У 1935-1936 гг. на тэрыторыі Віленскага ваяводства Другой Рэчы Паспалітай адбылася падзея, якая прыцягнула ўвагу ўсёй польскай грамадскасці.
Супрацоўнікі рачной паліцыі Другой Рэчы Паспалітай. Фота NAC
Жыхары Нарачанскага краю выступілі супраць самавольнага захопу ўладамі возера, якое было адзінай крыніцай сродкаў на пражыванне. Пра гэтую падзею пісала і віленская газета “Слова”.
Рыбакі супраць паліцыі
У 1932 г. польскі ўрад прыняў т.зв. “Рыбацкі закон” - дакумент, паводле якога на тэрыторыі Польшчы ўсе рэкі і азёры нацыяналізаваліся. Пры гэтым водныя артэрыі дзяліліся на “рыбацкія вобласці”, адна з якіх была створана ў Нарачы. Возера без тэндэраў і кансультацый з мясцовымі жыхарамі было перададзена пад упраўленне Дырэкцыі дзяржаўных лясоў. А хутка беларускіх сялян паставілі перад фактам: Нарач здаецца ў арэнду землеўласніку Яблонскаму. У сваю чаргу, сялянам (гутака ідзе, улічваючы сем’і рыбакоў, пра, амаль, 5 тысяч чалавек) улады прапанавалі наймацца на працу да новага ўласніка. Заробак складаў 1 злоты ў дзень. Рыбакі, канешне, маглі паспрабаваць даказаць сваё права на частку возера, аднак дакументаў у вяскоўцаў не было. Сяляне карысталіся возерам на працягу шматлікіх пакаленняў, ад бацькі да сына, і ніхто да натарыўса, безумоўна, не хадзіў.
Возера Нарача
Летам 1935 года нарачанскія рыбакі адмовіліся ад супрацы з арэндатарам і сталі лавіць рыбу, як і раней. Яблонскі выклікаў паліцыю, якая з дапамогай маторнай лодкі спрабавала перашкодзіць “злачынцам”. “У той час, калі ішло паляванне паліцыі за рыбакамі, на беразе сабраліся іх сем’і. Яны бачылі, як паліцэйская маторная лодка буксіравала лодкі, гружаныя рыбай і пацягнула да берага. Як толькі яна пачала набліжацца да берага, жанчыны з крыкам кінуліся ў ваду. Паліцэйскія ад нечаканасці збянтэжыліся. Жанчыны ж, дабраўшыся да лодкі, дружным рыўком перакулілі яе разам з паліцэйскімі пад крыкі адабрэння ўсіх, хто стаяў на беразе. Тым часам, выкарыстаўшы “купанне” паліцэйскіх, рыбакі адчапілі свае лодкі з рыбай і пагналі іх на сярэдзіну возера. Паліцэйскія больш не адважыліся паляваць за рыбакамі”, - узгадвала ў успамінах адна з удзельніц тых падзей. Акрамя гэтага, нарачанскія рыбакі рабілі пасткі для супрацоўнікаў лясной гаспадаркі. У дно озера ставіліся косы, якія не былі бачныя з лодак. Такім чынам, з дапамогай сельскагаспадарчага інветару знішчаліся казённыя сеці. У выніку Дырэкцыя дзяржаўных лясоў панесла страты ў некалькі тысяч злотых.
Рэакцыя ўлад
Прадставім сябе, што такія падзеі адбываюцца з БССР. Ужо на наступны дзень беларускія вёскі, якія ўдзельнічалі ў выступленні, атачылі б жаўнеры ўнутраных войскаў НКУС, памежнікаў і чырвонаармейцаў. Хутка ўсе мужчыны, жыхары гэтых населеных пунктаў, былі б узятыя пад ахову і накіраваныя ў турмы, дзе б рыхтаваліся да судоў “тройкі”. Польскія ўлады паступалі больш дэмакратычна, але арышты ўсё роўна праводзіліся.
Рачны паліцыянт, NAC
Галоўнай іх мэтай было жаданне напужаць беларускіх сялян і адбіць у іх жаданне выступаць супраць улад. Некаторых, найбольш актыўных жыхароў Нарачанскага краю, прысудзілі да непрацяглых тэрмінаў турэмнага зняволення. Хутка ў неспакойны рэгіён пачалі прыязжаць польскія чыноўнікі. З Пастаў да бунтароў прыехаў павятовы стараста, а з Вільні - ваявода. Яны пераконвалі беларусаў ісці на працу да пана Яблонскага, які павінен быў забяспечыць іх неабходным для лоўлі рыбы абсталяваннем.
