(no subject)

Feb 16, 2009 19:04

Увесь час хочацца нешта напісаць пра тое, што бачу, але не заўсёды хапае часу ці нават сіл. Таму выбачайце тыя, каму я абяцалася пастаянна пісаць і распавядаць пра ўсё.

Наагул не тое, каб я тут па джунглях цэлымі днямі езьдзіла. Звычайна напрацягу тыдня шукаем забаваў у горадзе, а на выходныя едзем некуды за межы Кіто. Пакульшто ўсё больш па горнай мясцовасьці, па вулканах і іх кратарах. На мінулых выходных была ў Отовало - (магчыма) самы вялікі індзейскі кірмаш у Паўднёвай Амэрыцы. А яшчэ - я пачала курсы гішпанскай! Неверагодна прыемна ўсьведамляць, што я патроху авалодваю новай мовай! :)
Ужо прызвычаілася да бананаў ва ўсялякай ежы - на рысе, на бульбе, проста смажаныя бананы, бананы ў выглядзе чыпсаў. Хаця тое, што насамрэч смажаць і сушаць, тут не называюць бананамі. Бананы - гэта толькі тыя жоўценькія, якія мы ямо ў Эўропе. А гатуюць тут вялізныя зялёныя бананы, якія, я так зразумела, сырымі не ўжываюць. Зялёныя і вялікія - платанос. Маленечкія жоўцінкія - орытос. Дык вось гэтыя платанос фрытос (тобок смажаныя) мне прыйшліся моцна да спадобы! Наагул тыя, хто мне жадаў добра накушацца бананаў у Эквадоры, могуць быць супакоеныя, я штодзённа выконваю пажаданьне! Бананы, як і ўсё мясцовае, танныя. Вось такая лапка каштавала 40 цэнтаў, напрыклад (амэрыканскіх цэнтаў, бо нацыянальная валюта у Эквадоры - амэрыканскі даляр).


А наагул у гэтым допісе хацела распавесьці пра тое, як тыдзень таму (колькі чакала!!!) мы езьдзілі на выставу архідэяў у Цэнтар Культуры Кіто. Кажуць, пра гэтую выставу распавядалі па НТВ, таму тыя з вас, хто глядзіць НТВ, ведаюць пра што я.



На жаль, на саму выставу трапіць насамрэч не атрымалася, бо мінулы панядзелак было ўжо закрыцьцё, а мы прыехалі пад самы канец, думаючы, што выстава будзе да 19.00. Выставачную залю вырашылі зачыніць ў 18.00, якраз перад самым нашым носам. Мы былі не адзіныя, каго падманула рэкляма ў часопісе. Адна бабулька хвілін 15 лаялася з аховай на ўваходзе патрабуючы, каб яе прапусьцілі, бо адпаведна СМІ выстава мусіць яшчэ працаваць. Нягледзячы на яе тон гаспадаркі плянтацыі (бабулька не з бедных), ахова не саступіла. Затое пасьля выставы пачалі выносіць навуліцу і прадаваць кветкі, што былі выстаўленыя ў цэнтры культуры. І гэта было таксама цікавае відовішча.



Спачатку вось такія хлопчыкі вынолісі скрыні з кветкамі і перадавалі іх у спэцыяльныя шапікі, адкуль іх проста сьмяталі ў сэкунды распаленыя спаборніцтвам жанчыны. Атмасфэра стаяла "хто першая схопіць, тая і перамагла". Таму кветкі з трэцяй скрыні пачыналі разьбіраць, як толькі хлопчык выносіў яе за межы аховы.


Да таго ж, калі нехта браў па 3 гаршэчкі адразу, то ў іх з рук спрабавалі вырваць лішнія, каб "не зажырна было" :). Адным словам - вэрхал гаспадыні паднялі яшчэ той! Прыкладна вось так гэта выглядала:

image Click to view


Некаторыя асабліва багатыя дамы не хацелі кідацца ў бойку з іншымі, таму спрабавалі дамовіць пакупку з галоўнай кветка-гаспадыняй. Для такіх дамаў тавар адкладалі асобна.


Ахова таксама атрымала кожны па гаршчэчку. Так і хадзілі - у форме з кветачкамі.



Мне ж прыйшлося пакінуць месца без здабыткаў, бо якімі прыгожымі не былі тыя архідэі, але з сабой у Эўропу іх забраць усё адно не атрымалася б. На будучыню вырашыла не адкладаць наведаньне мерапрыемстваў пад самы канец.

Вось такі від, дарэчы, з цэнтру Ічымба адкрываецца на стары цэнтар Кіто. І я - сумная, што не атрымала архідэю :)


Усім прывет!!!

Эквадор, вандроўкі

Previous post Next post
Up