У Нью-Ёрку Сьвятлана Алексіевіч сваім ня вельмі карэктным адказам на зададзенае ёй пытаньне пра антысемітызм у вайну справакавала на бурныя дыскусіі ня толькі беларусаў, але і нашых суседзяў - палякаў, украінцаў, літоўцаў. Польскі МЗС нават выдаў цэлую заяву з гэтае нагоды.
Але ва ўсіх гэтых бурных дыскусіях мне падаецца найбольш каштоўным і важным узьнятая ёю вельмі важная маральна-этычная тэма, над якой мы звычайна зусім не задумваемся, нават вернікі. Гэта тэма адказнасьці чалавека і ўсяго народу за ганебныя ўчынкі нашых уласных продкаў ці асобных прадстаўнікоў нашай нацыі. Тэма няпростая і далікатная. І тут, мне здаецца, важны сам факт рэфлексіі, роздуму над гэтым.
За грахі нашых продкаў у апошнюю вайну сучасныя беларусы павінны (?..) каяцца, прасіць прабачэньня ці не павінны? А ў чым тыя грахі і правіны і ці правіны гэта, калі ЎСЕ ТАК РАБІЛІ або па-просту МАЎЧАЛІ? Некаторыя ніякіх правінаў у беларускага народу ў вайну нават і зусім ня бачаць - маўляў, мы былі толькі няшчаснымі ахвярамі. Напэўна, гэтыя людзі ў нечым правы: калі няма разуменьня за нешта віны, адчуваньня сораму за нейкія дзеі, няправільна і крывадушна за гэта проста так прасіць прабачэньня. Гэта пустыя словы. Пакаяньне і просьба аб прабачэньні павінны быць канкрэтным. І тут, напэўна, не віна тых беларусаў, якія бачаць наш народ у тую страшную вайну выключна «белым і пушыстым», няшчаснай ахвярай, тут больш віна ідэалагізаванай гістарычнай навукі, якая ў цэлым дагэтуль не дазваляе аб’ектыўна, без прыўкрас і замоўчваньня, глянуць на трагедыю чалавецтва ў 1939-1945 гг. Іншая справа, калі нехта ведае пра ганебныя ўчынкі прадстаўнікоў беларускага народу ў вайну, але ня лічаць патрэбным за іх каяцца, маўляў усе так рабілі, час быў такі. Так, было трохі адшчапенцаў, але гэта ня мы...
Адзін беларускі пісьменьнік напісаў, што яго бабуля выратавала ў вайну габрэйскага хлопчыка, дык за што і чаму ён павінен сёньня каяцца, у яго асабіста зусім няма пачуцьця віны за сваіх продкаў. І тут цікавае пытаньнечка да нас, беларусаў: а хто ёсьць тая беларуская нацыя? Ці ўваходзяць у гэтае паняцьце беларускія калабаранты або савецкія партызаны ці толькі наш беларускі цьвет і гонар?..
У Юбілей 2000-га году Папа Ян Павел II (вызнаны сёньня шжо сьвятым!) ад імя Каталіцкай Царквы прасіў прабачэньня за мінулыя грахі і правіны сыноў і дачок Каталіцкай Царквы. Ці прынізіў сябе ад гэтага акту пакаяньня Ян Павел II, Каталіцкая Царква? Як па мне -- дык гэты акт пакаяньня толькі выклікаў больш павагі да яго асабіста і больш даверу да самой Царквы.
Зусім нядаўна, 3 чэрвеня 2016 году, уся Каталіцкая Царква ў Беларусі згодна з пастановай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі малілася і прасіла прабачэньня за грахі нашых продкаў. Сучасныя вернікі прасілі прабачэньня «за зьнявагу сьвятыняў, духоўных асобаў, за грахі вернікаў і ўсялякае зло нашага народу».
