гідранімія такая гідранімія

Oct 24, 2010 20:40

Гартаў сёння Вялікі Гістарычны Атлас Беларусі. Надта зацікавіла карта гідронімаў.
Па-першае, нейкая дзіўная іх класіфікацыя. Зацікавіў пункт "старажытнаеўрапейскія гідронімы" (якія займаюць вялікі адсотак ад агульнай колькасці, прыкладна нароўні з балцкімі). Што гэта мусіць значыць? Даіндаеўрапейскія гідронімы? Але ж гэта троху абсурдна, бо мы анікроплі не ведаем мову даіндаеўрапейскага насельніцтва. Протаіндаеўрапейскія? Але ж для іх выдзелены асобны пункт.
Пры тым, што гэтыя "старажытнаеўрапейскія" гідронімы нярэдка маюць паралелі ў літоўскай мове.

Ну і крыху прабёгся па ўласна гідронімах, заўважыў колькі досыць абсурдных характарыстык тых ці іншых гідронімаў. Далей некалькі гідронімаў і мае развагі што да іх паходжання (ці проста недакладнасцяў вытлумачэння іх паходжання атласам):

р.Гожка (у гродзенскім раёне) - фіна-вугорскі. Хаця напрыклад побач знаходзіцца вёска Гожа, якая раней называлася Ожа, і паходжанне ейнай назва агульнапрынята выводзіць ад літоўскага слова "ožys" (казёл).
р. Жэчка (у тым жа гродзенскім раёне) - таксама фіна-вугорскі. Здавалася б, прычым тут польскае слова "rzeka"...
р. Чорная Ганча (якая раней звалася Анціяй) - фіна-вугорскі.
р. Анча Анція (у Літве) - старажытнаеўрапейскі. Хаця здавалася б, назва амаль тоесная папярэдняму гідроніму.
р. Іода - фіна-вугорскі. Прыгадваецца літоўскае "juoda" (чорная).
воз. Мядзел - фіна-вугорскі. Пры існаванні літоўскага слова "medis" (дрэва)
воз. Ільгіс (у Літве) - старажытнаеўрапейскі. Параўнайма з літоўскім "ilgas" (доўгі)
р. Няміга - старажытнаеўрапейскі. Параўнайма: літ. "miegoti" (спаць), "nemiga" (бяссонніца)
р. Дзвіна - інда-іранскі. Даводзілася сустракаць спробы вытлумачыць назву праз балцкія мовы (здаецца, праз літ. "dunojus" (вялікая вада), зыходзячы з меркавання аб першапачатковай назве накшталт "Дуна" і парнага вобразу Дзвіны-Дунаю ў беларускім фальклёры), але гэта нават не істотна. Цікава толькі, як можа мець іранскую назву рака, берагоў якой ніколі не бачылі іранскія плямёны.
р. Стабна (каля Смаленска) - германскі. Параўнайма: літ. "stabas" (стод, ідал)

Нажаль, не было часу доўга разглядаць усё што там ёсць (ды й ведаў, зразумела, бракуе), ды й забыўся паглядзець хто гэтую карту гідраніміі намаляваў.

P.S. Хаця, я ж не лінгвіст, таму допіс, у прынцыпе, ў парадку дыскусіі.
Заўвагі вітаюцца.
Previous post Next post
Up