Гэты гераічны эпізод заслугоўвае на асобную залю ў Музее абароны Берасцейскай крэпасці. Выкарыстанне старых французскіх танкаў “Renault FT 17” у баях супраць нацыстаў пры абароне крэпасці на Бугу было выклікана цяжкім становішчам Войска Польскага на другі тыдзень Вераснёўскай кампаніі. Тым не меньш, польскія танкісты зрабілі ўсё, што змаглі, каб затрымаць моцна пераўзыходзячага іх у тэхнічным сэнсе ворага.
Танк Рэно, узброены 37-мм гарматай "Пето"
Нараджэнне легенды
Танк “Renault FT 17” стаў сапраўдным бацькам сучасных бронетанкавых войскаў, бо ў ім спалучылася класічная сёння кампаноўка тэхнікі і ўзбраення, характэрная для гэтага віда войскаў. Аўтарам машыны быў французскі генерал Жан Бапціст Эсцьен. Праўда, ёсць меркаванне, што да распрацоўкі танку прыклаў сваю руку і ўласнік машынабудаўнічага прадпрыемства Людвіг Рэно. Французскаму войску спадабалася новая машына і ўжо ў 1917 г. пачалася яе масавая вытворчасць. У 1918 г. з канвеера сышло 2697 новых танкаў.
Танк Рэно ў Бабруйску. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
На той момант гэта была сапраўды рэвалюцыйная навінка. Экіпаж браніраванай машыны знаходзіўся спераду танка, а рухавік ззаду. Зброя размяшчалася ў вежы, якая паварочвалася вакол сваёй восі. Да канца Вялікай вайны 1914-1918 гг. было зроблена 3814 танкаў “Renault FT 17”, аднак прадукцыя гэтага віда бронетэхнікі працягвалася і пазней. Самымі распаўсюджанымі былі машыны, узброеныя кароткаствольнай гарматай “Пето 37-мм”. Іншы варыянт танка быў узброены кулямётам “Гочкіс 8-мм”. Існавалі таксама варыянты танкаў з гарматай 75-мм “Шнайдэр”, ці з радыёстанцыяй замест узбраення. Шасцітонны танк М1917 выпускалі таксама і ў ЗША. Пазней гэты танк сталі рабіць у Японіі, савецкай Расіі, Італіі і інш. краінах. Да таго ж у міжваеннае дваццацігоддзе розныя краіны праводзілі мадыфікацыю гэтых баявых машын. Рабіла гэта, у тым ліку, і Другая Рэч Паспалітая.
Баявое хрышчэнне пад Бабруйскам
Першыя танкі “Renault FT 17” з’явіліся ў танкавым палку Войска Польскага, якое фарміравалася ў Францыі. Польскіх танкістаў рыхтавалі французскія інструктары, а вайсковая адзінка фарміравалася на базе французскага 505-га танкавага палка. Большасць машын, якія атрымалі палякі ад французаў, мелі круглую літую вежу. Першым камандзірам палка стаў француз, падпалкоўнік, Жан Марэ (не блытаць з акторам - І.М.). Ён камандаваў польскай танкавай часцю да лістапада 1919 г., калі яго змяніў польскі афіцэр падпалкоўнік Адольф Энгель.
Жаўнеры Вялікапольскіх войскаў разглядаюць французскія танкі, Бабруйск. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
Упершыню французскія танкі палякі прымянілі ў баях супраць бальшавікоў. Адбылося гэта на тэрыторыі Беларусі. У жніўні 1919 года польска-бальшавіцкі фронт рухаўся на Усход даволі хутка. Пасля захопу польскімі войскамі Мінска Чырвоная Армія рыхтавалася да абароны на лініі Барысаў-Бабруйск-Шацк. Бальшавіцкая 16-я армія пад камандаваннем М. Салагуба атрымала загад трымаць населеныя пункты Даўгінаў, Валокі, Докшыцы. “Чырвоныя” рыхтаваліся да працяглай абароны, і нават не маглі сабе ўявіць, якую зброю супраць іх выкарыстае праціўнік. Польская другая дывізія легіёнаў займала пазіцыі на лініі Пліса-Лужкі, а на Поўнач ад яе дзейнічала камбінаваная вялікапольская дывізія пад камандаваннем генерала Д. Канажэўскага.
