Сёлета спаўняецца 170 год з таго часу, як у Беларусі з'явіўся першы конны помнік.
У 1846 годзе ў Гомелі быў устаноўлены помнік князю Юзэфу Панятоўскаму. Гэта была першая конная статуя на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Дастаўлена яна была водным шляхам з Польшчы і ўстаноўлена на пляцоўцы каля паўднёвай вежы гомельскага палаца, дзе знаходзіліся таксама дзве турэцкія гарматы.
Гісторыя з'яўлення помніка наступная. Помнік князю Юзафу Панятоўскаму - праца дацкага скульптара Бертэля Торвальдсена. Манумент быў замоўлены ў 1817 годзе. У 1829 годзе ў Варшаве была створана мадэль помніка. Скульптура была адліта з бронзы ў 1832 годзе, аднак з прычыны рэпрэсій пасля паўстання 1830-1831 гадоў не магла быць усталявана паводле ранейшых планаў перад Палацам намесніка.
Манумент быў канфіскаваны і ў разабраным стане перавезены ў Новагеоргіеўскую крэпасць (Модлін). У 1840-х гадах помнік быў падораны Мікалаем I Івану Фёдаравічу Паскевічу, вывезены ў Дэмблін (Івангарад) і, нарэшце, у Гомель, дзе ён быў усталяваны ля палаца Паскевіча.
Манумент быў вернуты ў Польшчу ў 1922 годзе ў адпаведнасці з Рыжскім дагаворам. У 1923 годзе быў усталяваны ў двары каралеўскага палаца перад каланадай Саксонскага палаца і магілай Невядомага салдата.
Пасля прыгнечання Варшаўскага паўстання быў падарваны 19 снежня 1944 года.
Новую адліўку скульптуры, створаную 1948-1951 па мадэлі, якая захавалася ў музеі Торвальдсена ў Капенгагене, падарыў Польшчы дацкі ўрад. Яна была ўсталявана перад Старой Аранжарэяй у Лазенкоўскім парку, а з 1965 года - перад Палацам намесніка, цяпер рэзідэнцыяй прэзідэнта Польшчы.
Торвальдсен адлюстраваў князя Панятоўскага на кані, як на антычным мануменце Марка Аўрэлія на рымскім Капітоліі. Помнік не спадабаўся жыхарам Варшавы, з прычыны таго, што князь быў апрануты ў рымскі, антычны строй замест рыцарскіх даспехаў.
Трэба заўважыць, што ў 1812 годзе, ваюючы на баку Напалеона супраць Расіі, Панятоўскі ваяваў за аднаўленне Рэчы Паспалітай, канфедэратыўнай дзяржавы, у склад якой уваходзіла беларускае Вялікае Княства і Польскае Каралеўства.
Такім чынам Юзэф Панятоўскі ваяваў за незалежнасць сённяшняй Рэспублікі Беларусь. Слушнай будзе неабходнасць ўсталявання ў Гомелі копіі помніку Юзэфу Панятоўскаму на старым месцы. І не абавязкова бронзавага, прыгажосць яго не будзе горшай, калі ён будзе зроблены і з іншага матэрыялу.
І кожны гамяльчанін пабачыць у помніку нешта сваё: нацыянальнаарыентаваны беларус будзе бачыць у ім помнік герою барацьбы за незалежнасць Беларусі, манументальнае увасабленне "Пагоні", больш памяркоўны гамяльчанін - падарунак цара Мікалая Першага уладальніку гомельскага палаца Паскевічу, а звычайны гамяльчанін ці госць Гомеля - проста прыгожы помнік, каля якога хочацца сфатаграфавацца.
Гэта ідэя знайшла сваю падтрымку і ў кіраўніцтва Гомельскага палацава-паркавага ансамблю: "Сапраўды, даволі працяглы час конная статуя Панятоўскага знаходзілася ў нашым горадзе. Дастаўленая ў 1846 годзе водным шляхам з Польшчы, яна была ўстаноўлена на пляцоўцы каля паўднёвай вежы палаца, дзе знаходзіліся таксама дзве турэцкія гарматы, якія былі ваеннымі трафеямі фельдмаршала Івана Фёдаравіча Паскевіча.
У нейкім сэнсе гэта ж можа быць аднесена і да помніка Панятоўскаму, які для польскага народа стаў сімвалам нацыянальнай незалежнасці і быў створаны на народныя грошы. Таму жаданне палякаў вярнуць гэты сімвал на радзіму пасля таго, як Расійская імперыя скончыла сваё існаванне, здаецца абсалютна натуральным.
