Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 3 лютага. Уладзімір Шнэк

Feb 04, 2013 01:54

Уладзімір Шнэк (псэўд. Случанскі, 23.03.1927-3.02.1995), пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў Менску ў сям’і вайскоўца Сьцяпана Шнэка. Вучыўся ў Менскай афіцэрскай школе БКА. Па сканчэньні Другой Сусьветнай вайны апынуўся ў лягерах ДП ў Нямеччыне. У Ватэнштэце вучыўся ў беларускай гімназіі й актыўна ўдзельнічаў у скаўтынгу, надрукаваў першае апавяданьне ў лягерным часопісе пад псэўдонімам Уладзімер Случанскі. З 1950 г. - у Аўстраліі. У 1958-1961 гг. завочна вучыўся у Мастацкім Інстытуце ў Мэльбурне, сябра Згуртаваньня Мастакоў у Вікторыі. У 1969-1972 гг. скончыў Каралеўскі Інстытут Тэхналёгіі ў Мэльбурне й дастаў дыплём мэханічнага чарцёжніка. Хутка па прыезьдзе ў Аўстралію далучыўся да беларускай грамады ў Мэльбурне, стаў сябрам Аддзелу Беларускага Аб’еднаньня ў Вікторыі, ўзначаліў скаўцкі “Зьвяз імя Ўсяслава Чарадзея”. Шмат займаўся літаратурнай дзейнасьцю, выдрукаваў у 1958-1960 гг. гістарычную аповесьць “Драбы”, а таксама ўласным коштам выдаў паэму Лявона Случаніна “Рагнеда”. Сябра Беларускага Вызвольнага Фронту, займаў розныя пасады ў гэтай арганізацыі ў Аўстраліі, выдаваў часопіс “На варце” як ворган Краёвага Штабу БВФ, і гумарыстычны дадатак “Ёрш”. Ад 1982 г. ў ранзе маёра БКА стаў кіраўніком Краёвага Штабу БВФ, а ў 1986 г. ужо як палкоўнік вызначаны заступнікам начальніка Галоўнага Штабу БВФ. Падрыхтаваў і выдаў альбом “Беларуская Краёвая абарона” (1984). Удзельнічаў у Канфэрэнцыях Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі ў Тайпэі (1987, 1989), 10-м Пленуме БЦР (1988). Ад 1990 г. - сакратар ўправы БЦК ў Вікторыі. Удзельнік Першага Зьезду Беларусаў Сьвету ў Менску.


каляндар, асобы, эміграцыя

Previous post Next post
Up