Sep 20, 2010 20:33
А вось павешу нескладаную, здаецца, загадку.
Песні брытанскіх астравоў - вельмі хітра-разлапістая з'ява. На адзін і той жа матыў часта спяваецца некалькі зусім розных тэкстаў, і наадварот, версіі адной і той жа балады могуць спявацца на зусім розныя мелодыі.
Ну вось, скажам, не пазней за пачатак ХІХ ст. з'явіўся англійскі тэкст да адной яшчэ больш старой мелодыі, у якім расказвалася не зусім ясная, але сумная гісторыя кахання. Адна з няяснасцяў датычыць рэфрэну - у канцы кожнага куплета згадвалася пра жаданне лірычнага героя захінуць каханую ад нейкай як быццам бяскрыўднай прыроднай з'явы. Прапаноўваліся розныя тлумачэнні таго, што ўсё гэта значыць, але нам гэта тут не важна, а важна іншае.
Праз стагоддзе з гакам з'явіўся іншы тэкст, у цэлым у той жа памер, у якім тая ж прыродная з'ява згадвалася на тым жа месцы кожнага куплета - карацей, новы тэкст да старога рэфрэна. Мелодыі розняцца, але пры жаданні тэкст першай можна спяваць на музыку другой і наадварот - лягуць без вялікай цяжкасці. Захаваны рэфрэн ізноў сэнсава упісаны ў кантэкст (зусім іншы кантэкст) песні - на гэты раз зусім празрыста ўпісаны. Карацей, цалкам у русле той хітраразлапістасці астраўной традыцыі песняў, з якой мы пачалі размову. Але вось у чым справа: часта бывае, што тэксты ў такой сітуацыі непадобныя, але у гэтым выпадку агульнага ну настолькі мала, што людзі, знаёмыя з маладзейшай песняй, нямала дзівяцца, сустрэўшы старэйшую.
А назавеце песню/з'яву? Каменты хаваюцца.
загадкі