Бальшавіцкі браневік "Уралец", захоплены польскімі войскамі ў баях за Бабруйск. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
24 жніўня 1919 года камандуючы Літоўска-Беларускім фронтам генерал-паручнік С. Шэптыцкі выдаў загад 27 жніўня пачаць наступленне на Бабруйск. Аднак з-за таго, што ў склад дывізіі Канажэўскага была аддадзена другая рота 1-га танкавага палку, якой патрабаваўся час, каб дабрацца да месца баявых дзеянняў, дата пачатку наступлення была перанесена на суткі.
Падрыхтоўка да наступу. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
Ужо 18 жніўня 1919 года транспарт з танкамі пад камандаваннем капітана Жана Дзюфура выехаў са станцыі Лодзь у бок Ліды. У Ясень танкі прыбылі 27 жніўня ў 20:30. Наступленне на Бабруйск планавалася ў трох накірунках. Першая група войск падпалкоўніка Арнольда Шылінга павінна была фарсіраваць раку Ваўчанку і ўдарыць на Бабруйск праз вёску Панюшкавічы. Другая група пад камандаваннем палкоўніка Брызана наступала ў цэнтры праз Кісялевічы і Багушэўкі. Трэцяя, пад камандаваннем падпалкоўніка Уладзіслава Андэрса (таго самага, які ў 1941 годзе ўзначаліць польскае войска ў СССР - І.М.), паводле плану, наступала на правым крыле і павінна была захапіць бабруйскія масты.
Жаўнеры Вялікапольскага войска ў Баруйску. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
Бабруйск абаранялі 67-ы і 68-ы стралковыя палкі 8-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі, два батальёны маракоў, 3 бронецягнікі, 4 гарматы, некалькі браневікоў, 25 кулямётаў. Усяго ў горадзе на Бярэзіне знаходзілася 2500 чырвонаармейцаў, якія занялі акопы на старых рускіх абарончых пазіцыях каля ракі Ваўчанкі.
Бальшавіцкі браневік, захоплены польскімі войскамі падчас баёў за Бабруйск. Пазней палякі назвалі яго "Генерал Доўбар", у гонар камандуючага Вялікапольскім войскам і былога камандуючага Першым польскім корпусам у Бабруйскай крэпасці генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
Танкі “Renault FT 17” рушылі з Ясеня а 23 гадзіне. Марш быў даволі цяжкім, таму што тэрыторыя баявых дзеянняў была багністай. Значная колькасць меліярацыйных равоў стварала цяжкасці для французскіх танкістаў. Беларускія сяляне масава выходзілі на дарогі, каб уласнымі вачыма ўбачыць польска-французскіх браніраваных “каровак” (менавіта так у 1939-м годзе польскія танкісты называлі свае, старыя на той момант, танкі, якія нечым сапраўды нагадвалі ўзгаданых жывёл - І.М.). З Баранавічаў танкі рушылі ў накірунку Кісялевічаў. Калона “Renault FT 17” наблізілася да ракі Ваўчанкі. І тут па ёй пачалі страляць гарматы з бальшавіцкага бронецягніку, які знаходзіўся каля вёскі Бібкаўшына. Адначасова французаў атакавалі чырвонаармейцы, абстрэльваючы танкі з кулямётаў. На падтрымку французскім машынам ішла польская пяхота з 4-га палка познаньскіх Вялікапольскіх стралкоў.
Вялікапольскія войскі на пазіцыях ля Бабруйска. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
Першы танкавы ўзвод рушыў у напрамку на Поўнач ад дарогі Баранавічы-Валожын, а два іншых накіраваліся на Поўдзень. Танкі, узброеныя гарматамі, абстрэльвалі пазіцыі савецкай артылерыі, а кулямётныя сканцэнтравалі агонь па акопах, у якіх заселі спужаныя чырвонаармейцы. Хутка “Renault FT 17” дайшлі да ракі Ваўчанкі, аднак абрывісты бераг не дазволіў адразу фарсіраваць водную перашкоду.
