Беларуская пятніца. Пра сталасць і даросласць

Feb 13, 2015 09:00

Як вызначыць, ці з'яўляецца асоба сталай? Не тайна, што часам сталасць прыходзіць вельмі рана, а здараецца, што і ў сорак гадоў чалавек эмацыйна трымаецца, як дзіця.

Мне думаецца, што сталасць - гэта здольнасць браць на сябе адказнасць. Спачатку дзеці вучацца браць адказнасць за нейкую справу. Потым прыходзіць адказнасць за жыццё, у першую чаргу за ўласна сябе, за сваё жыццё, за мінулае і будучыню сваіх дзеянняў. Далей ужо прыходзіць магчымасць браць адказнасць за іншых, без розніцы, за раслінку, жывёлу ці чалавека. Часам бацькі думаюць, што другі і трэці этапы ідуць у адваротным парадку, але гэта не так. Нельга даверыць жывое таму дзіцяці, які не навучыўся зберагаць сябе, які не кантралюе сябе на вуліцы, у хаце, які не адчувае небяспеку.

Здараецца так, што дзіцячая сталасць узнікае заўчасна. Калі жыццёвыя абставіны прымушаюць дзяцей клапаціцца пра рэчы, якія ў ідэале павінны рабіць іх бацькі. І як ні дзіўна, дастаткова часта дзеці паказваюць нядрэнныя вынікі ў такіх сітуацыях, але тут мы прыходзім да другога моманту - даросласці. Нажаль, сталасць няроўная даросласці. Узяць адказнасць і вытрываць яе цяжар - гэта далёка не адно і тое ж. Сколькі на свеце сітуацый, калі нават пры жывых і дастаткова адказных бацьках дзяцей спрабуюць зрабіць больш дарослымі, чым яны ёсць. Нарадзілася другое дзіця і "раптам" двух-, трохгадовае дзіця стала "старэйшым", яму кажуць, што ён ужо вялікі. Пайшоў у школу і - ага - ты ўжо не дзіця. Адсвяткаваў нейкі чарговы дзень нараджэння і... ну вы зразумелі.

І такога вельмі шмат. Адносіны да дзяцей з такіх пазіцый - гэта вельмі небяспечна. Якім бы "вялікім" не лічылі малога, ён не ацэньвае сітуацыю так, як дарослы, ён не мае такой фізічнай сілы і канцэнтрацыі ўвагі. Нарэшце, ён не мае такой эмацыйнай устойлівасці.

Вось чаму мяне крыху падбешвае, калі да Гануські спрабуюць падсоўвацца з размовамі на тэму: "Вось народзяцца вашы двайняткі, будзеш маме дапамагаць, ты ж ужо вяліііікая". Патлумачыла ёй, што яна "заўсёды" будзе для мяне маленькай і любімай дачушкай, таму няхай не прыслухваецца да падобных гутарак. І я спрабую заўсёды памятаць, што пры сваіх адказнасці, адэкватнасці і жаданні дапамагчы мне фізічна і псіхалагічна, яна застаецца дзяўчынкай, якая мае права на баязлівасць, неўважлівасць, апантаную гульню і многае іншае, што цяжка дазволіць даросламу, але натуральна бачыць у дзяцей. Спадзяюся, так я здолею пазбегнуць суперніцтва паміж дзецьмі, не адабраць у Ганулькі дзяцінства і пакінуць паміж намі добрыя адносіны.

Беларуская пятніца, Детство, Пузики, Семья, Аня, Работа над собой, Мысли

Previous post Next post
Up