(no subject)

Apr 12, 2023 20:25


Калісці даўно, гэтая пляцоўка давала мне магчымасць разважаць і асэнсоўваць сябе і людзей вакол. Зараз зноў паўстала неабходнасць паразважаць быццам бы ўслых, быццам бы моўчкі.
Рэчаіснасць такая, што зараз я ў Варшаве. Не ў падарожжы, не ў гасцях, а дома. Ці даўно гэта мой дом? - Не. Ці на доўга гэта мой дом? - Ня ведаю. Ці ёсць розніца дзе мой дом? - Падаецца, што няма.
Калісці даўно, я лічыла, што «маю права» па месцу нараджэння. Былі розныя падзеі: 06-ый, 10-ый, 11-ый, 20-ый - і кожны раз я адчувала гэтае «я маю права» але насталі тыя часы, калі ў тым месцы дзе я нарадзілася я перастала адчуваць, што маю хоць якое-небудь права. Нават думаць хоць крышку ўслых стала немагчыма. Раней можна было абстрагавацца ад тых, хто прымае рашэнні, рашэнні, якія мне не падабаюцца, але зараз псіхіка не дае такой опцыі. Ці думала я калі-небудзь што з'еду? - Не. Дакладней, я не думала пра гэта да лета 2022. Але вокна Овертона пракруціліся і тое, што вельмі моцна мяне палохала стала рэчаіснасцю і нават маім жаданнем.
Ці смуткую я, што ў мяне зараз няма таго дому, які быў 35гадоў? Падаецца, што не. Гэта дзіўнае адчуванне. Як быццам бы ў цябе быў дом, там збіралася твая сямья, там прайшло дзяцінства, там усё знаёма, але час ішоў, а дома ўсё заставалася па старому: дываны вісяць на сценах і ляжаць на падлозе, савецкая секцыі, лакаваны стол-кніга, і стары дзед, якога ты і ў дзяцінстве не вельмі любіў, але мог неяк не заўважаць, а зараз... дзед не выносіць смецце, не дазваляе нават прыбрацца, пра рэмонт і размовы не можа быць, у кватэры смярдзіць, прусакі, і думаецца, ну, ладна, дзед памрэ, тады разбярэмся, зробім рэмонт, адчынем вокны, вытравім прусакоў, але не ўсё так проста... дзед перапісаў кватэру на суседа, а сусед аплочвае яго рахункі. Ці смуткаваць па такому дому? - Я не смуткую. Больш за тое, я не хачу туды, там нет майго, там не ўтульна, там усё чужое. 
Previous post Next post
Up