Я асабіста мяркую так. Калі мы лічым, што:
- была такая зьява як беларускі нацыянал-сацыялізм,
- калі ў нас выходзіла калабаранцкая беларуская прэса, насычаная антысеміцкімі выказваньнямі ды праслаўленьнем Гітлера і «непераможнай нямецкай арміі-вызваліцельніцы»,
- сапраўды былі беларускія калабаранты-ахоўнікі і паліцаі-рабаўнікі ды самадуры,
- было зьвядзеньне рахункаў з палякамі рукамі нацыстаў,
- былі праявы антысемітызму ў кіраўніцтве партызанскіх атрадаў і маўклівая згода на гэта шэраговых беларусаў... -
І ГЭТА ЎСЁ НАША, частка НАШАЙ гісторыі, то чаму б за ўсё гэта не папрасіць прабачэньня? Ці гэта зрабіць сорамна, наш беларускі гонар няшчаснай нацыі-ахвяры пацерпіць?
Як па мне, дык ад нас ня ўбудзе і сябе мы зусім не прынізім гэтым.
Гэта як у аўтобусе, калі вы кагосьці штурхнулі або на нагу наступілі (па сваёй неасьцярожнасьці або іншых), вы, як культурны чалавек, папросіце прабачэньня ў бліжняга. А хам або чалавек ганарысты зробіць выгляд, што нічога не адбылося. А наколькі ўжо мы вінаватыя - гэта як раз іншыя ацэняць.
P. S.: Як па мне, то польскі МЗС і некаторыя іхнія арганізацыі сваёй зусім непатрэбай хваравітай рэакцыяй на словы С. Алексіевіч пра антысемітызм па сутнасьці прынізілі ды ў нечым паставілі пад сумнеў усе тыя сапраўды вялікія намаганьні польскіх інтэлектуалаў і Каталіцкай Царквы ў Польшчы разам з Янам Паўлам II у справе польска-габрэйскага прымірэньня і па ўшанаваньні памяці польскіх габрэяў.
Заўважу, падобная зусім непатрэбная рэакцыя ў польскага МЗС ужо ня першая - была ня так даўно яшчэ і на зусім бяскрыўдны, вельмі гуманістычны і антываенны нямецкі 3-серыйны фільм «Нашыя маці, нашыя бацькі / Наші матері, наші отцы». Выглядае, што тэма прыхаванага антысемітызму ўсё яшчэ жыве ў польскім грамадзтве, калі адна згадка пра яе ў МІНУЛЫМ выклікае такую нэрвовую рэакцыю.
P.P.S: Вось, стужка навінаў выдала сёньня і нам, беларусам, непрыемны душок антысемітызму ў нашым сучасным грамадзтве: нейкія маральныя ўроды залілі жоўтай фарбай скульптуры на мемарыяле «Яма» ў Менску, які прысьвечаны ахвярам Галакосту... Дык ці такое ўжо здаровае нашае беларускае грамадзтва? Ці вам сорамна за такое? Мне - асабіста сорамна, хоць ні я, ні, упэўнены, мае знаёмыя, такога ня зробяць. Сорамна, бо гэта адбываецца ў МАЁЙ краіне.
А яшчэ мне сормна за нашыя берасьцейскія ўлады, якія не палічылі патрэбным захаваць цікавую забудову кварталу ў былой калоніі Варбурга, дзе жылі габрэі, не далі там пабудаваць сінагогу і габрэйскі цэнтар, а адвялі месца пад... гіпермаркет. Да таго ж ужо шмат гадоў ніяк ня могуць знайсьці сродкаў (не такіх ужо і вялікіх!), каб там жа, на месцы зьнішчаных ІМІ ЖА, уладмі, у савецкія часы габрэйскіх могілак, зрабіць з старых надмагільных плітаў-мацэваў невялікі мемарыял у памяць пра некалі вялікую габрэйскую супольнасьць Берасьця. Можа, гэта і не антысемітызм, а проста жмоцтва. Але мне сорамна... А вам?
Дарэчы, як раз днямі 75-ыя ўгодкі трагічнай падзеі ў гісторыі Берасьця і яе габрэйскай суольнасьці: 12-15 ліпеня 1941 году нямецкі 307 паліцэйскі батальён зьнішчыў на фартах за горадам каля 4000 габрэйскіх мужчынаў Берасьця і каля 400 савецкіх і партработнікаў. Ці шмат людзей у нас сёньня пра гэта ведае і памятае?