Паліцыянты ратуюць чалавека, фота NAC
Нарачанскія сяляне дамовіліся з уладамі, што адлоў рыбы будзе рабіцца з дапамогай двух невадаў. Як адзначаў польскі журналіст Юзаф Мацкевіч у газеце “Слова” за 11 лютага 1936 г., “дзеля таго, каб набыць гэтыя прылады прыйшлося скідацца 120 сялянам”. Аднак калі прыйшоў час плаціць па рахунках, Дырэкцыя дзяржаўных лясоў адзначыла, што гатовая заплаціць за рыбу толькі дзве трэціх ад рынкавага кошту. Рыбакі не пагадзіліся на гэтую прапанову і павезлі 800 кг улову ў Вільню, каб прадаць мясцоваму гандляру. Там нарачан ужо чакала паліцыя.
Камуністы спрабуюць умяшацца
Яшчэ ў самым пачатку “Нарачанскага паўстання” яго спрабуе каардынаваць Кампартыя Заходняй Беларусі. У задачу гэтай арганізацыі як раз і ўваходзіла арганізацыя такога кшталту выступленняў, але ў Нарачы ўсё пачалося без камуністаў. Небяспеку камуністычнага ўплыву на Віленшчыне адзначаў у сваім артыкуле Юзаф Мацкевіч: “Менавіта на гэты момант чакае камуністычны агітатар. Ён прыходзе ў вёску з Усходу і кажа: “Вось яна фашыстоўская Польшча. Загінеце вы з голаду”. У другой палове чэрвеня 1935 года пад кіраўніцтвам эмісараў КПЗБ быў арганізаваны вялікі сход рыбакоў на якім абралі забастовачны камітэт.
Рыбацкія лодкі на Нарачы, фота NAC
У жніўні таго ж года на падобным мерапрыемстве выступіў прадстаўнік ЦК кампартыі Заходняй Беларусі Аляксандр Багданчук. Разам з тым, не варта перабольшваць ролю КПЗБ у нарачанскіх падзеі. Тамтэйшыя сяляне змагаліся не пад чырвонымі сцягамі, але за прыватную ўласнасць. Больш таго, з матэрыялаў віленскай газеты “Слова” вынікае, што рыбакі падчас сходаў называлі сябе “частниками” (прыватнымі ўласнікамі). Як вядома, гісторыю пішуць пераможцы і ў пасляваенны час быў прыдуманы міт пра кіруючую ролю заходнебеларускіх камуністаў падчас “нарачанскага паўстання”.
Чыгуначная станцыя "Нарач", фота NAC
У лютым 1936 года рыбакі з Нарачы вырашаюць арганізаваць агульны страйк. Вось, што пісаў пра гэта Юзаф Мацкевіч: “Што чакала рыбакоў дома? Галодныя сем’і, даўгі. Апошні грош быў укладзены ў набыццё сеці, якой ім не дазволена лавіць рыбу на ўласным возеры. [...] На адным са сходаў беларускі селянін кажа: “А як цяпер нам жыць? У нас зямлі гэтай як у карыце. Дзеды і прадзеды жылі вунь з возера”. У агульным байкоце ўдзельнічалі жыхары вёсак Наносы, Падрэзы, Купа і іншых. Дарэчы, у газеце “Слова” рабіўся вялікі акцэнт на цяжкае эканамічнае становішча беларускіх рыбакоў. Аўтар публікацый быццам бы апраўдваўся і пазначаў, што ён не падтрымлівае рэвалюцыйныя выступленні, аднак жадае разабрацца ў прычыне “паўстання”.
Мясцовыя “перамаглі”
Сяляне прагналі арандатара Яблонскага, база якога знаходзілася паміж вёскамі Мікольцы і Пасынкі. Больш таго, нарачанскія рыбакі не дазволілі штрэхбрейкерам лавіць рыбу. У адказ паліцыя затрымала некалькіх “паўстанцаў” і накіравала іх у турму. Аднак сітуацыя для ўлад была цяжкай і, у рэшце рэшт, яны вымушаны былі саступіць. Дырэкцыя дзяржаўных лясоў пагадзілася на тое, што сяляне ловяць рыбу сваімі сецямі, а пазней прадаюць яе лясной ахове па 50 грошай за кілаграм. Нарачане таксама атрымалі права прадаваць частку ўлова ў іншых месцах.
Рыбакі на возеры Нарач, фота: NAC
Лясной адміністрацыі прыйшлося расплаціцца з жыхарамі Нарачы за канфіскаваную раней рыбу. Нарэшце, затрыманыя паліцыяй жыхары беларускіх вёсак былі вызвалены. Не гледзячы на гэтыя дамовы супярэчнасці паміж польскімі ўладамі і беларускімі сялянамі не былі вырашаны да моманту пачатку Другой Сусветнай вайны.
Ігар Мельнікаў,
Доктар гісторыі
Ад’юнкт Гістарычнага інстытута,
Уроцлаўскага ўніверсітэта
20-05-2022