2020-ты

Dec 28, 2020 23:24

2020-ты быў годам і складаным, і плённым, годам парушаных і нечакана ўзніклых планаў, часам жывёльнага страху за блізкіх, расчараванняў і надзеяў (але надзеяў, па выніках, усё ж хіба болей). Вагалася, ці пісаць сёлета традыцыйную справаздачу, але ўсё ж наважылася, бо ёсць каму і сёлета казаць дзякуй.



Кнігі

1. “Запісы БІНіМ” № 41, Нью-Ёрк-Менск, 2019. Хоць год і стаяў на гэтым “Канадыйскім” выпуску папярэдні, але свет яны пабачылі на пачатку 2020-га і сталі вынікам вялікай працы, у тым ліку і з дзясятка аўтараў, якім я дзякую за іх тэксты. Мне здаецца, атрымаўся цікавы нумар, які рабіўся з ўвагай на маю будучую кнігу пра беларусаў Канады.



2. Вітаўт Кіпель “Беларусы ў ЗША” (3-е выданне). Мінск, 2020. Зноў больш як 600-старонкавы фаліянт. Дапоўнены, сярод іншага, маім вялікім біяграфічным нарысам пра аўтара і вялікай колькасцю ілюстрацый, ды іменным і геаграфічным паказнікамі немалых памераў. Невялікі наклад пераважна скіраваны на бібліятэкі і навуковыя інстытуцыі. Электронная версія будзе ў вольным доступе.



3. Вітаўт Тумаш “Выбранае”. Мінск, 2020. Кніга, ідэя якой нарадзілася амаль пяць гадоў таму, але рэалізавалася толькі цяпер і не ў поўным аб’ёме. Вельмі радая, што мы змаглі выдаць гэтую кнігу, нібыта выканалі ўскладзены самімі на сябе абавязак у дачыненні да доўгагадовага старшыні БІНіМу, аднаго з неацэненых эміграцыйных навукоўцаў.



4. “Мікола Равенскі”. Мінск, 2020. Самая хуткая нашая кніга. Народжаная пратэстамі. На пачатку году яе не было ў планах зусім. А тут вось нават у пяцёрку Радыё Свабода ўвайшла J

Акрамя таго, ужо другі год працягваецца праца на нашым вялікім могілкава-некраложным двухтамовікам. У могілкавым альбоме-даведніку, здаецца, дайшла да сярэдзіны планаванага зместу. У змакетаваным варыянце каля 300 старонак. Напэўна, будзе яшчэ столькі ж.

Цягам году паўсталі ідэі з пяці новых кніг, якія сёння знаходзяцца ў рознай ступені рэалізаванасці (ніводная не засталася на ўзроўні ідэі - усе ў працы), і ўжо сфарміраваны змест новага выпуску “Запісаў”. Усё гэта, спадзяюся, выйдзе ў наступным годзе.

У рэалізацыі нашых выдавецкіх праектаў я найперш і найбольш удзячная майму сябру і суаўтару, чалавеку, які мяне падтрымоўвае ва ўсім - Лявону Юрэвічу. Без яго супрацы не было б бадай ніводнага з сённяшніх і будучых выданняў. Таксама дзякую за заўсёдную падтрымку дырэктару БІНіМу Вітаўту Кіпелю, ягоныя словы ўдзячнасці, парады і дапамога - вялікая каштоўнасць для мяне.

Удзячная таксама ўсім тым арганізацыям і прыватным асобам, хто дапамагае нам у працы з нашымі кнігамі.

Іншая актыўнасцьЗ паездкамі ў гэтым годзе не надта склалася. Адбылося толькі доўгачаканае канадыйска-амерыканскае падарожжа ў сакавіку, што стала незабыўным не толькі праз выдатную прэзентацыю “Запісаў” у Таронта,


спатканні з знаёмымі і незнаёмымі канадыйскімі беларусамі ды праходкі па горадзе  ў Таронта


і Атаве,


але і праз пачатак пандэміі з адпаведнымі карантынна-транспартнымі прыгодамі.
Тым не менш, я вельмі ўдзячная канадыйскім беларусаў за гасціннасць і дапамогу. Сем’і Кавалёвых, Шаўчэнкаў, Мурзёнкаў, Шамецькаў, спадарыні Алена Лявончанка, Ірына Тоўсцік, Галіна Туміловіч і іншыя - усім вялікі дзякуй за спатканні, размовы, цеплыню і падтрымку.

Па-за тым традыцыйна было некалькі канферэнцый (больш анлайн), большыя і меншыя артыкулы, рэцэнзаванне некаторых выданняў, разабраныя ў архіве фонды Вітаўта Тумаша і Антона Адамовіча. Радая, што вярнулася да своеасаблівага календара да гісторыі эміграцыі, гэтым разам у фармаце Фэйсбуку. Ёсць адчуванне, што гэта цікава не толькі мне.

Зразумела, былі хваробы (не толькі свае) і год я заканчваю ў горшым стане, чым пачынала. Але хочацца верыць, што ўсё гэта часова. Удзячная ўсім блізкім і калегам за падрымку.

І безумоўна год стаў для мяне часам з’яўлення вялікага гонару за нас, беларусаў, адчування неверагоднай салідарнасці і радасці, што магу быць часцінкаю гэтага ўсяго. Нягледзячы на адначасовы боль і расчараванні, усё яшчэ жыве надзея на перамогу, на перамены да лепшага.



Таму маё галоўнае навагодняе пажаданне нам усім:
У новым годзе - у Вольнай Беларусі!
Няхай нашая краіна вызваліцца ад ілжы, злосці, нянавісці, несправядлівасці, глупства і гвалту!
Няхай у ёй запануюць святло, дабрыня, цеплыня, розум, спагада, праўда і справядлівасць! І няхай гэта будзе краіна, дзе патрэбна тое, што я раблю…

кнігі, жыццё

Previous post
Up