Як у 1930-м беларуская інтэлігенцыя змагалася за захаванне нацыянальнай свядомасці сярод беларусаў, жыхароў міжваеннай Латвіі.
4 кастрычніка 2019 года ў Беларусі стартуе чарговы перапіс насельніцтва. Гэта вельмі важнае мерапрыемства. Яно, у тым ліку, павінна прадэманстраваць вынікі нацыятворчых працэсаў, якія ішлі ў беларускім грамадстве ў апошні час.
Як вядома, на шляху фарміравання нацыянальнай самасвядомасці сучасных беларусаў стаіць шмат перашкод. Гэта, па-першае, “савецкая спадчына”, якой “хварэе” частка беларускага грамадства сярэдняга і старэйшага ўзросту. Па-другое, трэба ўзгадаць і барацьбу ўлады супраць “апазіцыі”, якая праяўляецца ў тым ліку, і ў насцярожанным стаўленні да просоўвання беларускай мовы і культуры. Нарэшце, адмоўным момантам з’яўляецца тое, што ў Беларусі па сёння не выпрацаваныя асноўныя пастулаты дзяржаўнай ідэалогіі. Праца над гэтым, нібы ідзе, але вынікі, на жаль, нулявыя.
Падзеі 2014 года ў Украіне паказалі, што прасоўванне “рускага свету”, барацьба за статус “ великого и могучего”, можа мець вельмі небяспечныя наступствы для постсавецкіх дзяржаў. У гэтай сувязі важнае значэнне мае працэс фарміравання нацыянальнай свядомаці жыхароў гэтых краін. І тут выключнае значэнне мае захаванне нацыянальнай мовы, культуры, гісторыі.
На працягу ўсяго ХХ стагоддзя беларусам прыходзілася змагацца за права быць народам са сваімі нацыянальнымі адметнасцямі. Асабліва гэта тычылася міжваеннага дваццацігоддзя. Тады палова нашай краіны была ў межах Другой Рэчы Паспалітай, дзе нацыянальная палітыка Варшавы ў дачыненні да нацыянальных меньшасцяў была далёка не ідэальнай.
У БССР ў 1920-я праходзіла беларусізацыя, але ў пачатку 1930-х яе бацькоў перамалолі сталінскія жорны. Шмат беларусаў у той час жыло і ў краінах Балтыі. У пачатку лютага 1930 года ў Латвіі адбыўся перапіс насельніцтва і мясцовая беларуская інтэлігенцыя з усіх сіл змагалася за захаванне нацыянальнай свядомасці суайчыннікаў.
На працягу ўсяго студзеня 1930 года ў беларускай газеце “Наша Доля”, якая выдавалася ў Даўгаўпілсе (Дзвінску) друкаваліся адозвы да мясцовых беларусаў у якіх апошніх заклікалі не паддавацца на расійскую эмігранцкую прапаганду і не запісвацца “русскими”.
У 1930-я гады ў краінах Балтыі, Польшчы, Чэхаславакіі жыло шмат так званых “белаэмігрантаў”, этнічных расіян, якія актыўна прапагандавалі ідэі “адзінай і непадзельнай”. Гістарычным парадоксам было тое, што іх галоўны вораг, бальшавікі, з 1930-х гадоў таксама актыўна праводзілі русіфікатарскую палітыку на тэрыторыі хаўрусных рэспубліках. У яе выніку, нацыянальная інтэлігенцыя Беларусі, Украіны і іншых рэспублік “ішла пад нож” ДПУ/НКУС, а ў школах і дзяржаўных установах дамінавала расійская мова.
Першая старонка беларускай газеты "Наша Доля", якая выдавалася ў Латвіі, 1930 г.
У такіх, не простых знешніх і ўнутраных умовах беларусы Латвіі змагаліся за тое, “каб народам звацца”. У адной з адозваў можна прачытаць (захавана арфаграфія арыгінала): “Перапісь гэта мае вялізарнае значэнне. Яна ўстановіць агульны лік жыхароў у Латвіі, іх заняткі, нацыянальнасць, рэлігію, асвету і г.д. Але асаблівае значэнне перапіць будзе мець для нас, беларусаў, як нацянальнай меншасці: ад таго, колькі нас будзе па перапісі будуць залежыць нашы правы, памер дзяржаўнай дапамогі на нашы сельска-гаспадарчыя, культурна-асветніцкія і іншыя патрэбы, ад нашага ліку будзе залежыць становішча і развіццё нашых школ, нашых устаноў […]. А таму кожны беларус на пытанне перапішчыка 11 лютага: “хто ты па нацыянальнасці” павінен цвёрда і смела адказаць: “я беларус” і паглядзець, каб цябе так запісалі.
Тая самая адозва 1930-га года
Ніхто не павінен з беларусаў выракацца сваёй нацыянальнасці! Памятуйце, што чалавек вырэкаючыйся і саромячыйся сваёй беларускай нацыянальнасці ёсць зраднік свайго народу! [...] Ці ты каталік, ці ты праваслаўны, ці нават стараабрадзец, але па нацыянальнасці ты ёсць беларус і такім павінен запісацца.
Не слухай, беларусе, калі табе будзе хто-небудзь будзе напеваць салодкія песьні аб тым, каб ты адрокся-бы ад сваёй нацыі і назваў-бы сябе ці “русским” ці “поляком”, ці яшчэ кім-небудзь. Ты радзіўся беларусам! Твае дзяды і прадзеды былі беларусамі! Ты гутарыш па беларуску! Ты спяваеш беларускую песню! Таму ты павінен застацца беларусам усюды, дзе бы ты не быў і хто бы цябе не запытаў”.
Як бачым, адозвы амаль 90-гадовай даўніны не страцілі актуальнасці. Сёння беларускасць у сябе на Радзіме знаходзіцца пад пагрозай. Таму падчас перапісу 2019 года кожны беларус павінен зрабіць свой уласны крок да беларускасці, да сваёй нацыянальнай мовы і культуры, карацей, зрабіць ўсё, каб захаваць самае дарагое, што ёсць сёння ў нас і за што нашыя продкі плацілі самы высокі кошт - незалежнасць Беларусі!
Спадзяюся, што гэты кароткі гістарычны экскурс прымусіць сённяшніх беларусаў узгадаць, што яны не “тутэйшыя”.
Ігар Мельнікаў,
кандыдат гістарычных навук
«Гісторыя Побач»