(no subject)

May 21, 2019 13:48

Міхась Южык

ЛіМаразм-187




Ня трэ нэрвавацца

Пребудьте во Мне, и Я в вас.
Как ветвь не может приносить плода сама собою,
если не будет на лозе: так и вы, если не будете во Мне.
(Ин.15:4.)

Цяжка ў сучаснай беларускай літаратуры знайсці больш негатыўнага, упёртага і самаўлюбёнага літаратара, чым Альгерд Бахарэвіч. Тут ужо само імя “Альгерд” выклікае асацыяцыі з гжэчным панам, якому падабаецца ў сабе літаральна ўсё.
Пісьменнік дзіка самаўпэўнены, але пра яго веліч мы чуем адно ад яго самога, ці ад спадара Вішнёва, яго сябра і выдаўца, ці то ад прыручанай імі за 20 гадоў публікі. У сёр’ёзных выданнях ніколі не даводзілася мне чытаць грунтоўных рэцэнзій на Бахарэвіча.

Але гэта не бянтэжыць пана Альгерда, бо, апанаваны элементарнай гардыняй, ён ведае ўсё і гатовы даць вам адказы на любое пытанне.
Вось паслухайце анонс да яго кнігі, які сачыніў сам празаік:

«Каляндар Бахарэвіча» - 366 эсэ пра падзеі, асобы і факты гісторыі, якія варта ведаць, каб адчуць сябе часткай чалавецтва. Рэкамэндуецца для любога ўзросту, пажыцьцёвых зьняволеньняў і палётаў на Марс.

Як вам? Ну акурат жа сумна вядомы Дзмітрый Быкаў, расіянін з борздым пяром у руках. Той таксама ўсё ведае. Або Велер, які Міхаіл. Той так і назваў сваю кнігу “філасофіі” - “Усё пра жыццё”. Там, дарагі чытач, табе адкажуць на любое пытанне.
А як вам колькасць эсэ ад Бахарэвіча ў кнізе - 366 - лічба неяк насцярожвае, праўда? Дзівосная любоў да сатанінскіх шасцёрак. Задумаемся. Ну і выдавец жа адпаведны - радыё “Свабода”, вядомая заказным голасам з Прагі разбуральная хеўра.

Затым пан Альгерд, шырока расправіўшы плечы, бярэцца судзіць “беларускіх клясыкаў”, як ён іх называе - на цэлую кнігу. Насамрэч большасць партрэтаў яго - на імёны, ужо цалкам забытыя літаратурай, іх творы састарэлі гадоў 30-50 таму. Аднак, каб стацца выдадзеным “Свабодай”, Бахарэвіч, узараўшы архівы, надае ім нерэальную значнасць:

«Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» - суб’ектыўны погляд пісьменьніка на беларускую літаратурную клясыку. У кнігу ўвайшлі больш за паўсотні эсэ, прысьвечаных яе самым вядомым постацям: ад Гусоўскага і Багушэвіча да Шамякіна і Быкава. У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ), Анатоля Клешчука, асабістых архіваў сям'і Адамчыкаў, Лявона Юрэвіча, творы Арлена Кашкурэвіча і Заір Азгура.

Лявон Юрэвіч, Арлен Кашкурэвіч… Хто такія? Чытаў хто з вас? Будзе калі чытаць? Наўрад. Але яны, паводле Бахарэвіча, “клясыкі”, бо трэба ж было накатаць болей за паўсотні эсэ.
Класік жа насамрэч - гэта той, хто рэальна ўплываў на сучасную яму літаратуру і яе фармаваў, каго цытуюць надалей, быццам Пушкіна. Вось Купала - класік (хоць ужо і не цытуюць яго). Азгур і Кашкурэвіч - не.
Аднак сказаў пан - слухайцеся.

