“Замалёўкі” з верасня 1939 г. Польская “Лінія Мажыно” і ахвяра Катыні

Aug 11, 2022 12:52


Падчас працы над кнігай “Лінія Пілсудскага”, прысвечанай гісторыі польскіх доўгатэрміновых умацаванняў на мяжы з БССР, я вывучыў сотні тэчак архіўных дакументаў, а таксама праглядзеў значную колькасць перыядычных выданняў 1930-х гадоў. У кантэксце падзей 1939 г. асаблівую цікавасць выклікаюць публікацыі ў галоўнай савецкай газеце “Праўда”.



Адзін з польскіх ДАКаў пад Баранавічамі



Польскія ДАКі абышлі з тылу

“Рэпарцёры” гэтага выдання занатоўвалі кожны, убачаны на “былой польскай тэрыторыі” момант: замак Радзівілаў у Нясвіжы, будынкі, дзе жылі асаднікі, вывескі на шматлікіх крамах, карацей, зусім іншы, чым у СССР, стыль жыцця. Як адзначыў тады адзін з аўтараў “Праўды”, “маладыя чырвонаармейцы раней чыталі пра буржуяў і капіталістаў толькі ў кнігах, а цяпер яны ўбачылі іх сваімі вачамі”.



Савецкія вайскоўцы разглядаюць польскі ДАК пад Баранавічамі

Шмат публікацый было прысвечана і польскаму войску. Яго бязлітасна крытыкавалі і ператваралі ў “афіцэрскія банды”. Дасталося ад маскоўскіх карэспандэнтаў і польскім умацаванням пад Баранавічамі. “У свой час палякі тлумачылі, што кепскія дарогі, так бы мовіць, частка іх стратэгічнага плана ў меркаванай вайне супраць Савецкага Саюза. Меркавалася, што па кепскіх дарогах Чырвоная Армія не так хутка дабярэцца да Баранавіцкага ўмацаванага раёна, так званай “польскай лініі Мажыно”. “Лінія Мажыно” - гэта гучыць горда. Тым не меньш, на месцы спадара Мажыно, я б пакрыўдзіўся. Як вядома, вышэй узгаданая “польская лінія Мажыно”, не гледзячы на кепскія дарогі, была занята часцямі Чырвонай Арміі літаральна праз некалькі гадзін пасля пачатку наступу. Чырвоная Армія рухалася па кепскіх дарогах хутчэй, чым польскія часці, якія павінны былі заняць бетанаваныя гнёзды ў сваім знакамітым умацаванні.



Савецкі танк Т-26 са складу 29-й легкатанкавай брыгады, якая "прарывала" польскія ўмацаванні пад Баранавічамі

Часці Чырвонай Арміі, прарываючыся як віхура, праз хвалёную “лінію Мажыно”, ударылі з тылу. Байцы падыходзілі да бетанаваных гнёздаў з тылу, грукалі прыкладамі ў сцены і крычалі: “Выходзце паны, будзе, паваявалі”. І паны выходзілі з шаблямі ў руцэ і ботамі пад пахай. Так, што кепскія дарогі абсалютна не дапамаглі і не падтрымалі славу польскай зброі. Затое я асабіста пацярпеў. На адной, асабліва стратэгічнай калдобіне, машыну так штурханула, што ў Панамарэнкі скокнула фуражка, а я стукнуўся галавой аб верхняе перакрыццё і зарабіў салідную шышку, так што да сіх пор пры слове “Мажыно” у мяне чухаецца макушка.



Польскія ДАКі ў раёне в. Дарава

А вось, што пра Баранавіцкі ўмацаваны раён сказаў камандуючы фронтам, таварыш Кавалёў: “Добры ўмацаваны раён. Шмат выдатных сухіх памяшканняў. Я думаю, мы яго аддадзім беларускаму народу, няхай у яго бульбу ссыпае”, - пісаў у сваіх “Шляхавых нататках”, якія публікаваліся ў верасні 1939 г. у газеце “Праўда”, будучы савецкі пісьменнік Валянцін Катаеў.



Польскі ДАК ля Дарава

Трэба аднак падкрэсліць, што вышэй узгаданы тэкст быў далёкі ад сапраўдных падзей, якія разгортваліся ля польскіх умацаванняў пад Баранавічамі ў верасні 1939 г. У момант савецкага ўварвання ў Баранавічах ужо не было падраздзяленняў польскай 20-й пяхотнай дывізіі, жаўнеры якой павінны былі абараняць “польскую “Лінію Мажыно””.



