Вандроўка ў Прагу

Mar 11, 2008 19:31

На выходных была ў Празе на фэстывалі дакумантальнага кіно пра правы чалавека "Адзіны сьвет". Фэстываль ідзе да заўтра, але для мяне ён ужо завяршыўся. Гэта была мая первая вандроўка ў Прагу і таму фокус быў ня толькі на сам фэстываль, але і на горад, куды я марыла даўна трапіць. Так атрымліваецца, што за апошнія 8 месяцаў я наведала тры краіны, якія заставаліся дагэтуль мной няпройдзенымі: Македонія, Швайцарыя і Чэхія. Застаецца яшчэ Гішпанія, Швэцыя і Ірляндыя і дробныя краіны Эўропы.

Уражаньне ад уезду ў Прагу было настолькі моцным, што цяжка ўзгадаць калі апошні раз я была настолькі ўражаная... Узгадала :) Апошні раз гэта была Мальта летам 2006-га. Можа, пачуцьці былі такімі моцнымі, бо я спала ўсю дарогу і прачнулася пры заездзе ў чэскую сталіцу, але ЯК ТАМ ПРЫГОЖА! Шмат якія рэчы падобныя на Вену, але Вена неяк усё ж больш масыўная і да таго ж плоская. А ў Празе ўвесь час нейкія прыгоркі, адкуль можна глядзець на горад зьверху.

Фэстываль мне таксама вельмі спадабаўся. Шмат цікавых фільмаў і што асабліва радуе - шмат публікі. На ўсіх сэансах, дзе я была, залі былі перапоўненымі. І ў маленькіх залях, і ў вялікіх. Я думаю, гэта вельмі крута, калі грамадзтву цікава, што адбваецца ў сьвеце.

Я паглядзела за гэтыя два дні толькі (ці не толькі) сем фільмаў:
*два пра Беларусь: "Плошча" і "Беларускі вальс" пра Алеся Пушкіна)
*два пра праблемы сэксуальных меншасьцяў: гомасэксуалізм у ісламскім сьвеце (якая тэма нечаканая!); фільм пра амэрыканскіх блізьнятаў, адзін з якіх стаў геем, а другі стаў жанчынай.
* "Ліст Анне" пра забойства Анны Паліткоўскай (нарэшце прыцягнуў маю ўвагу да тэмы, раней я проста ведала факты, а зараз сапраўды натхнілася дзейнасьцю і мужнасьцю забітай журналісткі)
* фільм пра рэжым Мугабэ у Зімбабвэ, зьняты схаванай камэрай, бо журналістаў не пускаюць у краіну. Вееееельмі цікава!
*фільм пра Газа і праблемы, якія стаяць (стаялі, бо фільм зьняты ў 2006м) перад урадам Хамас (вельмі цікавы фільм, бо зьняты з акцэнтам на жыцьцё звычайных людзей + прысутнічаюць розныя погляды на саму партыю Хамас у фільме)

Вось так паглядзіш і пачынае балець сэрца за ўсіх людзей, што пакутуюць у сьвеце. Колькі яшчэ на гэтай плянэце невырашаных праблемаў. Але гэта не спыняе, маўляў "У нас у 1000 разоў жыцьцё лепей". Гэтыя фільмы наадварот нагадваюць пра тое, як усё можа быць, калі ўлада апынаецца не ў тых руках.  Хаця праўда таксама тое, што большасьць фільмаў хутчэй толькі ставілі новыя пытаньні, чым давалі нейкія пэўныя адказы.

Цікава! Вось бы нам такія фэстывалі!

Дзякуй вялікі
volja за прыём! :)


Прага, вандроўкі, уражаньні

Previous post Next post
Up