Як я пісала ў "Мінсктранс", і тры чалавекі засталіся без прэміі

Oct 19, 2011 15:25

Апошнім часам я вяду непрымярымую барацьбу з бюракратамі і русіфікацыяй. Ну, гэта моцна сказана, але пры любой нагодзе я пішу чыноўнікам, што яны недастаткова сочаць за выкананнямі асноўных палажэнняў Канстытуцыі і ідэалогіі беларускай дзяржавы - пра захаванне і папулярызацыю беларускай мовы.
Пабудавалі новы вакзал "Цэнтральны". Мне ён нават эстэтычна не падабаецца, але можа яшчэ дабудуюць і будзе цукерка, а можа і не - у любым выпадку гэта справа густу. Што мяне абурыла - выключная рускамоўнасьць. Ні беларускай, ні англійскай (або іншай замежнай) моваў няма. Нагадаю, што вакзал знаходзіцца ў сталіцы Рэспублікі Беларусь. Вакзал - міжнародны.
Вырашыла я напісаць пра гэта спадару Папянку - гендырэктару "Мінсктранса".
Ліст адправіла месяц таму. Адказу няма.
Тэлефаную сёння ў канцэлярыю з пытаннем, што здарылася, чаму не адказваюць. Нагадаю, што па законе ім даецца 15 дзён.
 - Ваш зварот запатрабаваў дадатковага разбіральніцтва, таму мы адправілі адказ 13 кастрычніка.
 - Чаму вы не папярэдзілі, што зварот запатрабаваў дадатковага разбіральніцтва і таму адказ прыйдзе пазней?
 - Мы не павінны рабіць гэта па законе.
 - Ладна, але мне і за 13 кастрычніка нічога не даходзіла.
 - Нічога не ведаем, запішыце нумар ліста, паштовае аддзяленне №1.
Тэлефаную ў паштовае аддзяленне №1. Яны мне кажуць, што адправілі ліст 13-га, але высвятляецца, што зусім іншай арганізацыі і зусім па іншым адрасе.
Тэлефаную ізноў у "Мінсктранс". Тлумачу сітуацыю.
 - Пачакайце, зараз злучу вас з чалавекам, які займаецца адказамі на звароты фізасобаў.
Тлумачу гэтаму чалавеку паўторна сітуацыю.
 - Пачакайце, зараз злучу вас з чалавекам, які адказвае за карэспандэнцыю.
(Вы ўжо палічылі, колькі там дармаедаў сядзіць?)
Трэці чалавек мяне выслухаў і высвятлілася, што пры афармленні адказа дапусціў памылку. За гэта яму пагражае пазбаўленне прэміі.
У паштовым аддзяленні №1 таксама адбылася памылка, таму ліст перанакіравалі значна пазней - аператару за гэта пагражае пазбаўленне прэміі.
Канцавы пункт - маё мясцовае паштовае аддзяленне. Ліст туды такі даходзіў, хоць і са спазненнямі. Але наша паштальёнка нам яго не данесла. Ну, кажа, што прыносіла, але насамрэч ні ліста, ні паведамлення - прыдзіце-забярыце на пошце - няма.
 - Не можэт быць, каб яна не прыносіла, - пераконваея мяне начальніца. - Я толькі што званіла ёй, яна плакала і казала, што прыносіла, а вас не было дома.
(У такіх сітуацыях усе плачуць, незалежна ад таго, ці плачуць насамрэч, - гэта такая абарона, каб іх пашкадавалі і не пазбаўлялі прэміі).
Але справа ў тым, што я на 100% ведаю, што я дома была, таму паштальёнцы таксама пагражае пазбаўленне прэміі.
Карацей, што адказаў "Мінсктранс" я пакуль не ведаю, але беларускую бюракратычную сістэму ў выглядзе "Адно акно" ўбачыла ў самым росквіце. І гэта яшчэ мой ліст не перанакіроўвалі ў падначаленыя арганізацыі... І гэта я яшчэ не пісала скаргі на "Мінсктранс" і не была на прыёме ў спадара Папянка.

эРБэ, эмоцыі

Previous post Next post
Up