Мы не будзем абмяркоўваць палітычныя пытанні аб справядлівасці ці не справядлівасці Рыжскай дамовы, але ж нельга не пагадзіцца з тым, што помнік быў адным з найбольш адметных аб'ектаў, якія ўпрыгожвалі гомельскую сядзібу Паскевічаў. Разам з іншымі дэкаратыўнымі элементамі (вазы, гроты, скульптуры і г.д.) ён стварыў той рамантычны вобраз палацава-паркавага комплексу, да якога імкнуўся яго аўтар - польскі архітэктар А. Ідзкоўскі.
Копія статуі Панятоўскага і зараз магла б стаць прывабнай славутасцю, як для гамяльчан, так і для гасцей Гомеля. Але для ажыццяўлення такога праекта патрэбны як мінімум дзве ўмовы: наяўнасць фінансавых сродкаў (ніякім бюджэтам яны не прадугледжаны) і, як мы лічым, узгадненне такой магчымасці з польскім урадам, а гэта выходзіць за межы паўнамоцтваў."
Калі з пошукаў сродкаў сітуацыя больш складаная (культура ў Беларусі традыцыйна спансуецца ў апошнюю чаргу), то з узнадненнем ідэі з польскім бокам дакладна праблемы не павінна ўзнікнуць. У лютым 2015 года Гомель наведваў на той час Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка. Сярод іншага яму было зададзена пытанне аб тым, як ён адносіцца да усталявання ў Гомелі копіі помніка Юзэфу Панятоўскаму.
Адказ пасла палягаў у тым, што ён асабліва і не супраць гэтай ідэі, галоўнае, каб на яе рэалізацыю былі сродкі. Адным з варыянтаў, як іх знайсці, можна зноў узяць польскі вопыт, згаданы ў адказе "помнік Панятоўскаму, які для польскага народа стаў сімвалам нацыянальнай незалежнасці і быў створаны на народныя грошы." - у нашым выпадку - за кошт бюджэту Гомеля, які фармуецца за народныя грошы ў выглядзе падаткаў.
Станоўча да ідэі аднаўлення ў Гомелі поніка Юзэфу Панятоўскаму адносіцца і Гомельскі гарвыканкам: "Памнік Юзэфу Панятоўскаму лічыцца лепшай работай скульптара Берталя Торвальдсэна.
Копія статуі і зараз магла б стаць прывабнай адметнасцю як для гамяльчан, так і для гасцей горада. Статуя, што знаходзіцца зараз у Варшаве, - падарунак урада Даніі польскаму народу. У сувязі з гэтым абмяркоўваць яе перамяшчэнне ў горад Гомель уяўляецца некарэктным".
Тут можна толькі удакладніць, што гаворка не вялася і не вядзецца аб перамяшчэнні помніка з Варшавы ў Гомель - Гомелю будзе дастаткова і копіі, тым больш, што і ў Варшаве зараз толькі копія стаіць. Далей гарвыканкам паведамляе: "У дадзены момант рэдукцыя (паменьшаная копія) статуі знаходзіцца ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль".
Напрыканцы Гомельскі гарвыканкам выказвае празаічную, але сённяшнюю рэальнасць: "Стварэнне копіі ў арыгінальным памеры патрабуе значных фінансавых выдаткаў, што не прадугледжана бюджэтам горада Гомеля."
Хочацца спадзявацца, што бюджэт горада прадугледзіць падобныя выдаткі на наступны год, тым больш, што самі гарадскія ўлады прызнаюць тое, што помнік Юзэфу Панятоўскаму Гомелю неабходны.
З іншага боку, помнік можна атрымаць і без вялікіх укладанняў па польскаму сцэнару, пра які пісалася ў адказе гарвыканкама "Статуя, што знаходзіцца зараз у Варшаве, - падарунак урада Даніі польскаму народу." Думаю, урад Даніі не пашкадуе падарунка і для народа беларускага - галоўнае, перамовы паспяхова правесці.
Тут ужо задача для МЗС Беларусі і кіраўніцтва Гомеля - хіба не цудоўна звязаць Беларусь такім чынам сяброўскімі адносінамі з адной з самых пасьпяховых краін Еўропы ды яшчэ і падарунак гамельчукам і беларусам прынесці?
Наогул, копіяй аднаго помніка Юзэфа Панятоўскага можна не толькі падараваць Гомелю і Беларусі прыгожы помнік мастацтва, але і замацаваць добрыя адносіны з трыма вядучымі еўрапейскімі краінамі - Польшчай (з якой у нас адзін нацыянальны герой Юзэф Панятоўскі), Францыяй (з дзядамі якой нашы дзяды поплеч ваявалі ў Вайне 1812 года супраць Расіі) і Даніяй (чый скульптар стварыў гэты цудоўны твор мастацтва).
Ужо толькі дзеля гэтага помнік Панятоўскаму ў Гомелі павінен быць.