Заява “Беларуская асацыяцыя журналістаў”: аб становішчы са СМІ і свабодай выказвання ў Беларусі

Oct 22, 2008 13:37

Сітуацыя ў сферы сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі пагаршаецца, нягледзячы на дэкларацыі аб пачатку дыялогу паміж афіцыйным Мінскам і Захадам.

Улады працягваюць палітыку кантролю за інфармацыйнай прасторай і па-ранейшаму трымаюць манаполію на большасць грамадска-палітычных друкаваных і электронных СМІ, а таксама на сістэмы друку і распаўсюду. Дзяржаўныя СМІ страцілі свой грамадскі характар і ператварыліся ў інструмент прапаганды адной палітычнай групоўкі, пры тым атрымліваюць фінансаванне з боку дзяржаўнага і мясцовых бюджэтаў, памеры якога штогод узрастаюць.

Палітыка ў дачыненні да непадкантрольных СМІ застаецца жорсткай, нягледзячы на пэўныя зрухі. Яна абапіраецца, перадусім, на выключэнне незалежных СМІ з легальнай інфармацыйнай прасторы, у асноўным шляхам эканамічнай дыскрымінацыі і абмежавання доступу журналістаў да крыніц інфармацыі.

Вялікую заклапочанасць выклікае практыка прымянення заканадаўства, датычнага свабоды выказвання, у прыватнасці, Закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”.

ГА “БАЖ” заяўляе: ніякі сапраўдны дыялог ні ўнутры Беларусі, ні на міжнародным узроўні немагчымы без забеспячэння свабоды выказвання ў краіне і рэальнага паляпшэння сітуацыі з беларускімі сродкамі масавай інфармацыі.

Крытэрыямі паляпшэння сітуацыі ў галіне свабоды выказвання з’яўляюцца:

1. Забеспячэнне роўных эканамічных умоваў для СМІ розных форм уласнасці, у першую чаргу:
• скасаванне забароны на распаўсюд недзяржаўнай грамадска-палітычнай прэсы праз сістэму прадпрыемстваў “Саюздруку” і вяртанне недзяржаўных газет у падпісныя каталогі “Белпошты”;
• вяртанне газет “Народная воля”, “Товарищ” і “Витебский курьер-М” у беларускія друкарні.

2. Забеспячэнне рэальнага доступу да інфармацыі, а менавіта:
• адмена артыкулаў Закона “Аб дзяржаўнай службе”, а таксама палажэнняў ведамасных падзаконных актаў, якія абмяжоўваюць журналістаў у праве на доступ да інфармацыі пра дзейнасць органаў улады;
• гарантаванне свабоды акрэдытацыі карэспандэнтаў і адкрыцця афіцыйных прадстаўніцтваў замежных СМІ ў Беларусі, а таксама ўвядзенне заявачнага прынцыпу акрэдытацыі;
• недапушчэнне выпадкаў адмовы дзяржаўных службоўцаў прадастаўляць інфармацыю журналістам.

3. Прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі прававымі нормамі, а менавіта:
• прывядзенне ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі Закона “Аб сродках масавай інфармацыі” і практыкі прымянення Закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”;
• адмена альбо мараторый на прымяненне пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, а менавіта артыкула 367 “Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, артыкула 368 “Знявага ў дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, артыкула 369 “Знявага прадстаўніка ўлады”, артыкула 369-1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь” і артыкула 193-1, які тычыцца дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый, а ў далейшым - поўная дэкрыміналізацыя дыфамацыі.

На думку ГА “БАЖ”, гэтыя крокі паспрыяюць паляпшэнню сітуацыі са свабодай выказвання і развіццю незалежных медыя ў Беларусі як неабходных умоваў развіцця дэмакратычнай краіны і забеспячэння паўнавартаснага дыялогу паміж Беларуссю і Еўропай.

заява, баж

Previous post Next post
Up