Интервью с Юсси Аалто. Публикация пока что на "Филе", а дальше видно будет. Хочу напомнить, что пользователи из России и Украины не могут зайти на этот сайт - в этих странах он по какой-то причине заблокирован. Есть обходные пути (через какую-то программу зайти на сайт из какой угодно точки мира, только я не знаю, как она называется)).
Вступление почти полностью передрано с моего ЖЖ, причёсано и переведено на беларусский. Мне кажется, получилось неплохо. Конечно, не получилось бы ничего без тех реальных и виртуальных друзей, которые мне помогали. Kiitos paljon!
Inspiraatio
“У свеце шмат ёсць звычайных рэчаў. Але розныя погляды здольныя зрабіць іх асаблівымі” (Nishabd)
17 мая 2016 г. у Цэнтры сучаснага мастацтва ў Мінску адкрылася выстава знакамітага фінскага фатографа Юссі Аалта. Я прыбегла з букецікам канвалій, якія купіла па дарозе ў бабусі ў пераходзе. Крыху спазнілася, бо адкрыццё пачыналася разам з заканчэннем працоўнага дня, а трэба было яшчэ даехаць. Зрэшты, прыйшла я за некалькі хвілін да аб’яўлення выставы адкрытай, бо перад гэтым выступалі арганізатары мерапрыемства. Апошні быў сам спадар Юссі - з яго прамовы мне найбольш запомнілася тое, што ён можа размаўляць пра фотамастацтва гадзінамі і што ён вельмі шчаслівы, калі бачыць, што з яго выставаў людзі сыходзяць з усмешкай на вуснах.
Выстава падзеленая на дзве залі і на некалькі тэматычных блокаў - рэпартажныя фота, партрэты, скульптура Фінляндыі, “ледзяны сад”, “сабачая” серыя ды іншыя. Мне асабліва спадабаліся абстрактныя здымкі - прыкмечаныя і захаваныя ў фотакадрах дробязі, фрагменты штодзённых рэчаў. Я такое любіла заўважаць калісьці ў студэнцкія гады, а потым куды што падзелася. Як зачараваная хадзіла я з залі ў залю, разглядаючы працы фотамастака зноў і зноў.
Раптам я зразумела, што спадар Аалта стаіць непадалёк. Асмелілася падысці, падзякаваць і падараваць спантанна свае канваліі. Потым прызналася, што яго працы даюць натхненне, і гэта была чыстая праўда! Я шмат разоў бывала на выставах розных мастакоў і ў думках падзяліла іх на дзве часткі - адныя абуджаюць бегчы і ствараць штосьці сваё, а пасля іншых сыходзіш спустошаны, бо адчуваеш, што аўтар ужо ўсё сказаў і паставіў кропку. З выставы Юссі Аалта я выйшла не толькі з усмешкай, але і з шалёным натхненнем, па дарозе дадому заўважаючы адзін за адным фрагменты, вартыя захавання. Сюжэты лезлі на кожным кроку, штурхаючыся паміж сабой. Разам з гэтым у мяне нарадзілася некалькі пытанняў да класіка фінскай фатаграфіі.
Спадар Юссі, Вы выглядаеце чалавекам добрым і адкрытым. Між тым, фінская замкнёнасць сталася ўжо легендай. Вы нетыповы фін?
Насамрэч мае сябры характарызуюць мяне як досыць спакойнага чалавека. Мне больш падабаецца слухаць іншых, а асабліва - глядзець на іх. Але часта на цырымоніях адкрыцця маіх выставаў, вось як тут, у Мінску, я адчуваю сябе шчаслівым экстравертам.
Ці заўсёды Вы знаходзіце кантакт са сваімі мадэлямі?
Думаю, калі я сур’ёзна здымаю людзей, я знаходжу з імі такі кантакт, што атрымліваюцца добрыя здымкі.
Адзін мой знаёмы мастак прынцыпова не ходзіць на мастацкія выставы, каб не перасычацца інфармацыяй, ён кажа, што чужы жывапіс перашкаджае яму засяродзіцца на сваім. А ці не баіцеся Вы наведваць фотавыставы іншых майстроў з гэтай прычыны? Ці часта атрымліваеце натхненне падчас выставаў?
Мне не перашкаджае чужая творчасць, але я наведваю досыць мала фотавыставаў, бо вельмі зрэдку бачу ў іх штосьці сапраўды цікавае і натхняльнае для мяне.
Творчасцю якіх фатографаў Вы захапляецеся?
