Пра вёску, буслоў і індустрыялізм

May 23, 2009 09:49

Памятаю як у вёсцы ў сярэдзіне 90-ых быў "бум" на прыватныя "калонкі" - магчымасьць спажываць ваду з калгаснай воданапорная вежы ў прыватнай гаспадарцы. У такім выпадку прафесія калгаснага бульдазерыста была самай пачэснай. А бульдазерыстам у той час быў мой дзядзька. Таму я малы спрычыніўся амаль да кожнага выпадку праяваў "гаспадарскага індывідуалізму". Памятаю як людзі праводзілі ваду да двароў, у лазьні і на "гароды".

Інфраструктуру вясковага вадаканалу заклалі тады не благую. Але шматгадовыя вясковыя традыцыі ці проста звычкі не дазвалялі аднавяскоўцам ужываць ваду з "калонкі" у ежу. Яны лічылі яе не прыдатнай у ежу "другога гатунку" і для гэтых мэтаў у кожнага паважаючага сябе гаспадара быў калодзеж. Нават свой ская жывёла, часам, адмаўлялася ўжываць ваду з "калонкі". Калі ў майго дзеда быў конь, то ён быў выхаваны піць толькі "чыстую" ваду з калодзежу. З калонкі ніколі ня піў, нават калі і хацелася...

У таго, хто жыў недалёка ад вежы быў абавязак пастаянна сачыць за тым, каб вада ў вежы была і пры неабходнасьці менавіта ён хадзіў "уключаць насос". Так было да таго часу пакуль насос не зламаўся... Грошай на яго замену не знайшлося і вяскоўцы страцілі магчымасьць карыстацца "вясковым вадаправодам". Хаця асабліва мала хто перажываў з гэтай нагоды, проста "нагрузка" на студні і калодзежы павялічылася. Ды і колькасьць "спажыўцом" у хуткім часе скарацілася на столькі, што не было сэнсу рамантаваць вежу... Цяпер на ёй кожнае лета жывуць буслы...





© Hudzilin Siarhei / Гудилин Сергей

успаміны, village

Previous post Next post
Up