Як "Heta Svajo" і іншыя моўныя атракцыёны заб'юць беларушчыну

Apr 04, 2014 07:49

Чалавек распісаў іменна тое, што я даўно ўжо ў сваёй галаве думаю. У гэтым пытанні я цалкам з ім згодная.

Оригинал взят у vital_stan в Як "Heta Svajo" і іншыя моўныя атракцыёны заб'юць беларушчыну

З нагоды http://www.svaboda.org/content/article/25319813.html

Давайце-давайце, каб адгарадзіцца ад беларусаў яшчэ больш, каб не пашырыць на іх свой уплыў, а замкнуцца і хутчэй вымерці. Што ў людзей з логікай. Да беларушчыны людзі цяпер прыходзяць у большасці з русіфікаваных. Лацінка не адгародзіць ад русіфікацыі тых, хто і так ужо быў русіфікаваны. Яна не паставіць бар'ер да кірыліцы тым, хто і так яе ведае. Ужыванне лацінкі пры пісанні беларускай мовай цяпер актуальнае хіба для жыхароў каталіцкай Сакольшчыны ў Польшчы, якія кірыліцы не ведаюць, і то ў мэтах захаванасці ад паланізацыі (праект "Простая мова" ці неяк так). Пераходзячы на лацінку, вы рэалізуеце сутнасць секты-багемы, якая і так рэалізавалася раней у лягчэйшых формах. Двух правапісаў (насамрэч, двух "мэйнстрымавых", бо розных адгалінаванняў яшчэ болей) мала, дык ужо падавай яшчэ адну варыяцыю. Гэта падзел сіл, ускладненне жыцця ўсім беларускамоўным, бо яны складаюцца не толькі з гуллівай багемы, але і са звычайных людзей, што былі беларускамоўнымі здаўна і былі навучаныя адпаведным правапісам з адпаведнай графікай у тутэйшых школах.
Калі хочаце, каб беларуская мова ўстала на ногі, пачніце ставіцца да яе стану сур'ёзна. Яе стан неспрыяльны, мове патрэбная стабілізацыя, практычнасць, функцыянальнасць, менш праблем. У яе шмат праблем, гэта адна з найгалоўнейшых прычыны, чаму рускамоўныя асцерагаюцца далучацца да беларускай мовы. Тут жа хочуць колькасць праблем павялічыць. Чаму той-сёй кажа пра малую развітасць - таму што шмат праблем і замест іх змяншэння няўрымслівыя моўныя гарэзнікі імкнуцца павялічыць іх лік. Весела, гармідар. Нібыта нашы ва ўладзе і ўсё пад кантролем. Гэта ўсё камусьці нейкая забава, атракцыён.
Трансліт у метро той жа. Акадэмія Навук зацвердзіла, ААН пагадзілася. Міжнародна-навуковыя аспекты задаволеныя. Усіх, хто не разумее, адсылалі б да АН і ААН. Дык не ж, варта было падымаць гэтую хвалю "Алярм, Анлайнер кляўзнічае ў духу сталінскіх даносаў, каб забіць беларускую традыцыю!" Што свядомыя паказалі гэтым - тое, што проста беларускай мовы ў надпісах і гукавых абвестках ім мала, тое што для іх і гэты трансліт важны у спісе інтарэсаў. Выбачайце, але гэта нівеліруе нафіг усе змаганні за беларускую мову, як нешта асобнае ад палітыкі, гэта паказвае беларускамоўных як клуб аматараў гістарычных атрыкцыёнаў без рэальнай, пільнай патрэбы, якую трэба абараняць. Людзей, якія выхоўваліся ў беларушчыне першапачаткова, а не пераходзілі на яе з рускай, я ведаю ў малой колькасці. Вось гэтай малой колькасці беларуская мова і ёсць найважнейшы інтарэс. Але іх інтарэс патоне і будзе незаўважаным, калі іх будзе захіляць натоўп вось гэтых аматараў атракцыёнаў. Для рускамоўнай большасці і так бывае вялікім адкрыццём тое, што быць беларускамоўным - неабавязкова перайсці з рускай мовы,то-бок, што беларуская мова неабавязкова - гэткая надбудова над нармальна-базавай расійшчынай. Вось жа аматары атракцыёнаў толькі пацвярджаюць перакананні рускамоўных пра найгранасць патрэбы ў беларускай мове. Маўляў: Вось вам беларуская мова - Мала, трэба яшчэ іншы правапіс, хаця пачакайце, зноў мала, давайце і іншы алфавіт.
