Грошы нашыя, прыватызацыя - іхняя

May 17, 2011 11:53

 
        Ідуць суды над “декабристами”. Каго асудзілі, каго яшчэ асудзяць ці, гуляючыся ў аб’ектыўнасць і назалежнасць судовай сістэмы краіны, пакінуць на волі нават без адтэрміноўкі пакарання. Еўропа наважваецца ўвесці санкцыі ў дачыненні некаторых беларускіх канцэрнаў. Пётр Пракаповіч прыйшоў на пару гадзін на працу і зноў уцёк на бальнічны. Дый чаго яму тырчэць у Нацбанку, калі сэрца хворае, а валютны курс ўсё роўна будзе лунаць над Беларуссю нават не трохгаловым, а чатырохгаловым драконам: адна галава афіцыйная, другая - міжбанкаўская, трэцяя - з абменнікаў, чацвертая - на рынках і з рук вылютчыкаў.

Маладыя маці сталі падобныя да сваіх маці і бабуль, забыўшыся пра памперсы і перайшоўшы на пялёнкі. Прадавачкі ў крамах, выкладаючы на паліцы лімоны па 14 тыс., рытарычны запытваюцца: “І хто за гэтую кісляціну будзе аддаваць такія грошы?”  Шасцьсот (ці колькі там?) тысяч работнікаў прыпынілі сваю дзейнасць, таму што ўладальнікі і кіраўнікі іх фірмаў не ведаюць, колькі кілаграмаў беларускіх рублёў трэба адважваць пастаўшчыкам і тым, у каго яны арэндуюць плошчы. У навучальных установах сталі з’яўляцца невядомыя людзі, якія ходзяць па калідорах і зазіраюць у аўдыторыі. А кіраўнікі гэтых устаноў абвясцілі супрацоўнікаў, што, акрамя забароны на паленне і ўжыванне спіртных напояў, у класах, аўдыторыях, лабараторыях, дэканатах і на кафедрах, а таксама ў іншых памяшканнях забараняецца размаўляюць пра рост цэн і фактычную дэвальвацыю беларускага рубля.

На гэтым фоне кіраўнік дзяржавы не здраджвае сабе і працягвае вярзці лухту то ў шклоўскім саўгасе, то на Аршанскім авіярамонтным заводзе, то… Хіба мала месца у Беларусі, яшчэ дзе-небудзь паплявузгае. Другая асоба ў краіне - прэм’ер-міністр Мясніковіч - ужо каторы дзень не адшукваецца ні ў рэальнай, ні ў віртуальнай прасторы. З умоўнага кіраўніцтва нешта шчабеча толькі птушка-сакратар з МЗС Савіных, дый то пра кепскі Еўрасаюз і пра тое, што для выхаду Беларусі з крызісу (сёння валютнага, а заўтра і эканамічнага) трэба забараніць выязджаць за мяжу дзвюм сотням апазіцыянераў.

Расійская жмінда, міністр фінансаў Кудрын кажа, што расійскі ўрад грошай Беларусі не дасць, а што да крэдыту ад ЕўрАзЭС, дык, магчыма, мільярд сёлета, мільярд наступным годам, і дадае, што няма чаго адно на Расію разлічваць, можна і да МВФ звярнуцца. Што гэта? Вытанчаны здзек ці помста за лукашэнкаўскае “некаторыя расійскія чыноўнікі, якія салідарызаваліся з нашымі адмарозкамі”? А можа, як кажуць шматлікія аналітыкі і прадказальнікі, проста жаданне расійскага буйного бізнэсу ўзяць удзел у прыватызацыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў? Звяртаў жа Кудрын увагу і на такую магчымасць выхаду Беларусі з валютнага тупіка.

Здаецца, “беларускі палітычны клас” (як гэтую хеўру тактычна называе спадар Суздальцаў у сваіх незлічоных артыкулах пра крах Беларусі, крах не сёння, дык заўтра абавязкова) клюнуў на прыватызацыйную нажыўку. Так, Лукашэнка цвердзіць, ажно захлінаецца, што народнае, дзяржаўнае, то бок ягонае (бо “наша” ў інтэрпрэтацыі Лукашэнкі гэта “маё”) па тандэце не аддамо. Магчыма, “імперцам-алігархам” і трэба прадаць падаражэй, а як самому сабе? Чакайце… Навошта купляць тое, што і так належыць табе? Так, калі валодаеш “рэальна” сваім (дом, зямля, фірма, каштоўныя камяні, золата, антыкварыят і г.д.), тады на сабе не паспекулюеш. А вось калі тваё яшчэ і дзяржаўнае - мо ў гэтым выпадку можна прадаць яго сабе?

