Беларуская пятніца. Пачатак.

Jan 02, 2015 18:30

Як слушна заўважыла ў сваім допісе asia-paplausk, беларускамоўных допісаў стала неяк меней нават за тый не самы вялікі прамежак часу, які ў ЖЖ жыву я. Сама я літаральна пад навагодняй ялінкай таксама думала, што раней пісала тут нешта беларускае часцей. Крыўдзіцца тут няма за што, трэба выпраўляцца. Каб неяк навесці парадак, завяду новы тэг "Беларуская пятніца" і стану пісаць кожную пятніцу што-небудзь на беларускай, прычым паспрабую не прывязвацца ні да якай тэмы, важна толькі мова. Калісьці чытала пра сям'ю Леніна, дзе адзін дзень на тыдзень размаўлялі нейкай замежнай, ужо нават не памятаю якой. Думаецца, што менавіта такі фармат і патрэбны. Магчыма, маю ініцыятыву падтрымаюць іншыя беларускія блогеры і гэта не павінна быць іменна ў пятніцу, але так добра стане, калі ў беларускім топе больш постаў будзе па-беларуску, пра самае рознае.

Гэта была прысказка, а цяпер сам пост. Новы год мы сустракаем і працягваем пакуль праводзіць у Слуцку. Гасцюем у маёй любай матулькі. Яна мяне, як курку з залатымі яечкамі ўнутры, вызваліла амаль ад усіх кулінарных клопатаў, што неяк сбалансавала немагчымасць выпіць два-тры бакалы спіртнога :) (гэта я, зразумела, жартую). Да адзінаццаці збегалі з Гануськай да суседкі мамінай, бабулі Валі, павіншавалі, пагасцявалі і назад да стала. Паглядзелі тэлевізар, што вельмі рэдка ў нас бывае, бо свайго не маем, а ў гасцях няма калі яго ўключаць звычайна, паслухалі віншаванні прэзідэнта нашага, яшчэ з паўгадзіны пасядзелі ды і спаць зазбіраліся. Але нас выратавалі сябры нашай сям'і з далёкіх часоў, калі мяне яшчэ і на свеце не было, якія знянацку прыйшлі ў госці і пасядзелі з намі яшчэ некалькі гадзін. Добра было пагутарыць хоць бы і не аб чым :).

Першага студзеня слізгата была проста неверагодная, я такую ўжо даўно не памятаю, таму далёка не пацягнуліся. Добра, што мама жыве ў самым цэнтры. Пайшлі ў новы слуцкі гандлёвы цэнтр "Маяк", які вельмі добра змясціўся ў будынку былой макароннай фабрыкі. Што б там ні казалі, вельмі добра, што ствараюцца такія мега-крамы, асабліва ў невялікіх гарадках. У іх, пад адным, так мовіць, дахам яднаюць і кафэшку, і дзіцячы цэнтр, і міні-кавярню, і самыя розныя крамы. Праўду кажучы, учора там акрамя прадуктовага, кавярні і падарункавага нічога не працавала, але мне ўсё ж такі падабаецца гэта месца. Сумна толькі, што пра ўласны хлеб з іх пякарні, які мы яшчэ не вельмі рассмакавалі, бо асабліва часу не было, але выглядае вельмі прывабна, баб Валя кажа: "Ой, які хлеб, ён занадта дарагі". Шкада, што многім случакам ён не па кішэні.

Сёння з'ездзілі ў Чырвоную Слабаду да Максавай бабулі Вольгі, у іх там двухмесячнае шчанё жыве, дробненькі, смешны, Бобікам назвалі, Гануська нагулялася з ім. Кажуць, што лякарню закрываюць, мусяць ездзіць у Салігорск, такое жыццё, добра калі яшчэ ФАП пакінуць.

Такія вось гісторыя, месцамі сумныя, месцамі звычайныя, месцамі вясёлыя, але год пачаўся, веру, што ён будзе станавіцца лепей і лепей з кожным днём, чаго і вам жадаю. І да новай беларускай пятніцы.

Новый Год, Беларуская пятніца, Семья, Отдых, Слуцк

Previous post Next post
Up