Зусім выпадкова натрапіў на серыял BBC “Шпіёны Варшавы”, у цэнтры сюжэта якога дзейнасць французскага выведніка ў сталіцы Польшчы напярэдадні пачатку Другой Сусветнай вайны.
Дыпламатычныя прыёмы, шляхецкія балы, вуліцы варшаўскай “старуўкі” - гэта толькі фон для шпіёнскай вайны, якая ў цэнтры сюжэта гэтага фільма.
Палкоўнік французскага войска Жан-Франсуа Мерсье з’яўляецца вайсковым аташэ Амбасады Францыі ў сталіцы Другой Рэчы Паспалітай. Але фактычна ён афіцэр другога аддзела Генштаба французскага войска, які павінен сачыць за тым, што адбывецца на тэрыторыі галоўнага хаўрусніка Францыі ў усходняй Еўропе.
Германа-польская мяжа ў фільме
Французкі “Джэймс Бонд” змагаецца супраць агентаў абвера, прабіраецца на германскі бок нямецка-польскай мяжы і высвятляе, што немцы рыхтуюцца да вайны. У якой танкі будуць адыгрываць галоўную ролю.
Француз ратуе дыпламатаў з СССР, якія не жадаюць вярнуцца ў “імперыю Сталіна” і тым самым атрымлівае новых ворагаў. “Хто нас чакае? Нашыя “сябры” з гестапа?”, - пытае аташэ яго сябра. “Не, гэта рускія, з НКУС”, - адказвае Мерсье.
А яшчэ ў фільме шмат “двайных” агентаў. Гэта найбольш рэальны аспект шпіёнскай вайны 1930- гадоў. Менавіта выпадкі калі чалавек працаваў адразу на некалькі краін я сустракаю ў архіўных дакументах падчас працы над кнігай “На “мяжы цывілізацый”. Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардону ў Беларусі”.
Палякі вяртаюць у СССР "белаэмігранта"
...на якога чакаюць савецкія памежнікі
Яшчэ сёння чалавек працуе на савецкую выведку, а заўтра ён ўжо перавербаваны выведкай Корпуса аховы памежжа і ідзе праз Малыя Бакшты ў Менск каб сабраць дадзеныя пра дыслакацыю падраздзяленняў НКУС у Грушаўцы.
Дарэчы, ёсць ў фільме “Шпіёны Варшавы” і даваенная савецка-польская мяжа. Так, на кардоне польскія ўлады перадаюць бальшавікам рускага эмігранта, які пазней апынецца савецкім рэзідэнтам, які перахітрыў заходніх выведнікаў.
Сёння трэба такія фільмы паказваць у Беларусі. Канешне, гэта не дакументальная стужка, але брытанскі серыял дазваляе зразумець еўрапейскую палітычную рэчаіснасць канца 1930-х гадоў, калі Гітлер ішоў да вайны, а еўрапейцы спрабавалі стрымаць яго, ці хаця б зразумець, дзе ён нанясе свой наступны ўдар.
Заканчваецца фільм тым, што ў Парыжы даведваюцца пра тое, што падпісаны Пакт паміж СССР і Трэцім Рэйхам.
“Але толькі што саветы праводзілі перамовы з намі”, - кажа французскі афіцэр-выведнік. “Гэта подлая і цынічная тактыка, дзеля таго каб падзяліць Польшчу. Вайна непазбежная. Пытанне некалькіх дзён”, - адказвае французскі генерал.
Click to view
Карацей, паглядзіце, не пашкадуеце.
Ігар Мельнікаў,
“Гісторыя Побач”