Традыцыяналісцкае палітычнае мысленне ў кантэксце рэгіёна

Aug 20, 2010 02:17

Сённяшні дзень парадаваў дзьвума вельмі змястоўнымі і грунтоўнымі допісамі на палітычныя тэмы.

Аўтар першага допісу - шаноўны пан datcanin - прапаноўвае праект пераўтварэння штучнага, бюракратызаванага і досыць нягеглага парэштка БССР, якім па сутнасці зараз з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, у кардынальна іншае, больш арганічнае, больш натуральнае і больш функцыянальнае дзяржаўнае ўтварэнне - Федэратыўнае Гаспадарства Беларусь.

Так, у ідэальным пляне традыцыяналіст думае Вялікалітва, Балтаскандыя... але не менш мы хочам пачаць адбудоўваць нашу цывілізацыйную еднасьць дома. Рэалізуючы вялікі імпэрскі праект Эўропы. Ужо зараз я (і шмат хто з маіх сяброў, я думаю) б з задавальненьнем падтрымаў кандыдата ў прэзыдэнты ці партыю , якія б у сваёй праграме пабудовы дзяржаўнага дабрабыту ўключылі пункты рэформы адукацыі, рэстытуцыі нарабаванага бальшавікамі, поўнае кампэнсацыі за рэпрэсіі, інтэграцыю супольна з краінамі Балтаскандыі ў адзіную Эўропу... а таксама рэгіяналізацыю, пашырэньне самакіраваньня, дэцэнтралізацыю, дэбюракратызацыю, пераход да сапраўднае непасрэднае прамое дэмакратыі на месцах у вырашэньне пераважнае большасьці эканамічных і гаспадарчых пытаньня.

Другі допіс, за аўтарствам паважанага пана aliaks'а ёсць троху болей тэарэтызаванымі разважаннямі (а фактычна - далейшым развіццём ідэяў інтэграцыі балтыйскага рэгіёну, закранутых у допісе пана datcanin'а) на тэму перспектываў і акалічнасцяў адраджэння нашай агульнай Літоўскай Імперыі.

У "монаэтнічнай нацыяналістычнай" Літве адразу заўважаеш мноства помнікаў героям усіх народаў ВКЛ і РП, дагледжаныя магнацкія палацы і сядзібы, польскія і беларускія шыльды, у храмах гучаць царкоўна-славянскія, украінскія, літоўскія, польскія, лацінскія малітвы, нават вулічныя гандляры разумеюць нямецкую, расейскую, ангельскую мовы. І ўсё гэта - не забываючыся на сваю родную літоўскую культуру. Вось прыклад сапраўднага імпэрскага духу і мысьленьня! Дзіцячая хвароба нацыяналізму відавочна зьмяняецца на здаровую імпэрскую сьвядомасьць...

...На маю думку, сучасны беларускі этнас ня здатны на стварэньне "ўласнай" Імпэрыі - такі ўжо наш лёс. Менск ня можа стаць сэрцам Імпэрыі, бо наша сэрца ўжо б'ецца ў Вільні. І тут няма ніякай ганьбы: у нас тут іншая, ня менш адказная і шляхетная місія - будаваць і бараніць Імпэрыю!

Абодва допісы ўсім вельмі раю да чытання цалкам і заклікаю далучацца да абмеркаванняў.
Previous post Next post
Up