Заўтра ў Магілёве :)

Oct 26, 2012 20:41

Публічныя лекцыі “URBI ET ORBI” у МАГІЛЕВЕ
ІГАР БАБКОЎ
Беларуская традыцыя
27 кастрычніка

Магілёўскі “Тэхнапарк” (вул. Ленінская, 63), заля 807, 16.00

Пэўны населены пункт ідэнтыфікуецца як горад па наяўнасці ў ім культурнага жыцця, якое задае адметнасць гарадскога вобразу. Гэтае культурнае жыцце вызначаецца не канцэртамі заезджых зорак попэстрады, а, перад усім, тымі месцамі, дзе гарадская супольнасць - мысляры, навукоўцы, культурныя, грамадскія дзеячы, гарадская інтэлігенцыя, тэарэтыкі і практыкі-разважае над важнымі і актуальнымі пытаннямі развіцця гораду і краіны.

“Urbi et Orbi” - форма публічнага выказвання, якая прэтэндуе на тое, каб станавіцца арыенцірам і ў грамадскім, і ў індывідуальным жыцці грамадзян. Менавіта так назвалі цыкл публічных лекцый стваральнікі Лятучага ўніверсітэту, разлічваючы на тое, што гэтыя лекцыі стануць месцам інтэлектуальнага пошуку, дыялогу - месцам, якое будзе задаваць развіццё.

За мінулы год у Мінску адбылося паўтара дзясятка лекцый, слухачы якіх мелі ўдачу паслухаць культуролага Сяргея Харэўскага, філосафа Ігара Бабкова, багаслова Ірыну Дубянецкую, гісторыка Захара Шыбеку, метадолага Уладзіміра Мацкевіча, культуролага Юлію Чарняўскую, рэжысёра Андрэя Кудзіненку, дызайнера Міхала Анемпадыстава, гісторыка Генадзя Сагановіча ды многіх іншых. Відэазапісы ўсіх лекцый і спасылкі на інтэрв’ю з кожным лектарам змешчаныя на сайце ўніверсітэту: http://fly-uni.org

У новым сезоне 2012-2013 г.г. параллельна з лекцыямі ў Мінску такі курс публічных зваротаў “Гораду і Свету” распачынаецца ў Магілёве. 27 кастрычніка сезон адкрые філосаф, паэт і празаік Ігар Бабкоў - асоба, якая сваім роздумам стварае адметны пункт гледжання, зыходзячы з якога можна знаходзіць новыя сэнсы, паглыбляць і развіваць разуменне і ўспрыманне феноменаў культуры.

“За апошняе дзесяцігоддзе Беларусь стала важнай і нават моднай інтэлектуальнай праблемай. Беларускі аўтарытарызм і беларуская ідэнтычнасць, беларуская ідэя і беларускі дыскурс, тутэйшасць і новае беларускае кіно, беларускі постмадэрн і трэш-літаратура: усё гэта заняло сваё мейсца на сцэне публічнай увагі, канчаткова пакінуўшы ў мінулым (і для мінулага) панылыя галашэнні і скаргі на адсутнасць. І цяпер мы гатовыя зрабіць наступны крок: распачаць гаворку пра беларускую традыцыю, “ - кажа ў прадмове да лекцыі Ігар Бабкоў.
Previous post Next post
Up