Herr Mannelig

Dec 20, 2012 23:45

Высветліўшы, што ні адзін з вядомых мне перакладаў Herr Mannelig на беларускую і рускую не адпавядае майму разуменню/адчуванню гэтай балады, прадказальна зрабіў новы. Пад розныя інтанацыі рытм асобных радкоў можна досыць лёгка варыяваць, але мне зараз хацелася вось так:

Уранні, як сонца яшчэ не ўзышло,
Ані птаства яшчэ не спявала,
Сватала траліха тады прыгажуна,
І хлусіла ўмела ды нямала:

- Пан Манэліг, пан Манэліг, ці возьмеш мяне?
Я нявеста з пасагам багатым!
Ты адкажы мне толькі альбо так альбо не -
А ці возьмеш, а ці не?

Дванаццаць добрых коней табе прывяду,
Што ў дуброве гуляюць на волі
Дасюль яны не зналі аброці ды шпор,
Пад сядлом не хадзілі ніколі.

Дванаццацю млынамі цябе абдару,
Што стаяць паміж Тэˊрнё і Тыˊлё,
Ў іх жорны з яснай медзі зрабілі майстры,
Колы срэбрам зіхоткім абабілі.

Дам табе найлепшы навостраны меч
У каштоўных дзівосных узорах,
Як ты ім ні ўдар, а патрапіш як след,
Не пахваліцца ў бойцы ўдачай вораг.

У новую кашулю цябе апрану,
Будзе пану да твару абноўка
Не голкаю ды ніткаю шылі яе,
А вязалі з бялюткага шоўку.

- Я з радасцю ўзяў бы цябе і твой пасаг,
Каб была ты хрышчонаю паннай,
А ты дачка нячыстых, радня вадзянікоў,
З роду злога ды славы найпаганай.

І траліха з дому кінулася вон
І завыла над горкай нядоляй:
- Ах, калі б дастаўся мне гэты гожы пан,
Не цярпела пакуты б я болей!

- Пан Манэліг, пан Манэліг, ці возьмеш мяне?
Я нявеста з пасагам багатым!
Ты адкажы мне толькі альбо так альбо не -
А ці возьмеш, а ці не?

вершы, пераклады

Previous post Next post
Up