Беларуская пятніца. Хуткая дапамога

Jan 23, 2015 08:00

Сто гадоў таму, у апошніх класах школы, я кожны аўторак, сераду і чацвер (здаецца, іменна так і я не памыляюся), адыходзіла на сон самая апошняя ў нашай кватэры. Тата вельмі рана ўставаў на працу, мама з часам перайшла на яго расклад, брат з дзяцінства быў жаўруком, так што ледзь не ў дзевяць вечара ўсё ў хаце заціхала. І толькі я выключала святло і лажылася проста на падлогу з падушкай і коўдрачкай у гасцінай пад тэлевізарам. Там ішла "Хуткая дапамога", той серыял, з якога пачалася мая любоў да медыцыны ў жыцці і серыялах. Менавіта адтуль я даведалася пра такія тэрміны, як брыжэйка, трахеатамія, інтубацыя і г. д. Тады не было ні Вікіпедыі, ні інэту, прынамсі, у мяне яго не было, таму даводзілася запісваць незнаёмыя словы і пытацца пра іх у матулінай сяброўкі, якая працавала медсястрой у траўматалогіі. Сацыяльныя тэмы, асабістыя зносіны, каханне паміж героямі - усё гэта я любіла, але медыцына закрывала ўсё, гэта дзеля яе я прыклейвалася да экрана.

Я не прысвяціла сваё жыццё медыцыне, магчыма, гэта і добра, бо медыкі маюць занадта мала асабістага часу, а мая сям'я - гэта самае важнае ў маім светапоглядзе. Але некалькі разоў даводзілася аказвацца ў нейкіх крытычных сітуацыях, калі патрэбна было хуткае рэагаванне, і кожны раз я ў думках дзякавала "Хуткай дапамозе" за тое, што яна ў свой час навучыла мяне супакоіцца і дзейнічаць.

На гэтым тыдні ў маіх серыялах утварыўся вялікі перапынак, думала-думала, што паглядзець і раптам вырашыла пераглядзець тое, з чаго ўсё пачыналася. Прайшло гадоў ці не 15 з апошняй серыі, было страшна, што ўражанні будуць дрэннымі, але я хвалявалася марна. Так, прычоскі крыху вінтажныя, але гэта лухта, галоўнае, што ўсё, за што я люблю гэты праект, засталося на месцы. А гэта іх кароннае: "Раз, два, узялі!" - я проста млею. Першы сезон ужо мінуў, наперадзе яшчэ чатырнаццаць, здаецца, столькі часу разам з любімымі. Як жа цудоўна :)

Беларуская пятніца, Сериалы

Previous post Next post
Up