Трохі думак пра Берасьцейскую крэпасьць. Дакладней, пра тое, што, як некалі мы ў ГА «Стары горад» пачалі сьцьвярджаць і распавядаць, «Брест - не только крепость, а крепость - не только іюнь 1941-го».
Перыядычна хтосьці агучвае думкі, што будынкі ў крэпасьці нічога ня вартыя і няма чаго іх ахоўваць, там адно чужая гісторыя, і для нас, берсьцейцаў і беларусаў збудаваная на месцы зьнішчанага сярэднявенага гораду расейская крэпасьць - гэта сымбаль акупацыі, яе добра было б некалі зусім зьнесьці і адбудваць стары Берасьце.
А давайце сапраўды паразважаем, што мы можам убачыць у той крэпасьці вартага ўвагі для ўласнай беларускай гістарычнай памяці, акрамя абароны крэпасьці савецкімі салдатамі ў канцы чэрвеня 1941-га. Прапаную выказаць зацікаўленым свае думкі і меркаваньні.
Я асабіста лічу, што Берасьцейсая крэпасьць - ужо таксама помнік і месца НАШАЙ гісторыі. Сапраўды, многія гэтыя падзеі мелі трагічны характар.
Фартэцыя ў Берасьці - даволі ўнікальны сёньня па еўрапейскіх мерках помнік фартыфікацыйнага будаўніцтва. Гэта фартэцыя, якая ніколі не выканала свайго непасрэднага вайсковага прызначэньня.
У крэпасьці, у Берасьцейскім Аляксандраўскім кадэцкім корпусе, што разьмясьцілі ў перабудаваным бернардынскім кляштары, у 1840-ыя вучыўся Апалінар Гараўскі - беларускі мастак-пейзажыст, а таксама трошкі пазьней тут дзярзіў расейскаму цару юны Яраслаў Дамброўскі - адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гг. і затым генерал Парыжскай, ізвініця, камуны. 😉
Там, у крэпасьці, былі ўвязьненыя паўстанцы 1863 г., пазьней - нязломныя ў сваёй веры ўніяты з Падляшша. Там служыў і збудаваў як інжынер адно з фартыфікацыйных збудаваньняў (парахавы склеп) Рафал Каліноўскі - пазьней адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 г., затым манах-кармяліт, а сёньня блаславёны Каталіцкай Царквы.
Крэпасьць зьвязана пэўным чынам і з гісторыяй БНР. Менавіта як рэакцыя на Берасьцейскі мір 1918 г. (падпісаны ў "Белым палацы" ў крэпасьці), куды не дапусьцілі ў якасьці асобнай дэлегацыі прадстаўнікоў Рады БНР Аляксандра Цьвікевіча, Сымона Рак-Міхайлоўскага і Івана Сераду (змаглі патрапіць толькі як дарадцы дэлегацыі УНР) і дзе не былі ўлічаныя інтарэсы Беларусі, стала абвяшчэньне поўнай незалежнасьці БНР ад Расеі 25 сакавіка.
У верасьні 1939-га тут гераічна змагаліся супраць нямецкіх нацыстаў шматлікія мясцовыя шэраговыя беларусы і ўкраінцы, што адзначалі самыя польскія афіцэры. І гэта найперш іх, пахаваных у безымянных магілах на Гарнізонных могілках, мы найперш павінны ўшаноўваць у крэпасьці, бо ўжо ў 1941-м у крэпасьці ваявалі і гінулі пераважна немясцовыя.
Тут, у Брыгіцкай турме былі ўвязьнены тысячы жаўнераў польскага войска (сярод якіх было нямала ўраджэнцаў Зах. Беларусі), і адсюль для іх пачынаўся трагічны шлях у Катынь.
Тут, у крэпасьці ў камеры сьмяротнікаў 22 чэрвеня 1941 г. сядзелі будучы кардынал Казімер Сьвёнтак і беларускі дзяяч часоў БНР, першы перакладчык Бібліі на беларускую мову Лукаш Дзекуць-Малей.
Думаю, і гэта далёка ня ўсё. Проста крэпасьць павінна напаўняцца новымі сэнсамі, акцэнтамі, ня толькі чужой, але і сваёй гісторыяй. Ці ня так? :)