У мяне дома ёсць каля 2000 фотаальбомаў, мае ўлюбёныя майстры ўсе спрэс “класічныя”. Гэта партрэтысты Надар, Аўгуст Зандэр, Ірвін Пэнн, Рычард Аведон і Арнольд Ньюман; майстры рэпартажу Анры Карт’е-Брэссон, Роберт Франк і Эліёт Эрвіт. Таксама падабаецца творчасць фатографаў Эжэна Атжэ, Уолкера Эванса, Эрнста Хааса, Сэбасцьяна Сальгадо і Стыва Маккарры. Іх працы з фотаальбомаў натхняюць мяне. Я маю дзесяць альбомаў Рычарда Аведона, сем - Пэнна і некалькі альбомаў Эванса. Мне даводзілася таксама наведваць іх выставы, але яны вельмі зрэдку адбываюцца ў Фінляндыі.
Я бачыла шмат фота фінскіх жанчын і зрабіла выснову, што яны не саромеюцца сваіх вонкавых недахопаў, не рэтушуюць зморшчынаў, не хаваюць няўдалыя фота. Што Вы думаеце пра гэта?
Магу тут сказаць толькі пра свае працы. Частка з іх, асабліва каляровыя фота, рабілася спантанна, і жанчыны не паспявалі як след падрыхтавацца. Калі здымкі ўзгадняюцца загадзя, фінскія кабеты як правіла наносяць макіяж, толькі, магчыма, больш стрыманы, чым у некаторых іншых краінах.
Мая сяброўка ў Вашай серыі “сабачых” фота ўгледзела, што сабакі сваімі паставамі як бы ўтвараюць пісьмёны. А ці заўважалі Вы літары ў гэтых кампазіцыях?
Я разумею, чаму яна гэта ўбачыла. Мне ўжо казалі раней, што гэтыя фота нагадваюць кітайскую каліграфію. Кітайскія іерогліфы - гэта таксама мастацтва. Падчас здымак, выбару і раздрукоўкі гэтых фота мяне цікавіла дынаміка і суадносіны чорнай і белай паверхняў, што з’яўляецца важнай часткай кампазіцыі.
А ці ёсць коцікі на вашых здымках?
“Сабачая” серыя вельмі асабістая, бо на кожным з фота наша сямейная сучачка Руза. На маіх фота няма катоў, але калі б у нас дома быў кот або некалькі, напэўна, я здымаў бы іх.
Ці глядзелі Вы фільм Мар’і Пююккё Kekkonen Tulee? У ім паказана народная любоў і трымценне перад прэзідэнтам Урха Кеканенам. А ці адчувалі Вы трымценне, калі здымалі партрэт прэзідэнта?
Не, я не глядзеў гэты фільм. А калі здымаў Кеканена, сапраўды вельмі хваляваўся.
Гэта быў фотапраект для часопісу?
Не, я здымаў для сваёй уласнай выставы (як і партрэты іншых прэзідэнтаў пазней). Канечне, я і ўявіць не мог, што праз трыццаць гадоў гэты здымак зробіцца культавым.
Ці шмат Вы слухаеце музыкі? Якая музыка Вам падабаецца?
Не, музыкі слухаю зусім няшмат. Я жыву на ўскрайку парку, у кватэры амаль увесь час адчыненыя вокны і мне ў асноўным даводзіцца слухаць галасы птушак і дзяцей. Музыка мне падабаецца розная - як лёгкая, так і сур’ёзная. З лёгкага - слухаю музыку 50-х ці 60-70-х гадоў.
Што Вы думаеце пра спрашчэнне і абясцэньванне мастацтва фатаграфіі ў наш час, калі кожны фатаграфуе і выкладвае ўсё запар, не выбіраючы, у сацыяльныя сеткі? Як ставіцеся да сэлфі і фота на тэлефон?
Мяне ніяк не трывожыць той факт, што людзі сёння шмат здымаюць. Мала таго, я лічу, што сэлфі - гэта даволі весела. А добрыя здымкі заўжды востра вылучаюцца з кучы слабых і кепскіх.
Якая эпоха цікавей - лічбавая ці аналагавая?
Аналагавая эпоха была вельмі цікавай. Але і лічбавая цікавая не менш. Добрае фота - гэта добрае фота, незалежна ад таго, якім спосабам яно было зроблена.
Рэтраспектыўная фотавыстава Юссі Аалта прадоўжыцца да 11 чэрвеня 2016 г.
Вольга Муская