Блiжэйшы Тузін Unplugged: Dali і Vinsent

Jun 14, 2011 23:04


У трэцім канцэрце з сэрыі «Тузін.Unplugged» 16 чэрвеня выступіць гурт Dali на чале зь Віктарам Рудэнкам і рэпер Vinsent з жывым складам музыкаў. Кожны з выступоўцаў рыхтуе экслюзіўны сэт. Dali пакажуць праграму, якую рыхтуюцца прэзэнтаваць у Маскве, а каманда Вінсэнта рыхтуе акустычныя варыянты ўжо вядомых песень, аранжароўкі некаторых зь іх зьменяцца карэнным чынам.

Песьні Вінсэнта добравядомыя наведнікам «Тузіна Гітоў». Рэпер дэбютаваў у чарце на пачатку 2008 году з трэкам « Менск-Парыж», заявіўшы, што зьбіраецца зьмяніць стан справаў у беларускім рэпе. Яго наступны гіт «Адыходзяць караблі» займеў сур’ёзны посьпех, трэк двойчы ўзьняўся на першую прыступку гіт-параду. За гэты час Вінсэнт запісаў і прэзэнтаваў дэбютны альбом «Пачатак», зладзіў першы фэстываль беларускамоўнага рэпа, а потым зьдзівіў усіх, заявіўшы пра свой жывы праект. Вінсэнт з гуртом загучаў ды яшчэ як - яго сольны канцэрт у «Рэактары» выклікаў немалы розгалас. На канцэрце «Тузін.Unplugged» 16 чэрвеня Вінсэнт разам з сваімі музыкамі прадставіць адмысловую праграму: «Мы падрыхтуем акустычныя варыянты ўжо вядомых песень. У некаторых аранжыроўкі значна зьменяцца. Для мяне і музыкаў гэта будзе цікавым досьведам. Будзем рабіць эксперымэнты з гукам», - заяўляе выканаўца.

Другія выступоўцы - гурт Dali таксама могуць пахваліцца сваёй арыгінальнасьцю. Яны дэбютавалі на «Тузіне Гітоў» на інтэрнэт-адборы да фэсту «Басовішча» у 2005 годзе і вылучыліся сярод астатніх сваёй пазытыўнасьцю і нестандартнасьцю. Усе наўкол мэтал граюць ды пра гаротную старонку пяюць, а тут раптам - «Грай гармон». На «Басовішча» Dali так і не трапілі, ад таго, відаць, вырашылі паспрабаваць свае сілы ў адборышчы на «Эўравізію». Некалькі год запар яны падавалі заяву, але ў фінальную стадыю адбору трапілі толькі ў Польшчы. У 2009 годзе Dali рэальна прэтэндаваў на тое, каб прадставіць гэту краіну на эўрапейскім фэсьце. Не хапіла зусім трошкі, затое музыкі паказаліся ў эфіры польскага тэлебачаньня і даказалі сабе і людзям, што няма нічога немагчымага. На «Тузін.Unplugged» 16 чэрвеня гурт рыхтуе акустычную праграму, якую неўзабаве прэзэнтуе ў Маскве. Уяўленьне пра жывое гучаньне Dali можна скласьці паводле песьні «Пахне чабор», якая брала ўдзел у чарце на «Тузіне Гітоў».

Па традыцыі весьці імпрэзу будзе лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка, нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў», якая ідзе на хвалях «Радыё Рацыя».

Канцэрт «Тузін. Unplugged» падтрымлівае грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі».

Канцэрт пачнецца ў 19.00 16 чэрвеня ў менскім клюбе graffiti_by.

Сайт клюба: http://www.graffiti.by
http://twitter.com/graffiti_by
http://facebook.com/graffiti.by
http://vk.com/graffiti_by

Iнфа: +375 (29/33) 638-4444
ICQ: 53107353 / Skype&Google: diskoteq

афиша

Previous post Next post
Up