Leave a comment

guralyuk October 29 2007, 23:29:56 UTC
Падпольны фронт

Некаторыя крыніцы сьведчаць пра тое, што Вінцэнт Гадлеўскі падчас нямецкай акупацыі кіраваў падпольнай арганізацыяй “Беларускі Народны Фронт” (БНФ). Упершыню пра гэтую арганізацыю напісаў у красавіку 1946-га ў эміграцыйным часопісе “Ruch” (“Рух”) Станіслаў Станкевіч. Па ягонай вэрсіі, “Кс. В. Гадлеўскі, Генэральны Школьны Інспэктар Беларусі, потым расстраляны нямецкім Гэстапо, быў закладчыкам і правадыром “Беларускага Народнага Фронту” - вельмі пашыранай супроцьнямецкай нелегальнай арганізацыі. Гэтая арганізацыя аб'ядноўвала вялікі круг беларускай інтэлігэнцыі, і шляхам вуснае прапаганды выясьняла ўсю шкоднасьць нямецкае палітыкі. Яна інсьпіравала ўсе выступленьні беларускіх легальных дзейнікаў у абароне беларускага народу. Гэтак, напрыклад, зь яе ініцыятывы на зьезьдзе кіраўнікоў Беларускай Народнай Самапомачы ў Менску 21.8.1943 (насамрэч, гэтая падзея адбылася ў сакавіку 1943 году - С. Ё.) неспадзявана для немцаў і пастаўленага імі шэфа гэтае арганізацыі было зложана дамаганьне злучэньня ўсіх беларускіх этнаграфічных земляў і прызнаньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі” (Каранеўскі Я. [Станіслаў Станкевіч] Пад гнётам нямецкага фашызму // “Ruch” (у мэтах кансьпірацыі месцам выданьня пададзена “Італія”, насамрэч - Зах. Нямеччына), 1946, № 1, красавік).

Пацьвярджае гэтую інфармацыю і Гіпаліт Паланевіч, які падчас нямецкай акупацыі працаваў настаўнікам у Менску: “Кс. В. Гадлеўскі адначасна із школьнай дзейнасьцю, а часта й пры ейнай дапамозе, вёў арганізацыйную працуў нелегальнай беларускай нацыянальнай антыфашысцкай і антыкамуністычнай арганізацыі “Беларускі Народны Фронт” (Няміга Г. [Гіпаліт Паланевіч].Беларускае школьніцтва пад нямецкай акупацыяй Беларусі ў вайну 1941-1944 гг. // Запісы БІНіМ (Нью-Ёрк), 1989, №19, б. 108).

Усевалад Родзька ў сваіх паказаньнях у турме дзяржбясьпекі (на сёньняшні дзень апублікаваныя толькі ўрыўкі зь іх) згадвае, што падчас нямецкай акупацыі акрамя Беларускай Незалежніцкай Партыі і Арганізацыі Беларускіх Нацыяналістаў яшчэ існаваў Беларускі Цэнтральны Фронт на чале з Вінцэнтам Гадлеўскім (Соловьев А. Белорусская центральная рада: создание, деятельность, крах. Менск, 1995, б. 91).

Спынімся таксама на артыкуле А. Пякарскага “Сумная гадавіна (Да дзесятай гадавіны арышту й расстрэлу ксяндза Вінцэнтага Гадлеўскага)”, надрукаванага ў газэце “Бацькаўшчына” 25 сьнежня 1952 году. Пякарскі піша: “Дзякуючы свайму становішчу, ён (Гадлеўскі - С. Ё.) меў беспасярэдні кантакт зь беларускай школьнай моладзьдзю й настаўнікамі, што былопатрэбным для зарганізаваньня беларускага руху супраціву. Такія [с]еткі супраціву ўзрасталі й множыліся. Увапошнія месяцы свайго жыцьця ксёндз Гадлеўскі… поўнасьцю аддаецца тады тайнай дзейнасьці сярод беларускіх патрыётаў, раскрываючы перад імізлачынныя антынародныя мэты гітлераўскага акупанта й пераконваючы абнеабходнасьці быць стойкімі й непахіснымі ў змаганьні. Ён у прыватных гутарках і нарадах зь беларусамі стараўся ўзмацняць іхны патрыятызм і пераконваць аб неабходнасьці самаабароны перад нямецкім вынішчэньнем. Гэтая ягоная нацыянальна-патрыятычная дзейнасьць гарманічна вязалася здзейнасьцю рэлігійнай”.

Адным з кіраўнікоў нацыянальнага антынацыскага падпольля называе Гадлеўскага П. Рагач у сваім “Кароткім аглядзе гісторыі Беларусі” (Кліўленд-Нью-Ёрк-Талін, 1990, б. 86).

Reply


Leave a comment

Up