Жаўнеры 78-га пяхотнага палку Войска Польскага з Баранавічаў, які ўваходзіў у склад 20-й пяхотнай дывзіі

Увесну 1939 г. гэтае вайсковае злучэнне было перакінута на поўнач Другой Рэчы Паспалітай, на мяжу з Усходняй Прусіяй, дзе яе жаўнеры пачалі рыхтавацца да баёў супраць нацыстаў. Пасля гэтага ў Баранавічах праводзілася мабілізацыя рэзервістаў для адпраўкі менавіта пад Млаву.



Польскі ДАК пад Млавай

Польскія ДАКі ў раёне Дарава, Торчыц, Сталовіч, Арабаўчыны і на Шчары пільнавалі хлопцы з “JHP” (польскай маладзёвай парамілітарнай арганізацыі), якія не былі ўзброеныя і не маглі замяніць добрападрыхтаваных жаўнераў 20-й дывізіі Войска Польскага.



Надпіс у адным з польскіх ДАКаў пад Млавай

Аднак камандаванне савецкай 29-я лёгкатанкавай брыгады гэтага не ведала (так кепска працавала савецкая выведка) і таму сапраўды загадала сваім танкістам хутчэй заняць Баранавічы і “не даць магчымасць польскім войскам заняць умацаванні”. Цікавым момантам было тое, што 20-я польская дывізія, якую яшчэ неафіцыйна называлі “беларускай” (там служыла шмат выхадцаў з паўночна-усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай) накіравалася пад Млаву з усімі сваімі тыламі (забіралі нават коняў і элементы абсталявання агнявых кропак). Усё гэта спатрэбілася летам 1939 г. пры стварэнні новых ўмацаванняў пад Млавай, якія будавалі польскія сапёры з Баранавічаў.



Юнакі з "JHP" падчас прац

Па савецкіх дакументах у палон пад Баранавічамі трапіла дастаткова шмат жаўнераў Войска Польскага. Але яны не мелі дачынення да 20-й дывізіі. Хутчэй за ўсё гэта былі выпадковыя польскія вайскоўцы, якія трапляліся савецкіх танкістам на шляху да Баранавічаў. Праўдзівым у апісанні Валянціна Катаева з’яўляецца факт, таго, што Чырвоная Армія абышла польскія ўмацаванні з тылу. Пра гэта ўзгадваецца і ў часопісе баявых дзеянняў Беларускага фронта.



Савецкая вайсковая тэхніка са складу 29-й лёгкатанкавай брыгады

Да таго, ж варта адзначыць, што Баранавіцкі ўмацаваны ўчастак Войска Польскага ў 1930-я гады сапраўды быў адным з найбольш сучасных польскіх памежных умацаванняў і складаўся з розных відаў доўгатэрміновых умацаванняў. Варшава разлічвала на гэтыя ДАКі ў выпадку вайны з СССР. Ведалі пра моц ДАКаў пад Баранавічамі і ў Крамлі.



Амбразура аднаго з польскх ДАКаў ля Млавы

Таму і “прарыў” польскіх памежных умацаванняў на мяжы з БССР ужо ў першы дзень уварвання ўспрымаўся савецкім камандаваннем, як сапраўдная перамога.

Маёр з “катынскага спісу”

Тэма польскіх ўмацаванняў пад Баранавічамі ўзгадвалася і ў іншых публікацыях газеты “Праўда”. Вось, што адзначалася ў адным з нумароў, у канцы верасня 1939 г.: “20 верасня мы ўбачылі ў Мінску першых палонных польскіх афіцэраў. Яны добра размаўляюць па-расейску, шмат хто з іх служыў у царскім войску, а маёр Вільгельм-Юліян Кісель, звякнуўшы шпорамі, адракамендаваўся, як штаб-ротмістр лейб-гусарскага палку яго вялікасці. […] Яшчэ ў суботу яны спакойна леглі спаць, яшчэ ў пятніцу польскія газеты пісалі, пра тое, што ніводнаму войску у свеце не ўзяць умацаваны Баранавіцкі раён, так званую “лінію Мажыно”. “І раптам”, - кажа гусар, - “разумеце”, - і разводзіць рукамі. Тут жа ён і іншыя афіцэры пачынаюць бясконца захапляцца нашымі самалётамі, танкамі, мужнасцю чырвонаармейцаў”, - пісаў у канцы верасня 1939 г. журналіст “Праўды” Б. Левін.



Адзін з польскіх ДАКаў пад Баранавічамі

Варта падкрэсліць што пра ўмацаванні Войска Польскага пад Баранавічамі не пісалі ў  польскім перыядычным друку. Гэтыя вайсковыя аб’екты былі асаблівай вайсковай таямніцай. У месца іх распалажэння да вайны не кожны мясцовы жыхар мог трапіць. А вось узгаданы польскі палонны афіцэр апынуўся рэальнай асобай пра якую варта распавесці больш падрабязна. Вільгельм Святолдыч-Кісель нарадзіўся ў жніўні 1885 г. на Віленшчыне (маёнтак “Полесь”).



