ЯНКА САДОЎСКІ (15.02.1926 - 10.06.1982), навуковец, гісторык, мовазнаўца. Паходзіў са Стоўпцаў (сёньня Менская вобл.). Падчас нямецкай акупацыі браў удзел у нацыянальна-культурным руху на Стаўпеччыне. Пасьля Другой сусьветнай вайны апынуўся ў Вялікабрытаніі. Сябра ЗБВБ ад 08.12.1946. У 1948 г. прыняты кандыдатам у ордэн марыянаў, а ў 1949 г. з блаславеньня а. Часлава Сіповіча выехаў у Рым, дзе пасьля навіцыяту пачаў рыхтавацца да сьвятарства. У 1953 г. выйшаў з марыянскага закону і з дапамогай біскупа Слосканса пачаў навучаньне ў Францускай калегіі ў Рыме. 17 сьнежня 1955 г. атрымаў сьвятарскія сьвячэньні і далей працягнуў навучаньне. У 1961 г. на загад а. Часлава Сіповіча вярнуўся ў Лёндан дапамагаць у працы Беларускай каталіцкай місіі і кіраваць інтэрнатам Сьв. Кірылы. Аднак праз два месяцы працы ў інтэрнаце адмовіўся ад сьвятарства і выехаў у Канаду. Выкладаў расейскую мову й літаратуру ў Куінскім унівэрсытэце (штат Антарыё). Аўтар манаграфіі Byelorussians in Canada (1982).