Балет Вітаўт

Oct 19, 2013 01:18

Схадзілі з Максімам на балет. Калі ўбачыла ў афішы нацыянальную тэму, зразумела, адразу вырашыла наведацца. На прэм'еру трапіць не ўдалося, але пашчасціла на гэтым тыдні, калі мы святкуем 8 гадоў з дня нашага вяселля. Таму атрымаўся цудоўны падарунак нам абодвум.

Пачну з цытаты ад Вячаслава Воліча з праграмкі: "Самае галоўнае, для мяне вельмі важна, што новы твор сучаснага аўтара прагучыць са сцэны вядучага музычнага тэатру краіны." Вось прыкладна падобнае важна і для мяне. Мне падабаецца класіка, але як жа прыемна ведаць, што такі спектакль пакуль акрамя нашага опернага болей нідзе не пабачыш.

Гісторыя, якую ўзялі за аснову лібрэта, вельмі падыходзячая для тэатральнай пастаноўкі. Баланс драматычнага і лірычнага тут вытрыманы да поўнай гармоніі. Я крыху баялася, што па заяўленай тэме будзе мужчынскі спектакль, з "ваеннымі маршамі і барабанамі", але жаночая лінія, музыка ў адажыа настолькі пяшчотная, моцна-душэўная, што раз-поразу мільгала думка заплюшчыць вочы і проста аддавацца ёй. Дарэчы пра працу кампазітара. Яна ў гэтым балеце вельмі моцная. Нечакана я не проста атрымала асалоду ад спектаклю наогул, але і вычапіла для сябе некалькі самых-самых момантаў. Першы - гэта калі Вітаўт адпраўляецца на вяселле Ягайлы. Выразныя ноты калыханкавага тыпу былі настолькі нечаканымі для мяне ў гэтым эпізодзе, наколькі і спадабаліся мне. Харэограф вельмі ўдала падкрэсліў гэта, калі вымусіў ад танцораў-мужчын як бы калыхаць сваіх партнёрак. Другі момант - гэта час Вітаўта ў астрозе. Боль і пяшчотныя ўспаміны злучыліся ласкавым дуэтам, і ніхто ў зале не застаўся раўнаважным ад моцу пачуццяў вязня.

Вельмі добра, што мастакі спектаклю задалі сціплы тон афармленню сцэны. Амаль чорны фон добра цэнтруе ўвагу на героях, на іх думках і дзеяннях, не адцягваючы ўвагу на дэкарацыі. Касцюмы таксама ўдаліся, як на маю думку. Яны дапамагаюць намаляваць вобраз герояў з аднаго боку, але не перашкаджаюць памятаць, што справа не ў абставінах справы і не ў гістарычным перыядзе, а ўласна ў асобах герояў.

Прыемна, калі акцёры маюць падыходзячы ўзрост і знешні выгляд для сваіх роляў, а ў гэтым сэнсе менавіта гэты спектакль абсалютна ідэальны. У Вітаўта хочацца закахацца адразу і назаўсёды, Ганна - сапраўдная выбранніца будучага вялікага князя. Ягайла з Ядвігай таксама радавалі душу ды і астатнія героі таксама на сваім месцы.

Зразумела, я зусім не спецыяліст. Я не бачу, напэўна, недахопы, але я не бачу і тыя перамогі, якіх дабіліся танцоры. Так што ўсё суб'ектыўна-справядліва. І я скажу, што мне спадабалася вельмі. Я з задавальненнем пагляджу і паслухаю гэты спектакль яшчэ нават не адзін раз. Засталося толькі дадаць фота і вось яно.



Интересное, Театр, Беларускае, Отдых, Беларусь

Previous post Next post
Up