Польскія жаўнеры ля захопленага бальшавіцкага браневіка, Бабруйск, 1919 г. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
Танкі развярнуліся і пачалі абстрэльваць адступаючых бальшавікоў. Адзін з танкавых узводаў усё ж знайшоў зручнае для пераправы месца, аказаўшыся на іншым беразе і пачаў флангавы абстрэл пазіцый “чырвоных”. Пры гэтым французскія танкі прарвалі пяць шэрагаў ліній калючага дроту і зрабілі праход для пяхоты. Чырвонаармейцы пачалі здавацца ў палон. Палякі працягвалі пераслед адступаючых, аднак танкі вымушаны былі спыніцца. Аказалася, што два з іх моцна пашкоджаны, а дзве другія машыны пайшлі пад ваду па самую вежу.
Польскія жаўнеры ля захопленых у баях з бальшавікікамі за Бабруйск браневікамі. С правага боку браневік "Сценька Разін", які палякі назвалі "Пазнаньчык". Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
Пакуль танкісты разбіраліся з пашкоджанымі машынамі і спрабавалі выцягнуць затопленыя танкі, польскія сапёры спрабавалі адрамантаваць мост праз Ваўчанку. Аднак тут палякаў атакавалі савецкія бронеаўтамабілі. Яны з кулямётаў абстралялі сапёраў. Палякі накіравалі да моста некалькі танкаў. Адзін з іх, пад’ехаўшы да моста, стрэліў па браневіку. Снарад трапіў дакладна ў цэль. Савецкі бронеаўтамабіль выбухнуў.
Польскія жаўнеры ля захопленага бальшавіцкага браневіка "Сценька Разін", Бабруйск, 1919 г. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
Другая машына з зоркай на борце адступіла. Хутка мост быў адрамантаваны, і “Renault FT 17” рушылі даганяць пяхоту. У 5 кіламетрах ад Бабруйска танкі вымушаны былі затрымацца ў сувязі з вычарпаннем палівам. Хутка ў размяшчэнне французаў палякі накіравалі два грузавікі з палівам і харчаваннем.
Польскі аэрастат над Бабруйскам. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
У той час, калі французскія танкісты адпачывалі, польская вайсковая група палкоўніка Брэзана наблізілася да горада, хуткім ударам захапіла чыгуначную станцыю “Бабруйск” і атакавала савецкі гарнізон у крэпасці. У атацы польскім салдатам дапамагала рота танкаў “Renault FT 17”.
Польскія жаўнеры і французскія танкісты ля танкаў "Рэно" у Бабруйску. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
Група падпалкоўніка Шылінга пасля цяжкай пераправы праз Ваўчанку прарвала бальшавіцкую лінію абароны і ўварвалася ў горад з іншага накірунку. Нарэшце, група падпалкоўніка Андэрса ўвайшла ў Бабруйск з боку фальварку Варновічы, захопліваючы чыгуначную станцыю “Бярэзіна”. Канчаткова горад аказаўся ў руках палякаў 28 жніўня 1919 года.
Бальшавіцкія вайсковапалонныя ў Бабруйскай крэпасці. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
Адступаючы ў кірунку Жлобіна і Рагачова, бальшавікі знішчылі масты, што прымусіла палякаў адмовіцца ад далейшага пераследу праціўніка. Польскія трафеі падчас баёў за Бабруйск былі значнымі: 500 ваеннапалонных, дзве гарматы, некалькі браневікоў (у тым ліку знакаміты “Сценька Разін” - І.М.), 35 чыгуначных вагонаў, шмат кулямётаў і вінтовак. Аднак у баях пад Бабруйскам і самі палякі панеслі адчувальныя страты. Падчас адной з контратак чырвонаармейцы здолелі захапіць два французскія танкі. Лёс іх экіпажаў не вядомы па сёння.