Не кажу, што гэтыя махінацыі пойдуць на карысць аднаму Лукашэнку. Хай ён і цар, але ж без баяраў-міністраў-вертыкальшчыкаў краінай кіраваць ён не можа, як і зарабляць на такім кіраванні грошы. Я не магу вызначыць дакладна, колькі налічваецца сапраўдных бенефецараў беларускага аўтарытарызму (тых, каго можна было б назваць алігархамі, не з мільярдамі долараў, а хаця б з мільёнамі), але ж менавіта іх цікавіць прыватызацыя. Каб прыватызацыя пачалася месяцы два таму, то гэтыя бенефецары прайгралі б расійскім прыватным капіталістам ці дзяржкарпарацыям, бо тады ў іх а) не было дастаткова грошай; б) грошы былі, яле яны не жадалі рызыкаваць тым, што нажылі “непосильным трудом”. Цяпер сітуацыя змянілася: можна прыдбаць прадпрыемствы за валюту, якую па АФІЦЫЙНЫМ курсе мусяць здаваць дзяржаве экспарцёры і за якую можна заплаціць не забяспечанымі ні таварамі, ні паслугамі беларускімі рублямі, што няспынна друкуюцца Нацбанкам.

Усё геніяльна проста: множнасць курсаў пратрымаецца роўна да тае пары, пакуль бенефецары аўтарытарызму не стануць капіталістамі, уладальнікамі яшчэ ўчора дзяржпрадпрыемстваў ці ААТ, дзе дзяржаве належыць кантрольны пакет акцый. Такім чынам, пры дапамозе спекуляцый з валютным курсам (праз “рынкавае” абрабаванне насельніцтва і адміністрацыйнае абрабаванне экспарцёраў) і, як падаецца, без парушэння беларускага заканадаўства ўвішныя бізнэсоўцы ад наменклатуры, задаволіўшы свае меркантыльныя інтарэсы, прынясуць дзяржаве сотні мільёнаў ці пару-тройку мільярдаў долараў (на лічбах не настойваю, час пакажа, колькі гэта будзе).

Канечне, насельніцтва пацерпіць ад такога махлярства на вышэйшым узроўні (вышэйшым не з прычыны прафесіяналізму выканаўцаў, а з прычыны датычнасці махляроў да вяршыні ўлады), але кіраўніцтва краіны (і ў першую чаргу, Аляксандр Лукашэнка) змогуць зрабіць справаздачу аб магчымасці павышэння заробкаў, скажам, на 10% ці аб павелічэнні золатавалютных рэзерваў. І хоць сярэдняя зарплата ў доларах зноў будзе 330 ці нават 250, ну дык што, затое эканоміка дзяржавы канкурэнтаздольная.

У гэтай гісторыі можа быць і працяг. Першы варыянт: адбываецца нацыяналізацыя прыватызаваных прадпрыемстваў (каб “лявацка-сацыялістычнае” насельніцтва не абуралася тым, што чыноўнікі сталі гаспадарамі заводаў і канцэрнаў). Другі: сапраўдная прыватызацыя, то бок продаж прадпрыемстаў замежнікам (хутчэй за ўсё расійцам). Можна і спалучыць першы і другі варыянт: адразу нацыяналізаваць, а пасля прадаць. Бенефецары аўтарытарызму нават пры самым кепскім раскладзе нічога не губляюць, пры лепшым - нешта набываюць. Дзяржава як прыватызаванае бюракратыяй мегапрадпрыемства застаецца з прыбыткам. А грамадзяне дзяржавы… Ну, каму як пашанцуе.

Вядома ж, усё вышэй сказанае толькі версія. Інсайдарскай інфармацыі ў мяне - шараговага беларуса - няма. Але здаровы сэнс і падазронасць таго ж шараговага беларуса падказваюць мне: “Калі множнасць курсаў існуе - значыцца, гэта камусьці патрэбна”.

Previous post Next post
Up