...Кожны дзень, кожны час, Беларусь!

Jan 01, 2014 12:37


Рэканструктары праспявалі песні беларускіх нацыяналістаў часоў 2-ой сусветнай.

Цяпер кожны можа праслухаць аўдыязапісы і развучыць мелодыі. Дзякуючы праекту «Беларус на варце» з'явілася магчымасць звярнуцца да спадчыны, якая дагэтуль «спала» ў выглядзе тэкстаў і нотных запісаў. Пласт патрыятычных спеваў 40-х гадоў ― каштоўны досвед у справе будаўніцтва нацыі.


Originally posted by kryczny_horn at ...Кожны дзень, кожны час, Беларусь!



Вітаем з другой часткай рэканструяваных песень беларускіх нацыяналістаў. Абяцанае намі «неўзабаве» расцягнулася амаль на паўтара гады, але, на шчасце, не на вечнасць. У гэтай частцы прысутнічае яшчэ адна песня СБМ, а таксама песні, напісаныя для беларускіх антысавецкіх узброеных утварэнняў. У савецка-сацыялістычнай і ліберал-дэмакратычнай ― адным словам, левай ― прапагандзе апошнія прынята называць «калабаранцкімі», «здрадніцкімі».

Можна па-рознаму ставіцца да беларускіх антысавецкіх сілаў ваеннага часу, але немагчыма ігнараваць саму з'яву і ейную масавасць. У 1944-ым годзе колькасць беларусаў у шэрагах мясцовай паліцыі, паліцэйскіх батальёнаў, службы аховы чыгункі і іншых падобных утварэнняў складала 70-80 тысяч чалавек. Сюды ж можна дадаць больш за 20 тысяч байцоў і афіцэраў Беларускай краёвай абароны. Для супастаўлення: поўная колькасць супрацоўнікаў органаў ўнутраных спраў за лукашэнкаўскім часам ― 80-90 тысяч; войска ― каля 60 тысяч.

За кожным з гэтых тысяч стаялі сем'і і родзічы, пэўная сацыяльная база. Як найменш, усе гэтыя людзі не ўважалі «Совецкую радзіму» за Радзіму, а «соціалістычнае шчасце» за шчасце; як найбольш ― былі свядомымі беларусамі-патрыётамі.

Для нас жа сёння галоўнае ў іншым, яно ляжыць у музычна-ідэйнай плашчыні. Песні СБМ, беларускай паліцыі, БКА ― гэта значная частка нашага агульнага досведу народабудаўніцтва.

Гэтак, варта адзначыць, што затрымка ў выпуску прапанаваных запісаў не ў апошнюю чаргу звязана з нашым жаданнем дасягнуць больш высокага ўзроўню выканання ― жаданнем, якое сутыкнулася з завялікай тэхнічнай складанасцю гэтых песень. Яны патрабуюць значна лепшай музычнай падрыхтоўкі і большых магчымасцяў голасу ў параўнанні, напрыклад, з народнымі салдацкімі песнямі. Адпаведна, нягледзячы нават на добрую запамінальнасць напеваў, яны патэнцыйна цяжэй паддаюцца вуснаму распаўсюду.

Непазбежная ва ўмовах вайны нястача часу і чалавечых сілаў для распрацоўкі ідэйнага складніка твораў вылілася дзе-нідзе ў летуценны, занадта адарваны ад рэчаіснасці змест тэкстаў. Таксама, нягледзячы на заўважнае старанне аўтараў пазбегнуць рэакцыйнасці думак, у асобныя тэксты прабраліся даволі дакладныя вобразы знешняга ворага.

Але нават калі беларускі нацыяналізм і ня здолеў на той час стварыць ва ўсіх адносінах удалых узораў патрыятычнай песні, то, прынамсі, напрацаваў гэтай творчасцю каштоўны досвед, ад якога можна надалей адштурхоўвацца. Як і любы досвед, гэта можна параўнаць з уручную насыпанай гарой або збудаванай высокай хатай, якія дазваляюць узняцца вышэй ад зямлі і азірнуцца на вялікую адлегласць.

Звяртаем увагу на тое, што прапанаваныя запісы ― гэта хутчэй метадычны матэрыял, чым творы для праслухоўвання і насалоджвання. Мы не прафесійныя спевакі, таму прыярытэтнай задачай было правільнае ўзнаўленне нотаў і рытму, але не артыстычнае выкананне. Амаль у кожнай песні два галасы, і яны ў завялікай паводле эстэтычных мерак ступені разведзены па двух каналах, каб слухачы маглі пры жаданні, кіруючы балансам прайгравання, пачуць іх паасобку і развучыць.

1) "Развітанне"
Словы У. Лойкі, музыка М. Іванова

Адна з песень Саюза беларускай моладзі.


2) "Чутны гоман"
Словы невядомага аўтара, музыка М. Шчаглова

Адна з трох песень 1-га беларускага штурмовага звязу ― дыверсійнага злучэння, сабранага нямецкім камандаваннем з добраахвотнікаў сярод польскіх ваеннапалонных беларускага паходжання. Звяз удзельнічаў у баявых дзеяннях на Беларусі ў 1941-ым годзе, пасля быў далучаны да менскай паліцыі.


3) "Беларускаму шуцману"
Словы П. Якуцэвіча, музыка М. Іванова

Песня з часопіса «Беларус на варце», прызначанага для беларускіх паліцыянтаў. У адным месцы куплета мы наўмысна нязначна змянілі раскладку словаў у параўнанні з гістарычнай, каб вымаўленне больш адпавядала жывой мове.


4) "У гушчарах"
Словы Н. Арсенневай, музыка М. Шчаглова

Песня, якая публікавалася ў часопісах «Беларус на варце» і «Жыве Беларусь» (пячатным органе СБМ). Запісаны намі варыянт адрозніваецца ад шырока вядомага на сёння «юнацкага» некаторымі словамі тэксту і нотамі мелодыі, а таксама адсутнасцю аднаго з куплетаў.


5) "Беларусь перадусім" (гімн СБМ)
Словы і музыка А. Стэповіча

Другі варыянт нашага выканання галоўнай песні Саюза беларускай моладзі.


Першая частка запісаў знаходзіцца тут.

Мы гатовыя прадаставіць усім жадаючым ноты, табулатуры і тэксты гэтых і іншых песень беларускіх нацыяналістаў. Тэксты запісаных песень таксама прыведзеныя ў ID3-тэгах mp3-файлаў у полі "Comment".

Нашыя спробы знайсці ноты «Марша БКА», змешчаныя ў «Зборніку песняў беларускага жаўнера» (выданне Згуртавання беларуска-амерыканскіх ветэранаў, Саўт-Рывер, 1975), застаюцца безвыніковымі ў тым ліку з-за нядзейснасці вядомых нам кантактаў адпаведных дзеячаў эміграцыі або нежадання гэтых дзеячаў супрацоўнічаць.



Калі хтосьці з чытачоў мае ў сваім распараджэнні штосьці з наступнага спісу, то просім падзяліцца з намі:
1) ноты астатніх дзвюх песень 1-га беларускага штурмовага звязу;
2) ноты «Марша БКА» і, магчыма, іншых песень БКА;
3) поўны тэкст песні «Устань, народзе» (словы В. Аганька, музыка М. Равенскага), які публікаваўся ў 8-ым нумары часопіса «Жыве Беларусь»;
4) поўны «Юнацкі спеўнік» у любым выглядзе.

З пытаннямі і прапановамі звяртайцеся, калі ласка, на скрыню b-n-v@wp.pl.

сябры, сьпевы, гісторыя

Up