Польскія кавалерысты ля муроў Бабруйскай крэпасці. Здымак з архіва Вялікапольскага вайсковага музея
За ўдзел у баях за Бабруйск камандзір 1-га танкавага батальёну маёр Альбер Маршан, камандзір танкавай роты капітан Жан Дзюфур і камандзір узвода падпаручнік Фердынанд Браке былі ўзнагароджаны Крыжамі мужных. Пасля баёў на Бярэзіне французы ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях пад Дынабургам. Хутка пасля гэтага французскія экіпажы адбылі на радзіму, перадаўшы свае машыны палякам.
У верасні 1939-га
У 1936 г. у складзе Войска Польскага знаходзілася 174 “Renault FT 17” розных мадыфікацый. Частку ўжо даволі старых на той момант машын палякі прадалі за мяжу (у Іспанію і Кітай). На момант пачатку Другой сусветнай вайны у Войску Польскім было каля 100 французскіх танкаў “ФТ”.
Адзін з танкаў "Рэно"
Значная іх колькасць знаходзілася на ўзбраенні 2-га польскага танкавага батальёна ў Журавіцы. Гутарка ідзе пра: 111-ю роту лёгкіх танкаў пад камандаваннем капітана Багдана Гадомскага (15 машын); 112-ю роту лёгкіх танкаў пад камандаваннем паручніка Ежы Стокласа (15 танкаў); 113-ю роту лёгкіх танкаў пад камандаваннем паручніка Ежы Астроўскага (15 танкаў). Акрамя гэтага, танкі “ФТ” былі ў Перамышле, а таксама выкарыстоўваліся ў якасці бронедрызін.
Пасля таго, як тры ўзгаданыя вышэй роты лёгкіх танкаў былі цалкам адмабілізаваныя іх накіравалі праз Берасце-на-Бугу ў Варшаву, дзе яны павінны былі ўвайсці ў склад рэзерва Галоўнакамандуючага Войскам Польскім маршала Э. Рыдз-Сміглы. 9 верасня 1939 года чыгуначны эшалон са старымі французскімі танкамі трапіў пад бамбёжку люфтвафэ пад Лукавым. 111-я рота была адрэзана ад рэшты транспарта, таму было прынята рашэнне выгрузіць танкі, якія ўваходзілі ў яе склад, і накіраваць іх на пазіцыі на Поўнач, у лесе. Дзве іншыя роты вярнуліся ў Берасце-на-Бугу. Рэшта танкавага батальёна, якая знаходзілася ў Журавіцы, была накіравана ў Перамышль.
Танк "Рэно" ператвораны ў агнявую пазіцыю
12 верасня 1939 года 111-я танкавая рота ўступіла ў бой супраць падраздзяленняў нямецкай танкавай дывізіі “Кэмпф” пад Лукавам і Радзынем Падляскім. Польскі бок тады згубіў два “Renault FT 17”, аднак і нямецкія броневікі не змаглі прарвацца і адступілі. Пазней польскія экіпажы вымушаны былі кінуць свае танкі з-за адсутнасці паліва і старыя французскія машыны сталі трафеямі 3-й арміі вермахта.
А вось 30 танкаў “Renault FT 17” са складу 112-й і 113-й танкавых рот было вырашана выкарыстаць у абароне Берасцейскай крэпасці. 11 верасня 1939 года дзве танкавыя роты ўвайшлі ў склад гарнізона крэпасці на Бугу. “У нядзелю 10 верасня мы зноў уехалі на берасцейскі вакзал. Ён адрозніваўся ад таго, што мы ўбачылі за два дні да гэтага. На супрацьлеглы перон заехаў цягнік, такі сябе звычайны, з вагонамі 2 і 3 класа. Адтуль выйшла ўсяго пару чалавек. Я запытаў чыгуначніка: “Адкуль?”. “Эвакуацыйны, з Варшавы”, - пачуўся адказ. Праз сякунду доўгі сігнал паравоза і машына хуткай дапамогі ўехала на перон. Адна, потым другая і трэцяя. З цягніка пачалі выносіць чалавечыя целы, жанчын, дзяцей. Нейкая маленькая дзяўчынка з перавязанай нагой, праз бінт ужо працякла кроў. Нейкі хлопчык з цалкам перабінтаванай галавой. Што здарылася? Што такое? Нямецкі самалёт абстраляў гэты цягнік па дарозе. Знізіўся так, што лётчык заглядваў у вокны вагонаў. Відавочна, каб дакладна бачыць вынікі сваёй працы. Камандзір вярнуўся з горада: “Рота выгружаецца. Падпарадкоўваецца брыгаднаму генералу Канстанціну Плісоўскаму, камандуючаму абароны крэпасці. Абарона зараз рыхтуецца, а лінія Бугу павінна быць апошняй лініяй абароны. Будзем змагацца тут”.