Маёр Вільгельм Кісель. Ахвяра катынскіх растрэлаў

У 1906 г. ён скончыў гімназію ў Пецярбургу, а пазней трапіў у Елісавеградскую кавалерыйскую школу. З 1907 па 1917 г. служыў у Рускім імператарскім войску (32-м драгунскім палку, 3-й кавалерыйскай дывізіі, 3-м гусарскім Елісаветградскім палку). Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, дзе змагаўся супраць кайзераўскіх войскау у ва Усходняй Прусіі і ў Літве. Быў паранены. Пасле лячэння вярнуўся на фронт. Быў узнагароджаны Ордэнамі Св. Ганны 3 і 4 ступені, а таксама Ордэнам Св. Станіслава 2-й ступені з мячамі. У лютым 1916 г. Кіселю было прысвоена званне штаб-ротмістра. У баях у Бесарабіі камандаваў конна-кулямётнай камандай, быў двойчы паранены.



Польскія супрацьтанкавыя ўмацаванні пад Баранавічамі. У 1939 г. іх перавязуць пад Млаву

У кастрычніку 1917 г. афіцэр уступіў у І польскі корпус. Пазней трапіў у 3-ю польскую кавалерыйскую дывізію на Данбасе. Пасля гэтага праходзіў службу у штабе ўкраінскага гетмана Скарападскага. У 1918 г. паступіў на службу ў Войска Польскае.

У Цэнтральным вайсковам архіве Польшчы захоўваецца асабістая справа гэтага афіцэра. У званні маёра Вільгельм Кісель удзельнічаў у баях польска-бальшавіцкай вайны пад Баранавічамі і Лідай. Камандаваў татарскай кавалерыяй. У 1920 г. стаў на чале 16-га палка вялікапольскіх уланаў. У 1921 г. вучыўся ў Францыі, пасля чаго служыў у 26-м уланскім палку Войска Польскага. Пазней служыў у розных вайсковых часцях, пакуль у 1931 г. не быў звольнены ў запас. За службу ў Войску Польскім гэты афіцэр быў узнагароджаны Крыжом Мужных (чатыры разы), Медалём за вайну 1918-1921 гг., Медалём Х-годдзя вяртання незалежнасці і іншымі ўзнагародамі.



Унутры аднаго з польскіх ДАКаў пад Баранавічамі

У жніўні 1939 г. маёр Кісель быў прыняты на службу у Запасны цэнтр Паморскай кавалерыйскай брыгады. Падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 г. удзельнічаў у баях супраць немцаў. Падчас адступлення ў бок Літвы трапіў у савецкі палон. Вось у гэты момант у Мінску яго і сустрэў савецкі рэпарцёр Б. Левін. Тады ні журналіст, ні сам польскі афіцэр не маглі ведаць, які лёс прыгатаваны шматлікім польскім вайскоўцам, якія стаялі на станцыі “Мінск-Таварны” раніцай 20 верасня 1939 г.



Амбразура аднаго з польскіх ДАКаў пад Баранавічамі

Пазней Вільгельм Кісель быў накіраваны ў лагер для польскіх вайсковапалонных у Казельску. У красавіку 1940 г. маёр быў пераведзены ў распараджэнне Смаленскага НКУС і хутка растраляны ў Катыні. У 1943 г. яго цела было знойдзена падчас эксгумацыі, якую праводзілі немцы. У кастрычніку 2007 г. Міністр нацыянальнай абароны Польшчы прысвоіў гэтаму чалавеку званне падпалкоўніка. Пасмяротна.



Дошка ў памяць гераізму жаўнераў 79-га пяхотнага палка Войска Польскага, які ў верасні 1939 г. абараняў польскія пазіцыі пад Млавай

Вось такія непростыя сюжэты з верасня 1939 г. на беларускіх землях. Гэта нашая айчынная гісторыя. Яе проста трэба ведаць і вывучаць.

Ігар Мельнікаў

Доктар гісторыі,

Ад’юнкт Гістарычнага інстытута

Уроцлаўскага ўніверсітэта

10-08-2022

савецкія рэпрэсіі, 20 пяхотная дывізія Войска Польскага, верасень 1939 г., 17 верасня 1939 г., Katyń, Катынь, польские укрепления под Барановичами, Баранавіцкі ўмацаваны ўчастак, маёр Вільгельм Кісель, major wilhelm kisiel, polskie schrony pod baranowiczami, польскія ўмацаванні пад Баранавічамі, ДОТы под Барановичами, polskie schrony, газета Правда, Баранавічы, polska fortyfikacja stała

Previous post Next post
Up