Год з восем таму Ж.Некрашэвіч-Кароткая прапанавала гіпотэзу, што
выява на апошняй старонцы старадрука "Песня пра зубра" - гэта такі экстравагантны партрэт аўтара.
Я толькі цяпер узяўся пра гэта пачытаць сур'ёзней. У Весніку Брэсцкага універсітэта. Серыя філалагічных навук. № 2(12) 2009 артыкул Ж. Н.-К. на гэты конт, а ў ім, раптоўна, нават такое:
Звернем увагу, што слова «Terminus» на гэтай гравюры напісана адмыслова: першая частка («TERMI») аддзелена ад другой («NUS»). Г. Каржанеўскі даводзіць, што гэта не выпадковы «перанос» адной часткі слова [11]. Па сутнасці, гэтая гіпотэза слушная, яна лагічна прыводзіць да высновы: другая частка слова «terminus» праз адпаведнае візуальнае афармленне павінна прачытвацца як ініцыяльнае пазначэнне імя аўтара: NUS - N[icolaus] US[sovius]. Гэта - узор так званай «алхіміі слова» (яна атрымае значнае пашырэнне ў прыгожым пісьменстве эпохі барока), калі ў межах аднаго слова вычляняліся пэўныя яго часткі, якія неслі ў сабе зашыфраваную інфармацыю. Гіпотэза, прапанаваная Г. Каржанеўскім, пацвярджае ранейшую версію аўтара гэтага артыкула: на апошняй старонцы выдання 1523 г. перад намі - партрэт Мікалая Гусоўскага [12].
Я, магчыма, у дадзеным выпадку слоўпок, і за прамінулыя два гады ўжо ўсе ўсім растлумачылі. Але калі не - то дарма. Бо
калі мы паверым у важнасць гэтага адасобленага NUS, нам давядзецца вырашыць, што Гусоўскі выяўлены не толькі на
эскізе вітража, зробленым у 1525 Гансам Гальбейнам малодшым, але і на рэверсе
памятнага медаля Дэзідэрыя Эразма (1519) - тут зважце і на валасы.
Карацей кажучы, уся гэтая канструкцыя з пастаментам і надпісам, уключаючы разбіўку надпіса - стэрыльна-тыповая каляэразмаўская іканаграфія рымскага Тэрмінуса. Спрачацца можна, наўскід, выключна аб тым, надаў ці не надаў на гэтай канкрэтнай мастак боству чыесь рысы, і тое не дужа. Твар не паўтарае вядомых мне выяваў (я, з іншага боку, і не адмысловец ні халеры); але прынамсі ў дзікай сваёй барадатасці мае адпаведнік у гальбейнаўскай
гравюры з тым жа Эразмам (Тэрмінус, уласна, быў эразмавым самаабраным сімвалам).
A вось "гіпотэза, прапанаваная Г. Каржанеўскім" пра NUS - яна, на жаль, наогул ні ў якія вароты.
(UPD) Далей там, дарэчы, таксама сурова:
Мужчынская галава на пастаменце наўрад ці можа атаясамлівацца з самім антычным боствам мяжы. Па-першае, доўгія валасы, вусы і барада не маглі быць атрыбутам антычнага бога: старажытныя грэкі і рымляне лічылі лішнюю расліннасць на твары прыкметаю «варварства». Па-другое, характэрны каўнерык, які пры ўважлівым разглядзе добра відаць на гравюрным партрэце, з вялікай ступенню верагоднасці выяўляе прыналежнасць уладальніка такога касцюма да эпохі Рэнесансу, прынамсі да духоўнага саслоўя.
Наконт барады, апроч ужо згаданай гравюры, можна ўзгадаць і
Тэрмінуса ў венецыянскай Emblematum libellus (1546). Што да быццам бы каўнерыка, то па-мойму відавочна, што мы маем справу проста з крыху грубаватай падкрэслена анатамічнай выявай
аголенай чалавечай шыі. Тое ж самае ў больш дасканалым выкананні можна ўбачыць на прыведзеным ужо раней гальбейнаўскім эскізе да вітража.
(UPD2) І фінальны апдэйт:
апісанне такой жа (з дакладнасцю да размяшчэння надпісаў) старонкі ў дадзеных аб іншым выданні таго ж выдаўца і таго ж часу. Апісанне закрываецца абсалютна забойчаю заўвагаю: Wiele jest druków Vietora z podobnym emblematom. Жадаючыя могуць пераканацца, зазірнуўшы ў канец
вось гэтай блізкай па даце кніжкі. Ну ці
вось гэтай, пазнейшай.
Карацей кажучы - перад намі папросту серыйнае афармленне ад выдавецтва :)
Магчыма, ізноў жа, пра гэта нехта ўжо ўсё растлумачыў, але мне не гугліцца. Знаходжу, што праўда, скептычныя заўвагі Наталлі Якавенкі - недастатковыя, але ў бясспрэчна верным кірунку.