Дыялог з Лідыяй

Dec 14, 2011 22:29

Чым Гарацый не Катул? Нічым не Катул; напрыклад тым, што сярэдзіны апошняй страфы Катул бы так не напісаў. Класныя абодва. Але сёння будзе Гарацый, змірыцеся.

Ода 3.9

- Покуль мілы я быў табе,
  Так, што іншы ніхто шыю зіхоткую
Ўзяць у смелы не мог абдым -
  Шчасцем роўны не быў мне і персідскі цар.

- Покуль іншым ты полымем
  Не ўспалаў ды не ўзнёс Хлою над Лідыяй -
Ззяла Лідыя славаю,
  Зацьмявала я ймём Íлію рымлянаў.*

- Я ў палоне фракíянкі,
  Хлоі - пекна пяе, з ліраю ўмелая.
Я і смерць за яе прыму,
  Толькі б лёсы былі з мілай лагоднымі.

- Узаемным пячэ агнём
  Калаід мяне, сын Орніта з Турыяў,
Я двукроць за яго памру,
  Толькі б лёсы былі з юным лагодныя.

- Што ж, як вернецца даўнее,
  Зноў Венера скуе бронзавым нас ярмом?
Што, як Хлою бялявую
  Зрыну, й Лідыі зноў дзверы адчыняцца?

- Хай за неба яснейшы ён,
  Ты ж лягчэйшы за луб ды каламутнейшы
За няўціш Адрыятыкі -
  Жыць з табою хачу, ўмерці хачу з табой.

* Ілія - адно з імёнаў Рэі Сільвіі, маці Ромула і Рэма.

вершы, horatius, пераклады

Previous post Next post
Up