Nov 21, 2010 20:27
Святыня пачынае існаваць не з таго часу, калі былі завершаны апошнія працы, а з моманту кансэкрацыі, для касцёла Св. Сымона і Алены, гэта 21 лістапада 1910 года. Сёння Чырвоны касцёл адзначыў 100 год свайго існавання. Урачыстая імша, якая доўжылася амаль тры гадзіны, спевы, малітвы, казанне Тадэвуша Кандрусевіча, як заўсёды эмацыйнае і кранальнае, віншаванні і добрыя словы. Гэта несамавітае перажыванне глядзець на касцёл з вышыні, слухаць цудоўны спеў і думаць аб тым, што адчувалі людзі тады, 100 год таму, калі ў Менску асвячалі новы касцёл. Сёння ён быў хіба такі ж урачысты, толькі больш дасведчаны, 100 гадоў не прайшлі без следу, тысячы людзей з таго часу ўзносілі да Бога тут свае просьбы, малітвы, гэта павінна было паўплываць.
Хто б што не казаў пра Чырвоны, але гэты касцёл я люблю, сувязь з ім існуе амаль з самага пераезда ў Менск, дзякуючы нядзельнай школе я так прызвычаілася да штонядзельных імшаў, што цяпер дзень без наведвання храма, нейкі не такі, менш радасны. Я люблю бываць у Чырвоным па вечарах, тады ён становіцца больш таямнічым і велічным, свет гуляе з ценню, а чалавек можа застацца сам насам з Богам, гэта часам вельмі патрэбна.
Нядаўна зразумела, што фатаграфій святыні ў мяне не так і многа, бо Касцёл Св. Сымона і Алены - для мяне такі ж звычайны як родны дом :) У мяне і праўда ўзнікае ўражанне вяртання, калі я пасля вандровак чарговы раз прыходжу на імшу :)
Plurimos annos спяваў сёння хор, спадзяюся што святыня адзначыць яшчэ не адзін такі юбілей!
Чырвоны касцёл,
Касцёл Св. Сымона і Св. Алены,
Менск,
касцёл,
вера