Танк "Рэно"
Молаты пачалі выбіваць кліны з-пад гусеніц і колаў. Пачалі запускаць рухавікі. […] Глухі гук гусеніц, якія б’юць па камянях. Апошні парад прымалі разбітыя дамы, у якіх вокны былі забітыя дошкамі, варонкі ад бомб. […] Наш узвод атрымаў загад заняць пазіцыі на аэрадроме. Гэта было небяспечнае месца. Пазіцыі пяхоты, якія былі там, былі ўзмоцнены танкамі. […] Мы ўехалі ў горад. […]Кожную хвіліну машыны чапляліся за кут дома, ці за калодзеж. […] Мне не атрымалася выспацца ў утульным ложку. Як толькі пачало змяркацца прыйшоў загад маршыраваць у крэпасць. […] Зразумела, ніякага святла нельга было запальваць, таму, калі нашыя “кароўкі” удараліся ў хаты на вуліцах пачыналася замяшанне. […] Крэпасць была ўжо зусім блізка. Перад сценамі брама, якая, як я потым даведаўся называлася Берасцейскай брамай. Мост, на якім знаходзіцца тысяча розных відаў транспарта. […] Нічога, што “кароўкі” ужо старыя, што даўно мы павінны быць на пенсіі. Прайшлі праз браму і ўсталі роўным шэрагам пад дрэвамі, чакаючы загаду. […] Нарэшце прыйшоў доўгачаканы загад. Узвод павінен быў заняць Сапёрную браму, забарыкадаваць яе і не прапускаць нікога без пісьмовага загаду. Задача: абараняць мост на Бугу, які знаходзіцца адразу за брамай, а таксама шашу, якая вядзе на Тэрэспаль”, - узгадваў у ўспамінах камандзір узвода 112-й роты лёгкіх танкаў сяржант З. Нагурскі.
Некаторыя машыны былі ператвораны ў агнявыя кропкі, іншымі заблакавалі брамы крэпасці. “Загад я выканаў даслоўна. Тры танкі сталі адзін ля другога такім чынам, што два па баках былі пастаўлены наўскасяк. Яны былі з кулямётамі. А пасярэдзіне з гарматай. Не толькі ніхто не змог бы праехаць, але і чалавек не змог бы праціснуцца. Два іншых танкі зачынялі дзве дарогі, якія ішлі знутры крэпасці. Такім чынам, мне здавалася, я меў падрыхтаванае перадполле. Адзіная дарога, якая вяла звонку, г.зн. тэрэспальская дарога, была прыкрыта агнём двух кулямётаў і гарматы, супрацьтанкавы снарад якой лёгка прабіваў нямецкую браню. Акрамя таго, перад маімі пазіцыямі знаходзіліся іншыя польскія патрулі”, - адзначаў З. Нагурскі. Шэраг танкаў меркавалася выкарыстаць у якасці асноўнай сілы падчас контратак. Так, машыны са складу 113-й роты размеркавана ў раёне парка на Поўначы ад цытадэлі.