Для тых, хто не ведае, Наша Ніва пачатку 20 ст. выходзіла 2 алфавітамі, гэта складала цяжкасці, сярод чытачоў быў праведзены рэферэндум, каб перайсці на адзін алфавіт. У выніку перайшлі на кірыліцу. Тэндэнцыя да пераходу на - кірыліцу - адзначылася і падчас 2-й сусветнай вайны, падчас беларускамоўнай адукацыі. Дык не ж, свядомасць паноптыкума - прайсціся па музеі і захапіць ад яго нешта з кожнай эпохі, не зважаючы на пераемнасць і развіццё. Пакіньце лацінку для гісторыі і для спецыфічных мэт транслітарацыі для паказу за мяжой.
Прыкладу Украіны камусьці недастаткова. Там украінамоўных (рэальна ўкраінамоўных, якія выхоўваліся гэтак з дзяцінства) цэлая Заходняя Украіна, там было пару дзесяцігоддзяў адзінай дзяржаўнай украінскай мовы, і нават пры гэтым не ўдалося выхаваць поўную лаяльнасць рускамоўных украінцаў да ўкраінскай мовы, разуменне яе натуральнасці і першаснага значэння ва Украіне. Нават пры гэтым застаецца магчымым падаграваць настроі супраць "бандэраўцаў". Нашых свядомых гэта нічому не вучыць. Беларускамоўных тут жменька, рускамоўная большасць практычна не ўяўляе, як беларушчына можа быць першаснай, а не вытворнай, спраецыраванай ад расійшчыны, як тут можа быць базавым штось акрамя расійшчыны - і пры гэтым самаўпэўненасць свядомых зашкальвае. З такім вектарам нацыянальна свядомых чакае абвастрэнне канфлікту з рускамоўнымі, бо тут далёка не Украіна, бо тут русіфікацыя не толькі паспяхова патрымліваецца з Расіі, але і здольная паспяхова рухацца па інерцыі.
Калі не будуць выпрацаваны падыходы, накіраваныя на мірнае суіснаванне з рускамоўнымі Беларусі, разам з акуратным пашырэннем уплыву за кошт дыпламатычнай, пазітыўнай рыторыкі, то беларускамоўныя могуць загнаць самі сябе ў кут. Пра гэта shupa пісаў у артыкуле пра перспектыву аднамоўя (па слядах выступу Беленькага). Кола свядомых можа пашырацца за кошт рускамоўнага кола, але з аднолькавым поспехам яны могуць адпадаць назад, што я бачу на многіх прыкладах. Больш за тое, прыроджаныя носьбіты беларускай мовы могуць знікнуць натуральным чынам. Так што, калі не будзе створана альтэрнатывы цвердалобаму атракцыённаму ура-патрыятызму, то беларускамоўныя могуць знікнуць як этнакультурная катэгорыя - застанецца секта кшталту рэлігійнай. Але ці ёсць у нашага нацыянальнага адраджэння лідары, каб спыніць цырк?
Вось жа паланізатары, распаўсюджваючы ў беларускіх каталіцкіх касцёлах "Сьпевник косьцельны" на кірыліцы, робяць так, каб лягчэй данесці сваю культуру да беларусаў. Відаць, для некаторых свядомых беларусаў вяртанне беларушчыны да русіфікаваных беларусаў, наадварот, неактуальнае, калі яны прапагандуюць адмову ад дэ-факта наяўнай і пашыранай кірыліцы.

Мова, Беларускае, Беларусь

Previous post Next post
Up