі робяць. Насамрэч кожнаму хочацца ўвагі. І каб яму от так сьпявалі. Ну, а прыярытэты і характарыстыкі кожны па сабе расстаўляе: каму жанчыны цікавыя, а хто ўсё пра бл@дзяў піша. Каго як выхавалі, каму як пашанцавала.
На сустрэчу завітаў падарожнік Славамір Адамовіч. Даруйце, што я дублюю тое, чым вас ужо, магчыма, дасталі, але от я асабліва не заўважыла, каб усе там так радаваліся яго прыходу. Ну прыйшоў і добра. Сядай, слухай.
Ён таксама прачытаў верш. Верш сканчваўся словамі кшталту "мы будзем кахацца ўсю ноч, а на раніцу нашыя целы знойдуць яшчэ гарачымі". Сумнавата.
Я на гэтай вечарыне зразумела некалькі важных рэчаў.
Першае. Мае рацыю адна выкладчыца, якая кажа, што "нармальныя людзі чытаюць прозу".
Па-другое. Усе гэтыя вершы пра каханьне для мяне былі актуальнымі, калі я пакутавала ў 16-17 год па футбалісту Дзіме. А цяпер ён мне нафіг не патрэбны. Цяпер я шчасьлівая і сама ўсё ведаю пра каханьне, І думкі і адчуваньні мае ў мільёны разоў мацнейшыя за тыя, што пішуць розныя аўтары. Таму што мне дастаткова проста кахаць і адчуваць. А не пісаць і чытаць пра гэта радочкі.
Трэцяе. З усіх паэтаў, прынамсі тых, хто ўчора выступаў, мне спадабалася творчасьць Рыжкова. Напэўна таму што ў яго зусім няма клясычнай рыфмы. Амаль проза:) Таму што ён так саматужна раве:) і выкрыквае свае вершы. І таму што мне стала цікава, як гэта ў яго мазгі завернутыя, што ён так думае... Амаль Земфіра:) па тэкстах. І што самае парадаксальнае, вось ён выступае, а ў мяне ў галаве словы адной выкладчыцы наконт календара аголеных літаратараў: "А ногі ў Рыжкова...уууу" І я гляджу на Рыжкова, узгадваю гэты календар... І ніфіга ня помню, якія ў яго там ногі...:)
Ну і чацьвёртае. На сустрэчы ўзгадвалі Лабадзенку. Думаю, таму што Ася Паплаўская і Алесь Мазанік нядаўна зь ім пазнаёміліся на лецішчы. Узгадвалі як скандальна вядомага журналіста. Халера, а чым ён наскандаліў калі? Штосьці  я ня помню. Дык калі ён насамрэч "скандальны", ды яшчэ "вядомы", чаго яго не запрасілі... А то Рыжкоў адзін за ўсіх аддуваўся.
Ну-ну-ну і... пятае. Сядзелі на гэтай вечарыне ўсе паасобку. Па сваіх групках. За асобна ўзятымі столікамі. Ні табе камунікацыі, ні новых знаёмстваў.  Хоць бы на каманды якія дзялілі і літаратурную спартакіяду забамбілі. І тое весялей.
А! Сёмае. Было б няправільна (ці правільна?) не ўзгадаць пра арганізатараў і вядучых. Ну што запомнілася. Тое, што Алесь сказаў "Да, мы сволачы..." (ага, вырываю з кантэксту:). І яшчэ адна, ужо нявырваная фраза Алеся. "Часам шкада, што Глеб Лабадзенка не дзяўчына. Не, сур'ёзна! Бо бываюць такія сітуацыі... Але што было, то было" Што гэта было ніхто не зразумеў, але рагаталі гучна:) Агулам досыць харызматычны і вясёлы Мазанік. Упэўнена так вёў праграму. Ася выступала меньш, але ўсьміхалася за абодвух.

сустрэчы, навакольле, літаратура, журналістыка

Previous post Next post
Up