Апошні бой
Немцы актыўна бамбілі горад і крэпасць. “Каля 15 гадзіны завылі сірэны. Прыляцелі. Іх было шмат. На колькі ўбачыў - каля 25 машын. За імі яшчэ прыляцелі на ўласныя цэлі. Пачалася моцная кананада з крэпасці і ваколіцы. “Гуляла” напэўна некалькі дзесяткаў кулямётаў і некалькі супрацьпаветраных батарэй. […] З пікіруючага палёту, які мы спачатку прымалі за падзенне машыны, немцы зкідвалі бомбы на вуліцы, дамы, сады. Адна вялікая пасярэдзіне і дзве малыя па баках. Гэта працягвалася добрых паўгадзіны […] Ляталі зусім не высока, 1000 метраў, не вышэй”, - узгадваў сяржант З. Нагурскі.
Найбольш вядомы здымак. Нямецкія жаўнеры разглядаюць польскія танкі "Рэно" у Берасцейскай крэпасці
14 верасня 1939 года часці 10-й нямецкай танкавай дывізіі атакавалі польскі гарнізон у крэпасці на Бугу (ударную сілу нацыстаў складалі 77 танкаў). Узгаданая гітлераўская часць фарміравалася ў акупаванай нацыстамі Чэхаславакіі і мела на ўзбраенні ў асноўным трафейныя чэхаславацкія машыны. Старым “ФТ” прыйшлося вельмі цяжка. У баі супраць 2-га батальёна нямецкага 8-га танкавага палка загінула 12 танкаў “Renault FT 17” са складу 113-й польскай роты лёгкіх танкаў. Аднак немцы не толькі не прабіліся ў крэпасць, але і былі вымушаны адступіць. “У будынку на маю радасць я сустрэў паручніка Г., які, калі немцы атакавалі аэрадром, трымаў іх на колькі мог, страчваючы два танкі. Рэшту машын прывёў у крэпасць і паставіў у адной з брам”, - апісваў вераснёўскія баі сяржант З. Нагурскі. У той жа дзень танкі “Рэно”, якія ўваходзілі ў склад бронецягніка № 55 “Барташ Главацкі” удзельнічалі ў баях супраць нямецкай 3-й танкавай дывізіяй у раёне Жабінкі. Тады польскія “ФТ” атакавалі нямецкія браневікі і прымусілі нацыстаў адступіць.
Польскія "Рэно" у браме Берасцейскай крэпасці, верасень 1939 года
15 верасня 1939 г. нямецкіх пяхотнікаў сустрэлі старыя французскія танкі са складу 112-й роты, якія былі размешчаны на валах старой крэпасці. Гарматы “Пето” білі па нямецкіх танках з кароткай адлегласці і прымусілі нацыстаў адступіць. “Мы занялі абарончыя пазіцыі ў сценах старой крэпасці якая ў эпоху самалёта і танка не рабіла істотнай перашкоды. Немцы атакавалі з боку горада. Проста пайшлі па лініі найменьшага супраціу, выбіраючы шашу, якая вяла ў крэпасць. Сцены былі тоўстыя і бяспечныя, аднак кожны удар снараду, а нават недалёкія выбухі паўтараліся доўгім, бясконцым рэхам. […] Нашым гарматам адказвалі іх, іх гарматам - нашыя. Немцы спрабавалі прарвацца, стралялі доўгімі чэргамі, без адпачынку, без перадыху атакавалі крэпасць. Нашая брама і вежа пастаянна прымала новыя порцыі жалеза.
Жаўнер вермахта разглядае танк "Рэно" у браме Берасцейскай крэпасці
Гэтая танкавая дывізія, якая нас атакавала, павінна была мець моцную артылерыю. […] Пяхота, падтрыманая значнай лічбай танкаў і агнём артылерыі, пайшла ў наступ. Першыя лініі немцаў былі ўзброеныя мінамётамі, якія прыносілі вялікія страты. Дайшлі да самых валоў і тут выкананне іх задачы скончылася. Танкі засталіся ззаду. Іх апярэдзіла пяхота, якая спрабавала прабіцца праз валы без падтрымкі танкаў. Але сутыкненне з агнём нашых кулямётаў знізіла іх запал і “немчура” пасля некалькіх стрэлаў вярнулася пад крылы сваіх танкаў. Спрабавалі другі, трэці, дзесяты раз і ўвесь час атакі адбіваліся а на полі заставаліся целы забітых і параненых”, - падкрэсліваў у успамінах узгаданы вышэй камандзір узвода 112-й роты лёгкіх танкаў.
