Амэрсфорт. Забытыя чырвонаармейцы-беларусы ў Галандыі

Nov 27, 2019 14:23


Пасля маёй лекцыі ў Амбасадзе Вялікабрытаніі ў Беларусі, прысвечанай службе беларусаў у Войску Польскім падчас Другой сусветнай вайны, у брытанскае дыпрадстаўніцтва звярнуліся з Фонда “Савецкае поле славы” у Галадныі з просьбай дапамагчы знайсці сваякоў двух жаўнераў, якія паходзілі з Беларусі і знайшлі свой апошні прытулак на галандзкай зямлі.



Першая думка, якая прышла ў галаву, была звязана з аперацыяй “Макет-Гадэн”. Магчыма, чарговыя “беларускія” дэсантнікі Сасабоўскага? Аднак не, гутарка ішла пра чырвонаармейцаў. Адкуль яны там? Савецкія войскі не вызвалялі Нідэрланды ад нацыстаў. Палонныя? Так. І тут пазл пачаў складвацца.

Аказалася, ўто гутарка ішла пра зборныя савекія могілкі ў Галандыіі ў мястэчку Амэрсфорт. Яшчэ ўвосень 1941 года туды даставілі каля сотні савецкіх вайсковапалонных, ураджэнцаў Сярэдняй Азіі. Шмат з іх памерла ад хвароб, іншых растралялі нацысты.

Падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Германіі і Галандыіі знаходзілася вялікая колькасць савецкіх вайсковапалонных, якіх не толькі трымалі ў лагерах, але і выкарыстоўвалі на працах у каменаломнях у Рурскай вобласці.

Пасля капітуляцыі Германіі жаўнеры войска ЗША перавозілі целы памерлых у нямецкіх шпіталях савецкіх вайсковапалонных у Галандыю. Так, на амерыканскіх вайсковых могілках у Маргратэне апынулася больш за 900 былых жаўнераў Чырвонай Арміі.

Рабілася гэта дзеля таго, каб не адна ахвяра з боку жаўнераў войскаў-хаўруснікаў па антыгітлераўскай кааліцыі не засталася на варожай тэрыторыі.



Сярод іншых, на могілках у Маргратэне свій апошні прытулак знайшоў і ўраджэнец Бешанковічаў, Віцебскай вобласці, БССР, чырвонаармеец Карбоўскі (Карабоўскі, Коробовский) Аляксандр Сцяпанавіч (1911 г.н.). Гэты чалавек памёр 28 траўня 1945 года ў нямецкім шпіталі ў мястэчку Ліпштадт. Пазней парэшткі беларуса былі перанесеныя на савецкія могілкі ў Амэрсфорт.

Там жа, на “Савецкім полі славы”, пахаваны і ўраджэнец Магілёўскай вобласці (1910 г.н.) Хацетаў (Хотетов) Сяргей Ерамеевіч. Да вайны ён жыў у вёске Няшкоўка на Магілёўшчыне. Па дадзеных галандзкіх калег у Беларусі засталася пляменніца гэтага жаўнера - Пелагея Іванаўна Шульга.

Магчыма, нехта з маіх чытачоў ведае сваякоў гэтых людзей? Буду ўдзячны за распаўсюд гэтай інфармацыі. Давайце дапаможам гэтым жаўнерам Другой сусветнай вайны вярнуцца ў родную Беларусь!

Ігар Мельнікаў,

«Гісторыя Побач»

Хацетаў Сяргей Ерамеевіч, holland, belarus, netherlands, Беларусы ў Войску Польскім, amersfoort, korbovski, Амэрсфорт, hotetov, ihar menikau, Карбоўскі Аляксандр Сцяпанавіч, belarusians in wwii

Previous post Next post
Up