Apr 07, 2015 09:49
* * *
Баюся пустога дня. Кожны такі пражыты адкідае мяне назад, касуючы тысячы плённых дзён. Не магу адпачываць больш за біблейскую суботу, пачуццё віны заядае. Перад кім? Пытаюся ў сябе і апраўдваю бяздзейнасць стомленасцю ад слова, шматгадовай працаю, якой - так думаю - зарабіў водпуск да скону. Са свядомасцю, такім чынам, канфлікту няма. Ёсць канфлікт з душою, з тым глыбінным, што не можа маўчаць у тленным целе маім. Гэтае нешта хоча выказвацца. Яно нібы чакала стагоддзі без цела, у маўчанні глухім, неспатольным. І атрымаўшы мяне, нарэшце выгаворвае гэтае векавое маўчанне. Нібы дарабляе недаробленае ў іншых, ранейшых целах. А гаворачы, думае, што мяняе сусвет. Душа і ёсць мая воля, што ўладарыць над розумам і не дапускае ніякіх іншых заняткаў, апроч літаратурнага гаварэння. За любы іншы занятак я атрымліваю дыскамфорт, пачуццё віны - такое, быццам забіў некалькіх чалавек. Я нікога не забіваў. Але лянотаю забіваю слова, якое мне не належыць. Я вымушаны штодня гаварыць.
АнтыРЫФМАР