Вандроўка ў "Пышкі"

Apr 11, 2009 23:32





Нарэшце выбраўся ў лесапарк "Пышкі" на ровары. Ня тое, што каб "адкрыў сэзон", а так, з цікавасьці: як там у лесе? Як выглядае пасьля зімы ўлюбёнае месца адпачынку гарадзенцаў? Да фэшэмебельнага "Кронан-Парк-Атэлю" (на здымку) праклалі новы асфальт. Шыкоўная ўстанова для сучасных нуворышаў ды багатых замежнікаў паўстала на месцы згарэлай некалі рэстарацыі "Сосны".





Калі я фатаграфаваў гэтую слаўную ўстанову, дык мяне (пэўна ахова) знутры таксама фільмавала - два разы з-за шкла "папярэдзілі" фотабліскавіцай. Паказалі, што ня сьпяць на працы. Калі вакол "Кронан-Парк-Атэлю" ўсё дагледжана і прыбрана, дык крыху далей асфальт з выбоінамі, а ў лесе пасьля зімы яшчэ толькі пачалі наводзіць парадкі.




Каму падабаюцца раскоша і бляск "Кронан-Парк-Атэлю", а нехта, як гэты нямоглы дзядуля за рай і лаўку пры дарозе прымае.




А вось некалі вядомы ў "застойныя гады" летнік ці "дзіцячая дача", здаецца, належала некалі збанкрутаваламу тонкасуконнаму камбінату, таксама дасталася хіба нейкім "фірмачам". Пра што сьведчыць агароджа з дроту. Але выглядае пакуль так, як бачым.






Адзінае, што "вечнае і непадкупнае" - ды гэта Бацька-Нёман... Ён вабіць, запрашае да наступных вандроўкаў...




Вандроўкі

Previous post Next post
Up