Дыярама "Апошні бой", зробленая аўтарам артыкула. Будзе прадстаўлена на адной з будучых выстаў беларускага гісторыка Ігара Мельнікава
16 верасня 1939 г. камандаванне абароны Берасцейскай крэпасці прыняло рашэнне адступіць з крэпасці. “З боку Берасцейскай брамы нехта бег, пастаянна падаючы. Гэта быў афіцэр пяхоты, якога я пазнаў перад нямецкім штурмам крэпасці. Ён паведаміў: немцы атакуюць без перапынку, кідаючы ўсё большыя сілы. Наш левы фланг перастаў існаваць, страты ў людзях вельмі вялікія. Нямецкія мінамёты засыпаюць жыўцом. Тое, што яны яшчэ не тут, звязана з іх страхам перад рукапашнай сутычкай і іх неведаннем таго, як мала сіл засталося ў абаронцаў. Правы фланг і цэнтр яшчэ трымаюцца, але баі вельмі цяжкія і крывавыя. Вораг пры кожнай спробе наступу пакідае вялікую колькасць забітых і параненых. Большасць нашых кулямётаў абслугоўваецца толькі адным жаўнерам. Тое ж самае і з гарматамі. Абараняюцца гераічна. Запытаў, чаму не накірую танкі наперад. Я ўказаў на павалены мост, які не вытрымае цяжкасці дзесяці чалавек, а што казаць пра танкі. Праз глыбокі і шырокі роў мае “кароўкі” не пройдуць. […] Загад, накіраваны камандзіру батальёна сапёраў, разбурыў нашыя надзеі, як картачны домік. Паводле загаду трэба было распачаць неадкладную эвакуацыю крэпасці па дарозе на Тэрэспаль. Мы доўга і дэталёва правяралі аўтэнтычнасць гэтага дакумента, які, на жаль, аказаўся сапраўдным”, - узгадваў З. Нагурскі.
Фрагмент дыярамы "Апошні бой", выкананай аўтарам артыкула
Падчас адступлення былі згублены апошнія танкі “Renault FT 17”. “Мы былі разбітым падраздзяленнем. […] Дзевяць танкаў рухалася наперад. Іх хуткасць была мінімальнай, а паліва яны выкарыстоўвалі шмат. […] Не прайшло і 15 хвілін як першы танк з майго ўзвода, з-за праблем з рухавіком перастаў рухацца. […] Мы рухаліся ўсю ноч, пакідаючы на дарогах “пакалечаныя трупы” танкаў. Семь з уратаваўшыхся дзевяці не здолела прайсці першага этапу марша. Два дайшлі да цэлі, якой быў лес. […] Сабраліся рэшткі абодвух рот, нашай і 113-й. Вынік трагічны. З 210 чалавек засталося некалькі дзесяткаў, сярод якіх адзін паранены. Танкаў было 30, зараз няма ўжо ні аднаго. Зброя, знятая з танкаў, паехала на выпадкова сустрэтых вазах. Адзінай нашай зброяй былі “Вісы”, - апісваў трагедыю танкістаў-абаронцаў Берасцейскай крэпасці ў верасні 1939 года сяржант З. Нагурскі. Далей экіпажы дзвух танкавых рот працягвалі баявыя дзеянні ў складзе группы палкоўніка Зелянеўскага ўжо як пяхотнікі. Пазней камандзір 112-й роты лёгкіх танкаў паручнік Вацлаў Стоклас трапіў у савецкі палон і быў растраляны НКУС у 1940 годзе ў Старабельску.
Такім быў яшчэ адзін эпізод трагічнага і гераічнага верасня 1939 года на беларускай зямлі. Пра яго варта памятаць і сучасным беларусам, бо гэта частка нашай нацыянальнай гісторыі.
Ігар Мельнікаў,
Кандыдат гістарычных навук,
Познань, Польшча
12-05-2021
Перадрукоўка магчыма толькі з выкарыстаннем спасылкі на першакрыніцу