Да таго ж нехта запусціў у народ прыказку і паўтарае яе, што Бахарэвіч - выдатны стыліст. І гэта на паверку - таксама лухта.
Вось узяты наўздагад урывак з кнігі пана Альгерда - “Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў”:

...Цяпер ключ зноў ляжаў на яе далоні, і пальцы Дары ўзважвалі дакучлівае халоднае цельца. „Чаму б і не?” - падумалася ёй, хаця юнае, нікога ня слухаючае „так” даўно грукала ў грудзёх. „Чаму б і не?” - гэтак бывае, калі, толькі-толькі навучыўшыся плаваць, трапіш далёка ў гушчыню хваляў, і раптам адчуеш - выключна розумам, выключна раздражнёным ад вымушанага адпачынку Здаровым Сэнсам, што даводзіцца паўсюль цягаць за сабой як ратавальнае кола на ўсялякі выпадак - адчуваеш, што пад жыватом тваім - каламутная бездань, і бездані гэтай абыякавыя высокі рост, аб'ём цягліцаў ды моцныя ікры... але тыя ж рукі, тыя ж ногі, якія прывялі цябе сюды, упэўнена рассоўваюць цяжкія вадзяныя парцьеры прысьмірэлай прыроды, і сонца прыпякае, і бяжыць проста ў вусны дробная рабізна... чаму б і не?

Узровень, роўна як у “Полымі” ці “Маладосці”, а то і яшчэ горай, бо там хоць якія рэдактары паяўляюцца. Коснаязыкасць, адчужанасць ад народнай мовы так і б’е ў мозг. “Дакучлівае халоднае цельца” - гэта як? “Гэтак бывае, калі, толькі-толькі” - згушчэнне кароткіх, немілагучных слоў.

А як вам вобразнасць - “далёка ў гушчыню хваляў”? Ды дзе ж тая далёкая гушчыня затаілася, у якім акіяне?
Па два разы паўтараюцца на кароткім участку “адчуеш(адчуваеш)” і “выключна”. Прычым другое слова тут іграе ролю назойлівага канцылярызму. Ну не па-беларуску гэта. Так і праступае пад нацыяналістычнай маскаю мінскі русак.

А грувасткасць наступнай часткі задо-о-о-ўгага сказа зусім дабівае: “упэўнена рассоўваюць цяжкія вадзяныя парцьеры прысьмірэлай прыроды”. Недзе ў роце млосна захрас язык ды не можа выблытацца. Як памагчы літаратару?
Насамрэч жахліва. І не да смеху. Бо пнецца гжэчны Бахарэвіч фармаваць думку моладзі з “незалежных” пляцовак. Кажу - моладзі, бо людзі ад 35 гадоў сур’ёзам не могуць яго тэксты ўспрымаць.

Жахліва… а з другога боку - прадказальна. Якім багам служыш - такая і літаратура ў цябе. Калі абагаўляеш садаміцкую інфантыльную Еўропу і высмейваеш у творах Беларусь, то адпаведны і вынік. Можаш тварыць сам, без Хрыста, ну дык і твары. Вольнаму воля.
Аднак пацяшае факт, што разважлівы матэрыяліст Бахарэвіч намагаецца аздабляць тэкст “велічнымі” метафарамі. Нібыта сапраўдны паэт. Кшталту - “бяжыць проста ў вусны дробная рабізна”. Сумнеўная лірыка.

Дарэчы, набраўшы ў Гугле “Бахарэвіч фото”, ты імгненна ўбачыш, чытач, што ўніформа пісьменніка, у якой ён з’яўляецца на людзях, выключна чорная. То бок інфернальная. Кольца ў левым вусе давяршае карціну “настаўніка” беларусаў, які ў Нямеччыне набраўся адпаведнай духоўнасці.

Ну і годзе, а не то пан угневаецца. Зрэшты, пры адсутнасці ўвогуле незалежнай крытыкі на Бахарэвіча, ён таемна будзе рады і гэтаму. Папсіхуе крыху, а затым возьме тлумачальны слоўнік і, сцяўшы зубы, засядзе вучыцца.

літРЭФлексіі, топ-запісы, ЛіМаразм, кнігі

Previous post Next post
Up